Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамонт помніка Калініну ў Менску ацанілі ў 134 тысячы рублёў. Як палова помніка карове


Рамонт помніка Калініну ў Менску, 14 лістапада 2018 году
Рамонт помніка Калініну ў Менску, 14 лістапада 2018 году

«Парнік» для Калініна як трохпакаёвая кватэра ў Менску. Або як паўкаровы — праўда, на тую карову быў «дабраахвотна-прымусовы краўдфандынг».

Беларускі журналіст Віталь Зыблюк зьвярнуў увагу на тэндэры на рамонт менскага помніка савецкаму дзеячу Міхаілу Калініну – рамонт ацанілі ў 134 066 рублі.​

Сапраўды, на афіцыйных сайтах знаходзяцца такія тэндэры, ды ўсе яны скасаваныя. Ці нейкі тэндэр адбыўся пасьпяхова і таемна, ці работы пачалі бяз тэндэру, невядома.

Рамонт помніка Калініну ў Менску, 14 лістапада 2018 году
Рамонт помніка Калініну ў Менску, 14 лістапада 2018 году

Але нейкія работы сапраўды ідуць: вакол пастамэнта ўзьвялі канструкцыю, якую параўноўвае зь цяпліцай ня толькі Зыблюк.

Журналіст параўнаў цану на рамонт помніка Калініну з усталёўкай новага помніка Тадэвушу Касьцюшку, на які самі беларусы без удзелу ўладаў «скінуліся» праз інтэрнэт. Рамонт Калініну ацанілі ў пяць Касьцюшак.

Можна палічыць і ў кватэрах — за амаль тую ж суму можна купіць трохпакаёвую кватэру ў Менску (звычайна – плошчай каля 60 м²), у тым ліку недалёка ад мэтро або ў межах «другога кальца».

Але гэта ня самы дарагі тэндэр на помнікі. Так, стварэньне бронзавага помніка карове ля Камароўскага рынку ацанілі ў 274 787 рублёў і 56 капеек, яшчэ ў 15 тысячаў рублёў ацанілі карэктаваньне праектнай дакумэнтацыі.

Раней тэлеграм-канал «РБ головного мозга» і газэта «Наша ніва» сьцьвярджалі, што здабылі распараджэньне Міністэрства сельскай гаспадаркі «Аб прыцягненьні фінансавых сродкаў» — начальству абласных выканкамаў і Менгарвыканкаму загадалі «забясьпечыць прыцягненьне фінансавых сродкаў» на гэты помнік.

Ідэю помніка карове агучыў у 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка, на яго ж рашэньне спасылаліся ў лісьце.

Міхаіл Калінін — расейскі рэвалюцыянэр і савецкі партыйны дзяяч, які займаў пасады старшыні Цэнтральнага выканаўчага камітэту Савецкай Расеі (1919-1938) і старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага савету СССР (1938-1946). Падпісаў пастанову, якая забясьпечыла законнасьць палітычных рэпрэсіяў праз паскораны разгляд «расстрэльных» справаў без удзелу абвінавачанага і бяз права на апэляцыю. Паводле гэтага закону асудзілі ў тым ліку ягоную жонку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG