Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім адказаў на пытаньне, ці трэба было ўкраінскім маракам падчас атакі расейскіх сілаў ля Керчанскай пратокі ўжыць зброю ў адказ.
Ігар Кізім перакананы, што акурат гэтага расейцы і чакалі, каб пачаць маштабныя ваенныя дзеяньні.
«Расея хацела паўтарыць апэрацыю ў Цхінвалі 10-гадовай даўнасьці, калі Міхаіла Саакашвілі фактычна справакавалі пачаць баявыя дзеяньня. Чым гэта скончылася, усе мы ведаем, — кажа амбасадар. — Каб прагучала хоць пара стрэлаў, думаю, зьляцелася б уся ваенная авіяцыя Краснадарскага краю ды затапіла б нашы караблі. Адназначна чакалі правакацыі».
Амбасадар расказаў, што тры ўкраінскія судны ад пачатку суправаджалі восем расейскіх караблёў і два сучасныя верталёты баявой авіяцыі Ка-52.
«Яны цягам 5 хвілін паднялі б авіяцыю і разбамбілі ўсё дашчэнту. А галоўнае, скарыстаўшыся момантам, маглі напасьці на іншую тэрыторыю», — кажа Кізім.
Да таго ж, перакананы амбасадар, украінскія караблі фізычна не маглі нанесьці істотнай шкоды больш магутным суднам расейскага флёту, якія прыкрываліся з паветра. Таму марскі бой быў бы прайграны.
«Украінскія судны ўзброеныя ня так, як расейскія, — кажа ён. — Самая вялікая аўтаматычная гармата — калібру 12,7, верталётная, якая ня ў стане прабіць браню карабля. Гэта першае. Па-другое, задзейнічаны спэцназ ФСБ Расеі, значыць, захоп сплянаваны. Знаходжаньне на борце падразьдзяленьня спэцназу ня можа быць выпадковым, калі толькі ў часе канкрэтнай апэрацыі.
У нядзелю здарылася тое, што ўжо не прыкрывалася залёнымі чалавечкамі ці сэпаратыстамі: вайсковыя караблі пад сьцягамі ВМФ Расеі напалі на караблі пад сьцягамі Ўкраіны. Згодна з марскім правам, карабель — гэта тэрыторыя дзяржавы, якую ён прадстаўляе. Што можна расцэньваць як прамую агрэсію супраць украінскай тэрыторыі».
Напярэдадні ФСБ Расеі апублікавала відэазапісы трох допытаў украінскіх маракоў з караблёў, якія расейскія ўлады затрымалі ў нядзелю ў Керчанскай пратоцы. Затрыманыя расказалі, што чулі папярэджаньні аб парушэньні дзяржаўнай мяжы пры заходзе ў «тэрытарыяльныя воды Расеі».
У Кіеве заявілі, што ўкраінскія маракі далі такія паказаньні пад фізычным і псыхалягічным ціскам. Камандаваньне ВМС Украіны гаворыць, што з разуменьнем ставіцца да так званых «сьведчаньняў» экіпажу, паколькі мэтады працы спэцслужбаў Расеі ні для кога не зьяўляюцца сакрэтам.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.