Галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына 28 верасьня адмовілася даваць далейшыя паказаньні ў справе БелТА падчас допыту ў цэнтральным апараце Сьледчага камітэту, піша БелаПАН.
Леўшына патлумачыла, што ўсе тлумачэньні ў справе яна дала падчас першых двух допытаў.
«Пасьля таго як стала вядома пра мэтады, якія прымяняла сьледзтва ў дачыненьні да асобных фігурантаў справы, я прыняла рашэньне зьвесьці да мінімуму свае кантакты са Сьледчым камітэтам», — пракамэнтавала сваё рашэньне Леўшына.
Рэдактар фінансавага аддзелу Tut.by Дзьмітры Бобрык 25 верасьня распавёў, што падпісаў у Сьледчым камітэце дакумэнт «пра супрацоўніцтва». Журналіст сьцьвярджае, што яму і ягоным блізкім пагражалі. У Сьледчым камітэце заяву Бобрыка назвалі «небыліцай».
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.