Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адзначаць Дзень пісьменьніка ў няволі


Алег Сянцоў, архіўнае фота
Алег Сянцоў, архіўнае фота

15 лістапада ў Менску бясплатна пакажуць фільм пра справу ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, зьняволенага ў Расеі.

Беларускі ПЭН-цэнтар адзначыць міжнародны Дзень пісьменьніка ў няволі.

Ад 1981 году 15 лістапада Міжнародны ПЭН зьвяртаецца з заклікам палепшыць становішча пісьменьнікаў, якія зазнаюць пагрозы, напады і часам нават сьмерць проста за права на свабоду выказваньня.

Сёлета зьвяртаюць увагу на забойства ў 2017 годзе мэксыканскай журналісткі Міраславы Брыч Вэлдусэа, на лёсы зьняволеных журналістаў з Эрытрэі, Эгіпту і Банглядэшу, а таксама зьняволенага ў Расеі ўкраінскага пісьменьніка і рэжысэра Алега Сянцова.

Пры падтрымцы амбасады Ўкраіны беларускі ПЭН-цэнтар пакажа 15 лістапада а 19-й гадзіне ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску (вул.Старавіленская 51) фільм «Працэс» Аскольда Курава, прысьвечаны справе Сянцова.

Каб трапіць на паказ, трэба падаць заяўку на адрас info@pen-centre.by.​ Уваход па запрашэньнях. З сабой неабходна мець пашпарт.

Справу Сянцова ў ПЭН-цэнтры называюць несправядлівай, кажуць, што яна грунтуецца на ілжывым абвінавачваньні, разглядалася груба і азмрочаная катаваньнямі. У зьняволеньні Сянцоў перажыў 145 дзён галадоўкі — і спыніў яе пад пагрозай прымусовага кармленьня. Падчас паказу можна будзе падпісаць паштоўку Сянцову і паслухаць аповед пра тое, як правільна пісаць лісты зьняволеным.

Шэраг беларускіх пісьменьнікаў — у тым ліку сяброў ПЭН-цэнтру — таксама былі ў зьняволеньні. У іх ліку Алесь Бяляцкі, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута і іншыя.

Сам ПЭН-цэнтар супольна з Радыё Свабода ад 2013 году выдае літаратурную прэмію імя Францішка Аляхновіча — за творы, напісаныя за кратамі. Штораз на прэмію прэтэндуе далёка не адзін чалавек. Ляўрэатамі прэміі 2017 году сталі Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка. Прыём заявак на прэмію 2018 году пачаўся 1 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG