Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньне па «справе БелТА» прад’явілі журналістцы БелаПАН

абноўлена

Тацяна Каравянкова пасьля вызваленьня
Тацяна Каравянкова пасьля вызваленьня

Журналістцы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяне Каравянковай 6 лістапада прадʼявілі абвінавачаньне па «справе БелТА», піша БелаПАН.

У чым абвінавачваюць?

Несанкцыянаваны доступ да кампутэрнай інфармацыі, зьдзейсьнены з карысьлівай ці асабістай зацікаўленасьці.

Паводле Каравянковай, ёй выставілі для кампэнсацыі суму, якая «не перавышае 5000 рублёў». З журналісткі ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах.

Абвінавачаньні фігурантам «справы БелТА» пачалі прадʼяўляць 5 кастрычніка. Журналістаў парталу Tut.by абвінавачваюць у несанкцыянаваным доступе да кампутэрнай інфармацыі БелТА. Сума нанесенай шкоды розная ў кожным з выпадкаў і вагаецца ад 3000 да 14 230 рублёў.

Галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну выклікалі ў Сьледчы камітэт на 8 лістапада.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Будзе абноўлена

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG