Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 пытаньняў аб правах чалавека, на якія ў Жэнэве не адказалі прадстаўнікі беларускіх уладаў


Ілюстрацыйнае фота. АМАП разганяў людзей на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. АМАП разганяў людзей на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году

9 кастрычніка ў Жэнэве на сэсіі Камітэту правоў чалавека ААН завяршылася абмеркаваньне дакладу беларускага ўраду пра сытуацыю ў краіне ў галіне правоў чалавека.

Беларусь упершыню за 20 гадоў прадставіла ў КПЧ ААН справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека. Паралельна 12 праваабарончых арганізацый Беларусі прадставілі ў КПЧ свой, альтэрнатыўны даклад, які шмат у чым супярэчыць афіцыйнаму.

8 і 9 кастрычніка абодва даклады абмяркоўваліся на сэсіі КПЧ ААН у Жэнэве. Праваабаронцы адстойвалі свой погляд на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі 8 кастрычніка, а наступнага дня чарга дайшла да чальцоў урадавай дэлегацыі. Свабода адсачыла, як яны адказвалі на пытаньні сябраў КПЧ ААН, на якія пытаньні адказалі, а якія праігнаравалі.

30 пытаньняў да беларускіх чыноўнікаў

Дыскусія цягнулася амаль тры гадзіны. 7 сябраў КПЧ ААН задалі беларускай дэлегацыі больш за 30 пытаньняў, на якія адказвалі амбасадар Беларусі ў Жэнэве Юры Амбразевіч і прадстаўнікі 8 ведамстваў — міністэрстваў юстыцыі, аховы здароўя, унутраных спраў, інфармацыі, замежных спраў, Генпракуратуры, Вярхоўнага суду і Сьледчага камітэту. Пасьля іхніх адказаў сябры КПЧ ААН скарысталіся правам на рэплікі і назвалі пытаньні, на якія так і не атрымалі адказаў.

Пытаньні без адказу

— Чаму ўсё ж так і не змаглі атрымаць дзяржаўнай рэгістрацыі шэраг праваабарончых грамадзкіх арганізацый, сярод іх праваабарончы цэнтар «Вясна» і арганізацыя абароны правоў ЛГБТ-супольнасьці «Лямбда»?

(Раней падчас дыскусіі прадстаўніца Міністэрства юстыцыі запэўнівала ўдзельнікаў сэсіі КПЧ, што ў Беларусі няма перашкод у рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, а ёсьць патрабаваньні, якім трэба адпавядаць, і пералічаныя дакумэнты, якія трэба прадставіць. Гэты пералік у 2019 годзе будзе скарочаны да мінімуму, запэўніла чыноўніца.)

— Чаму ў 2017 годзе падчас разгону Дня Волі масава затрымлівалі журналістаў і праваабаронцаў?

(Раней прадстаўніца Сьледчага камітэту заявіла сябрам КПЧ ААН, што ў Беларусі крымінальнае заканадаўства і Адміністрацыйны кодэкс скіраваныя не на асобаў з пэўнымі палітычнымі поглядамі, а на злачынцаў і парушальнікаў грамадзкага парадку.)

— Як была выкананая сьмяротная кара адносна асуджанага на сьмерць Аляксея Міхалені, ці не была яна выканана тайна, бо афіцыйна пра яе не інфармавалі?

(Тэму сьмяротнага пакараньня ў Беларусі закранаў у сваім выступе амбасадар Юры Амбразевіч. Ён спаслаўся на вынікі рэфэрэндуму 1996 году, які ўхваліў такую меру пакараньня. Ад абмеркаваньня індывідуальных спраў і скаргаў беларусаў у КПЧ ААН спадар Амбразевіч устрымаўся.)

— Чаму адбываліся масавыя прэвэнтыўныя затрыманьні падчас хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску ў 2014 годзе?

(Прадстаўніца Сьледчага камітэту абмежавалася заявай, што ў беларускім законе няма «прэвэнтыўных затрыманьняў», а ёсьць толькі прэвэнтыўныя гутаркі і папярэджаньні).

— Чаму быў асуджаны на зьняволеньне грамадзкі актывіст Дзьмітры Паліенка, які браў удзел у акцыі за правы раварыстаў?

(Амбасадар Юры Амбразевіч заявіў на сэсіі, што ў Беларусі няма палітычных вязьняў.)

— Чаму ў 2016 годзе была пазбаўленая віду на жыхарства ў Беларусі праваабаронца Алена Танкачова, якая ўсяго толькі кіравала аўтамабілем і перавысіла хуткасьць?

— Чаму ў Беларусі сьвятарам-замежнікам забаронена без асобнага дазволу весьці рэлігійнае служэньне?

— Калі будзе распрацаваны і прыняты закон аб забароне катаваньняў?

— Чаму з 2000 году ў Беларусі не зарэгістравалі ніводнай палітычнай партыі?

— Чаму перасьледуюцца незалежныя прафсаюзы, у прыватнасьці РЭП?

​Пасьля завяршэньня дыскусіі сьпікер сэсіі зьвярнуўся да беларускай дэлегацыі з просьбай даць пісьмовыя адказы на пытаньні, на якія тая не адказала вусна.

Выступаючы на сэсіі КПЧ ААН, амбасадар Беларусі Юры Амбразевіч зьняпраўдзіў меркаваньне, што Беларусь не супрацоўнічае з Камітэтам правоў чалавека. Пры гэтым амбасадар заявіў, што Беларусь па-ранейшаму не прызнае паўнамоцтваў адмысловага дакладчыка па Беларусі і не зьбіраецца зь ім супрацоўнічаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG