Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сваё 15-годзьдзе музычны партал TuzinFM дасьць прэмію «Героі году»


Афіша прэміі, фрагмэнт
Афіша прэміі, фрагмэнт

«Тузіну гітоў» стане на тры гады больш за тузін гадоў. 12 сьнежня абяцаюць канцэрт-цырымонію «зь сюрпрызамі».

У менскай прасторы Lo-Fi Customs, што на вуліцы Кастрычніцкай, 16/3, увечары 12 сьнежня пройдзе цырымонія ўручэньня музычнай прэміі «Героі году» і «канцэрт зь сюрпрызамі». Квіткі ўжо зьявіліся ў продажы ў інтэрнэце па цэнах ад 10 рублёў.

Музыкаў узнагароджвае музычны партал «Тузін гітоў» (Tuzinfm.by), які ў дзень канцэрту адзначыць сваё 15-годзьдзе. З 2003 году партал ладзіць гіт-парад беларускай музыкі. Акрамя штогадовай прэміі «Героі году», што ладзіцца ад 2007 году, партал мае яшчэ цэлы шэраг праектаў. Сярод іх праект кавэраў «Тузін.Перазагрузка», кінапраект «Тузін.Немаўля», «Радыё Тузін», рэгулярны конкурс «Засьпявай», мэмарыяльны мультымэдыйны праект «(Не)расстраляныя» і музычную тэлеперадачу «Belsat Music Live», якую вядзе заснавальнік сайту Сяргей Будкін.

Пакуль вядомыя толькі прэтэндэнты ў намінацыі «Адкрыцьцё году»: D.Jaza, Nürnberg, Раман Волазьнеў, «Няміга», Dee Tree і Loudscage. Намінанты на «Найлепшы гурт» будуць названыя на наступным тыдні. Пераможцы ў гэтых намінацыях будуць названыя на сайце Tuzinfm.by 1 сьнежня. Таксама ўзнагароджваць будуць за «Песьню году», «Альбом году» і «Кліп году».

У розныя часы «Адкрыцьцём году» на прэміі называлі Паліну Рэспубліку, праекты Hurma, Leibonik, Paulinn, Intelligency, Mikita, а найлепшымі выканаўцамі году абвяшчаліся Akute, Re1ikt, Dzieciuki, «Крамбамбуля», Vuraj і TonqiXod.

Пераможцы сёлетняга конкурсу зайграюць на канцэрце 12 сьнежня. Але арганізатары абяцаюць таксама нейкія «сюрпрызы» на канцэрце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG