Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Магілёў — адзіны абласны цэнтар, дзе не паказваюць «Багемную рапсодыю»


Кадар зь фільму «Багемная рапсодыя»
Кадар зь фільму «Багемная рапсодыя»

Магілёў — адзіны абласны цэнтар краіны, у якім не паказваюць фільм «Багемная рапсодыя». Каб пабачыць стужку пра культавы рок-гурт Queen і яго лідэра Фрэдзі Мэрк'юры, гледачы едуць у суседнія вобласьці і ў Менск. Свабода даведалася, у чым прычына.

«300–400 чалавек сходзіць, і ўсё на гэтым»

Дырэктарка магілёўскага «Кінавідэапракату» Ірына Дарафеева лічыць «Багемную рапсодыю» спэцыфічным фільмам: «Гэта не для падлеткаў».

«Той, хто пойдзе на „Дэдпул“, на „Багемную рапсодыю“ можа і не пайсьці», — мяркуе яна.

Паводле Дарафеевай, каб акупіўся фільм, на яго павінны схадзіць тысячы чалавек. Але такой аўдыторыі для «Багемнай рапсодыі» яна не чакае.

«Магчыма, так, частка, якая цікавіцца, 300–400 чалавек, сходзіць — і ўсё. Але на гэтым ніколі не адпрацуеш фільм».

Тым ня менш, зважаючы на шматлікія просьбы магілёўцаў, яна ня выключыла, што фільм з суботы пачнуць паказваць у адным з кінатэатраў — «хаця б і на страту для прадпрыемства».

«Буду спадзявацца, што будуць ламіцца туды», — сказала Дарафеева.

У іншых абласьцях паказ стужкі субсыдуюць, мяркуе яна і адзначае, што магілёўскі кінавідэапракат «ня мае субсыдый, толькі ўласныя сродкі».

Ірына Дарафеева кажа, што магілёўскія пракатчыкі вядуць актыўныя перамовы, «каб кінакампанія скінула цану».

«Непасільную фінансавую паставілі задачу, — кажа яна. — Перамовы вядзём. Гэта пакупны фільм, ні на якія іншыя ўмовы кінакампанія не ідзе, толькі купля. А яна вельмі дарагая».

Дыстрыб’ютар: У нас умовы для ўсіх стандартныя

У маскоўскім прадстаўніцтве кампаніі «Дваццаты Век Фокс СНД» Свабодзе сказалі, што магілёўскія кінапракатчыкі да іх не зьвярталіся.

«Умовы стандартныя, — кажа мэнэджар пракату. — Нічога незвычайнага па гэтым фільме не было. Відаць, зь нейкіх прычын кінатэатар не захацеў ставіць гэты фільм у сваю сетку, у свой рэпэртуар. І гэтае пытаньне лепш задаць ім».

Просьбы з Магілёва зьменшыць кошт пракату не было, — дадала прадстаўніца «Дваццаты Век Фокс СНД».

Віцебскія ж пракатчыкі сказалі Свабодзе, што задаволеныя колькасьцю гледачоў «Багемнай рапсодыі». У аршанскім кінатэатры «Перамога», куды езьдзяць і з Магілёва, фільм пасьля пачатку паказаў перавялі ў залю на 200 крэслаў, бо ў меншай усім ахвотным месцаў не хапала.

У Менску «Багемная рапсодыя» стала самым касавым фільмам пракату мінулага тыдня, сабраўшы 150,7 тысячы рублёў, паведаміў Tut.by са спасылкай на УП «Кінавідэапракат».

Паводле найбуйнейшай у сьвеце базы фільмаў IMDb, стужка ўжо трапіла ў сьпіс 250 фільмаў з самым высокім рэйтынгам. Гэтая ацэнка адлюстроўвае меркаваньне карыстальнікаў сайту.

Абноўлена. 16 лістапада магілёўская тэлерадыёкампанія паведаміла, што фільм «Багемная рапсодыя» ўсё-такі выйдзе ў пракат. З 22 лістапада да 26 сьнежня яго можна будзе паглядзець у кінатэатры «Ветразь» у адным з спальных раёнаў Магілёва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG