Вярхоўная Рада Ўкраіны папярэдне ўхваліла праект закону аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю, якія прадугледжваюць стратэгічны курс краіны на паўнавартаснае сяброўства ў Паўночнаатлянтычным альянсе (NATO) і Эўразьвязе. Унясеньне такіх зьменаў не патрабуе правядзеньня ўсеўкраінскага рэфэрэндуму па гэтых пытаньнях.
Сёньня Канстытуцыйны Суд Украіны абнародаваў пазытыўнае заключэньне па выніках разгляду адпаведнага законапраекту, ініцыяванага прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам і папярэдне, у верасьні, падтрыманага дэпутатамі парлямэнту. У сувязі з рашэньнем Канстытуцыйнага Суду кіраўнік дзяржавы зьвярнуўся да Вярхоўнай Рады з просьбай тэрмінова разгледзець і ўхваліць закон.
Для гэтага парлямэнтары перапынілі працэс разгляду пакета законапраектаў, неабходных для ўхваленьня дзяржаўнага бюджэту на 2019 год.
Стратэгічны курс краіны на паўнавартаснае сяброўства ў Паўночнаатлянтычным альянсе і Эўразьвязе падтрымалі 311 з 351 народных дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі дэпутатаў.
«Ніводная дзяржава, якая ня ёсьць сябрам NATO, ня мае сёньня такіх блізкіх дачыненьняў з альянсам, як Украіна. Гэта таксама дзякуючы людзям, якія пяць гадоў таму пачалі Рэвалюцыю годнасьці», — заявіў Пятро Парашэнка, які прыехаў у парлямэнт, калі пачалося абмеркаваньне законапраекту.
Прэзыдэнт Украіны перакананы, што замацаваньне ў Канстытуцыі курсу на Эўразьвяз і NATO ёсьць «дадатковай гарантыяй ад магчымага рэваншу прарасейскіх, антынатаўскіх і антыэўрапейскіх сіл».
«Пагрозу такога рэваншу не хачу перабольшваць, але таксама заклікаю яе не ігнараваць і не недаацэньваць», — заявіў Пятро Парашэнка.
На наступнай сэсіі парлямэнту, у лютым, згодна з украінскім заканадаўствам, зьмены ў Канстытуцыю мусяць патрымаць 300 парлямэнтароў — канстытуцыйная большасьць ад складу Вярхоўнай Рады.
Старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій назваў ухваленьне закону сымбалічным, паколькі выніковае галасаваньне адбылося ў дзень пятай гадавіны пачатку Рэвалюцыі годнасьці.
Адначасова з Канстытуцыі Ўкраіны выключана палажэньне, якое прадугледжвае магчымасьць выкарыстаньня вайсковых баз на тэрыторыі Ўкраіны для часовага знаходжаньня замежных вайсковых фармаваньняў на ўмовах арэнды ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі.