Менскі спартовы клюб «Волат» заявіў пра забарону наведваць свае залі «асобам нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі», ад камэнтароў адмовіўся. Пытаемся ў юрыста, ці законная такая забарона.
У абвестцы на старонцы клюбу «ЎКантакце» пішуць, што ў залі «забаронены ўваход алькаголікам і наркаманам, а таксама асобам нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі і любым асобам, якія маюць вопратку і атрыбутыку, што прапагандуе вышэй названыя дэструктыўныя паводзіны (лісты марыхуаны, рэкляма алькаголю, вясёлкавыя сьцягі і г.д.)».
Праваабаронца, юрыст, спэцыяліст у пытаньнях дыскрымінацыі Сяргей Драздоўскі адзначае ў камэнтары Свабодзе, што спартовыя клюбы могуць забараніць людзям наведваньне хіба паводле мэдычных паказаньняў, але звычайна прынята «дзейнічаць ад супярэчнага»: просяць даведку з паліклінікі, што чалавеку можна займацца спортам, што няма захворваньняў, небясьпечных для самога чалавека і для навакольных.
«Нават тут узьнікаюць вялікія пытаньні, — кажа юрыст. — Ёсьць заканадаўчыя абмежаваньні для заняткаў асобаў з асаблівымі відамі інваліднасьці ў дзіцячых і юнацкіх школах. Але што да прыватных заляў — абмежаваньні па здароўі на іхным уласным сумленьні. Калі чалавек прыходзіць зь нейкім парушэньнем здароўя, пры якім пэрсанал ня ў стане зь ім працаваць, то, напэўна, яны маюць права абмежаваць сябе, каб не нанесьці шкоды чалавеку. Гэта рацыянальна».
Але зь іншымі абмежаваньнямі, кажа Драздоўскі, ён проста не сутыкаўся. Ідэю забароны празь «нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю» ён называе «дзіўнай», «глупствам».
Юрыст разважае: людзей проста так немагчыма ідэнтыфікаваць паводле сэксуальнай арыентацыі, рэлігіі або палітычных поглядаў, «на лобе гэта не напісана».
Абмежаваньні можна было б прыдумаць паводле дрэс-коду, але якраз дрэс-коды ў Беларусі забароненыя, як, дарэчы, і фэйс-кантроль.
Калі заля рэклямуе сябе як адкрытая для ўсіх («Волат» робіць менавіта так на сайце — забарона на «нетрадыцыйную арыентацыю» ёсьць толькі ў адным запісе «ЎКантакце»), то адмова ў абслугоўваньні без абгрунтаванай падставы — гэта парушэньне ўмоваў прадстаўленьня паслугі, дадае Драздоўскі.
У Беларусі няма асобнага закону супраць дыскрымінацыі, але адмову прадстаўляць паслугі ЛГБТ-людзям Драздоўскі называе супярэчнай Канстытуцыі.
Калі некага насамрэч ня пусьцяць у залю на такой падставе, ён рэкамэндуе зьвяртацца ў пракуратуру, каб атрымаць ацэнку сытуацыі, або ў суд. Юрыст дадае, што гатовы дапамагчы пацярпелым ад такой забароны, калі яны ёсьць.
* * *
Артыкул 396 Грамадзянскага кодэксу Беларусі пастанаўляе, што камэрцыйная арганізацыя ня мае права адмовіць у заключэньні публічнай дамовы пры наяўнасьці магчымасьці аказаньня паслугі, ня можа аддаваць перавагу адной асобе перад іншай пры заключэньні публічнай дамовы без прадугледжаных заканадаўствам прычын. Пры неабгрунтаваным ухіленьні ад заключэньня публічнай дамовы той бок, якому адмовілі, можа зьвярнуцца ў суд з патрабаваньнем аб прымусе заключыць дамову і кампэнсаваць страты.
Артыкул 22 Канстытуцыі дэкляруе роўнасьць людзей перад законам і права на абарону правоў і законных інтарэсаў без усялякай дыскрымінацыі. Артыкул 23 дазваляе абмяжоўваць правы і свабоды толькі ў выпадках, прадугледжаных законам.
У выпадках, калі наўмыснае парушэньне або абмежаваньне правоў і свабодаў грамадзянаў паводле полу, нацыянальнасьці, мовы, паходжаньня, рэлігіі, перакананьняў і іншага прывяло да «істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам», артыкул 190 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае пакараньне ад штрафу да пазбаўленьня волі на тэрмін да 2 гадоў з магчымым пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю.