Год таму кіраўнік Чачні абяцаў сысьці ў чачэнскую сацсетку Mylistory. Пытаньнем «разбану» ў амэрыканскіх сетках займаўся ў тым ліку «Роскомнадзор».
Сацыяльная сетка Instagram заблякавала акаўнт @za_kadyrov_95 — старонку кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Прычыны блякаваньня на гэты раз не называюцца. Акаўнт быў заведзены ў ліпені, на яго былі падпісаныя 1,3 млн чалавек. Сьцьвярджалася, нібы гэта была не асабістая, а «фанацкая» старонка палітыка.
Гэта ня першы раз, калі інстаграм Кадырава блякавалі. 23 сьнежня 2017 году Instagram і Facebook заблякавалі акаўнты Кадырава праз тое, што ён трапіў пад санкцыі ЗША ў межах «сьпісу Магніцкага» за парушэньні правоў чалавека ў Чачні, катаваньні і забойствы без суду. Гэта значыць, што амэрыканскім кампаніям нельга было супрацоўнічаць з Кадыравым.
На акаўнты было падпісана каля 3 млн чалавек, яны вяліся даволі актыўна. Пытаньнем «разбану» займаўся ў тым ліку «Роскомнадзор».
Заходнія СМІ заўважылі акаўнты «брутальнага тырана і зоркі Instagram».
Пасьля блякаваньня на Facebook і Instagram Кадыраў перайшоў на створаную ў Чачні сацсетку Mylistory — «клон» Instagram са старым інтэрфэйсам. За Кадыравым пайшлі ўсе чачэнскія дэпутаты і старшыня парлямэнту. Шараговыя карыстальнікі, праўда, сумняваліся, ці варта карыстацца чачэнскай праграмай і даваць ёй доступ да сваіх фота і лякацыі.
Кадыраў тым часам працягвае карыстацца сацсеткай «УКантакце» і мэсэнджэрам Telegram, дзе вядзе свой канал. Таксама, мяркуючы па паведамленьнях праваабаронцаў, ён працягвае дапускаць парушэньні правоў чалавека, катаваньні і забойствы ў Чачні.