Паводле ідэі, майнэры зь некалькіх краін ЭАЭС аб’яднаюць вылічальныя магутнасьці для здабычы крыптавалюты, а потым падзеляць яе, заплаціўшы падаткі ў бюджэт Чачні.
У лік запрошаных увяходзяць майнэры з Расеі, Армэніі, Беларусі, Казахстану і Кіргізстану.
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і прэзыдэнт Расейскай асацыяцыі крыптаіндустрыі і блокчэйну (РАКіБ) Юрый Прыпачкін дамовіліся аб стварэньні ў Чачні Эўразійскага майнінгавага пулу, паведамляе РБК са спасылкай на прадстаўніка асацыяцыі. Стварэньне пулу пацьвердзіў і прэсавы сакратар кіраўніка Чачні Альва Карымаў.
Пул будзе зарэгістраваны ў Чачні, у прававой прасторы ЭАЭС, што, паводле сьцьвярджэньня яго арганізатараў, дазволіць зэканоміць на камісіі замежным пасярэднікам. Падаткі зь яго пойдуць у бюджэт рэгіёну.
РАКіБ сьцьвярджае, што патэнцыйны эфэкт ад запуску праекту на тэрыторыі Чачні павялічыць падатковыя даходы рэспублікі больш чым на 10% у год.
Праект, паводле ўладаў рэспублікі, павінен стаць першым этапам рэалізацыі праграмы «КрыптаЧечня», які ў Грозным прасоўваюць зь лютага 2018 году. Тады Рамзан Кадыраў абвясьціў што зацікавіўся крыптавалютамі і набыў біткоіны.
Тады ж Кадыраў паведаміў на старонцы ў Telegram, што ў Чачні праводзіцца экспэрымэнт: будзе ўкараняцца тэхналёгія разьмеркаванага рэестра ў маніторынгу інфармацыі аб рэгістрацыі аб’ектаў нерухомасьці.
Аналагічныя ініцыятывы па развіцці майнинга ўжо некалькі гадоў спрабуюць развіваць і ўлады Беларусі.