Стала вядома, што выкананы сьмяротны прысуд Ігару Гершанкову, які 21 ліпеня 2017 году быў асуджаны ў справе «чорных рыелтараў» да сьмяротнага пакараньня, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Пасьля таго, як стала вядома пра выкананьне сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да другога асуджанага ў справе Сямёна Беражнога, маці Ігара Гершанкова паведаміла праваабаронцу Андрэю Палуду, што ўжо месяц не атрымлівала лістоў ад сына і хутка чакае спатканьня зь ім, але сытуацыя да канца невядомая.
Раніцай 28 лістапада маці Гершанкова спрабавала высьветліць лёс сына ў СІЗА на Валадарскага і ў Вярхоўным судзе, а днём атрымала пацьверджаньне ў Магілёўскім абласным судзе, што «прысуд прыведзены ў выкананьне».
За што асудзілі Гершанкова?
Паводле сьледзтва, чацьвёра «чорных рыэлтараў» з Магілёва цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры яміны, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і мелі цяжкае матэрыяльнае становішча.
Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году асудзіў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на сьмяротнае пакараньне, прызнаўшы іх вінаватымі:
- у забойстве 6 чалавек;
- у падрыхтоўцы забойства яшчэ траіх;
- у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганьне, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).
Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама:
- жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
- жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.
Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.
Сёлета Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальныя звароты Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога і накіраваў Беларусі запыт аб прыняцьці часовых мераў да вынясеньня Камітэтам канчатковага рашэньня. Праваабаронцы спадзяваліся, што ўлады Беларусі прыпыняць выкананьне сьмяротнага пакараньня да разгляду звароту.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).