24-25 лістапада ў Слуцку і ваколіцах заплянаваны шэраг імпрэзаў у гонар падзеяў Слуцкага збройнага чыну 1920 году. Праз гэта мясцовым футбалістам давядзецца гуляць хатні матч у Бабруйску.
Як паведамляла Свабода, Слуцкі гарвыканкам дазволіў правядзеньне шэсьця і мітынгу 24 лістапада. У гэты ж дзень у мясцовым Доме культуры пройдзе канцэрт, прысьвечаны Дню Герояў. На ім выступіць шэраг музычных гуртоў, хэдлайнэрам будзе Лявон Вольскі.
На 24 лістапада календаром Беларускай фэдэрацыі футболу быў заплянаваны матч чэмпіянату Беларусі паміж «Слуцкам» і «Іслаччу», якая прадстаўляе Менскі раён. Аднак нечакана для заўзятараў гульню перанесьлі ў Бабруйск. Як гаворыцца на сайце футбольнага клюбу, у сувязі з «магчымымі неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я». Гэтай жа вэрсіі ў прэсавай службе трымаюцца і сёньня.
Мясцовыя аматары футболу зьвяртаюць увагу на тое, што падобны графік існуе шмат гадоў і ніколі ўмовы надвор’я не станавіліся падставай да пераносу сустрэч.
Сапраўдная прычына, яе мяркуе слуцкая актывістка Аліна Нагорная, у іншым — раённыя ўлады вырашылі «разьвесьці» футбол і палітыку. Каб людзі пад нацыянальнай сымболікай не заміналі спартовай дзеі, футбалістаў на гэты час вырашылі вывезьці далей.
Афіцыйных камэнтароў са Слуцкага гарвыканкаму няма: там Свабодзе сказалі, што ня маюць дачыненьня да спраў футбольнага клюбу.
Слуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстаньне — спроба абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, аказвалі супраціў савецкім войскам.