Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Пуцін адмовіўся абмяркоўваць канфлікт у Керчанскай пратоцы


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што ўначы з 25 на 26 лістапада спрабаваў зьвязацца па тэлефоне з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць сытуацыю з захопам украінскіх караблёў і маракоў у Керчанскай пратоцы.

«Я замаўляў размову з кіраўніком Расеі, але нам там і не адказалі, таму я быў вымушаны зьвярнуцца да канцлера Нямеччыны Мэркэль, каб яна зьвязалася з Пуціным для тэрміновага вызваленьня ўкраінскіх воінаў і ўкраінскіх караблёў», — паведаміў Пятро Парашэнка сёньня ў інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам.

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што міжнародная супольнасьць падтрымае Ўкраіну. Паводле яго, аб гэтым сьведчаць шэраг ягоных перамоў з кіраўніцтвам краін Эўразьвязу і Дзяржаўным сакратаром ЗША, якія выступаюць за дээскаляцыю канфлікту і заклікаюць да вызваленьня маракоў.

«Вось гэта і ёсьць фактар павагі да Ўкраіны. Мы ня проста абмеркавалі, але і атрымалі моцныя сыгналы аб падтрыманьні пазыцыі Ўкраіны ва ўсім сьвеце», — дадаў Пятро Парашэнка.

Сёньня амэрыканскае зьнешнепалітычнае ведамства распаўсюдзіла заяву Дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа — ён заклікаў прэзыдэнтаў Украіны і Расеі пачаць прамыя перамовы, каб вырашыць крызіс, які ўтварыўся ў Керчанскай пратоцы.

У той жа час у дакумэнце адзначалася, што ЗША асуджаюць «агрэсіўныя дзеяньні Расеі» і патрабуюць, каб Масква вярнула Кіеву затрыманыя суда і вайскоўцаў, а таксама паважала сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Генэральны сакратар NATO Ёнс Столтэнбэрг таксама заклікаў Расею неадкладна вызваліць затрыманых у Керчанскай пратоцы ўкраінскіх вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG