Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі выступіць на канцэрце да ўгодкаў Слуцкага паўстаньня


Мітынг у памяць пра Слуцкі збройны чын, 2017 год
Мітынг у памяць пра Слуцкі збройны чын, 2017 год

Гэта будзе першы канцэрт, прысьвечаны Дню Герояў, які афіцыйна пройдзе ў Доме культуры Слуцку.

У суботу 24 лістапада а 14-й гадзіне ў раённым Доме культуры з сольнай акустычнай праграмай выступіць Лявон Вольскі. Акрамя яго, на сцэну таксама выйдуць менскі гурт ZANZIBAR, салігорскі калектыў «Харачакра», паэт Андрэй Хадановіч.

Музыкі ZANZIBAR, сярод іншых, выканаюць песьню «Вятры», напісаную паводле паэмы расстралянага ў верасьні 1937 году паэта Сяргея Астрэйкі, нараджэнца Случчыны.

Арганізатарамі імпрэзы — прадстаўнікі шэрагу незалежных ініцыятываў і арганізацыяў: «Дзея», «Часовая Рада Случчыны», «Будзьма», «Умовы для мовы». Інфармацыйны партнэр — слуцкая газета «Інфа-Кур’ер». Уваход на канцэрт бясплатны.

«Наша мэта — зрабіць сьвята для жыхароў Слуцку і на высокім узроўні адсьвяткаваць Дзень Герояў, — адзначыла арганізатарка канцэрту, заснавальніца і сябра Рады грамадзкага руху „Дзея“ Аліна Нагорная. — Слуцкае паўстаньне — гэта выбітная старонка гісторыі ня толькі Слуцку, а ўсёй краіны. Дзень Герояў, 27 лістапада, штогод сьвяткуюць беларусы па ўсім сьвеце. У Нямеччыне ёсьць помнік слуцкім паўстанцам, у Канадзе — аднайменны дом адпачынку. У Слуцку, на жаль, тым гістарычным падзеям належная ўвага не надавалася».

Раней Слуцкі гарвыканкам дазволіў шэсьце і мітынг на гарадзкім стадыёне ў памяць пра антысавецкае паўстаньне 1920 году.

Слуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстаньне — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG