Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зрабіць верш песьняй за 3 гадзіны. Конкурс маладых музыкаў «Засьпявай» пачаў прыём заявак


Конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай-5» пачаў прыём заявак на ўдзел.

Да 21 кастрычніка музыкі ва ўзросьце ад 16 да 30 гадоў могуць выслаць запіс песьні на верш аднаго зь ляўрэатаў прэміі «Дэбют», каб пазмагацца за грашовы прыз у 1500 рублёў, студыйны запіс і іншыя ўзнагароды.

Высланыя кампазыцыі разглядзіць журы з арганізатараў і экспэртаў-музыкаў, пасьля адукацыйнай сэсіі паўфіналістаў пройдзе жывое праслухоўваньне ўдзельнікаў, будуць выбраныя тры фіналісты, якія атрымаюць магчымасьць студыйнага запісу песьні і выступяць ужывую ў фінале, на адной сцэне зь вядомымі выканаўцамі.

Арганізатары конкурсу — музычны партал Tuzinfm.by і фонд «Вяртаньне» — зрабілі для патэнцыйных канкурсантаў сьціслую «відэаінструкцыю» аб тым, як ператвараць вершы ў песьні. У якасьці прыкладу ўзялі верш «Музыка» Анатоля Сербантовіча, на які музыкі Re1ikt, Leibonik і Palina стварылі зусім розныя кампазыцыі.

Сяргей Будкін, архіўнае фота
Сяргей Будкін, архіўнае фота

Як кажа Свабодзе заснавальнік «Тузіну гітоў» Сяргей Будкін, «Засьпявай» — гэта адна з рэдкіх магчымасьцяў для маладых беларускіх музыкаў паказаць сябе, расказаць пра сябе і адначасова нечаму навучыцца.

«„Засьпявай“ пашырыўся ад проста конкурсу маладых выканаўцаў да сапраўднай адукацыйнай плятформы, — кажа Будкін. — Будуць праводзіцца майстар-клясы, заняткі ў студыі, заняткі вакалам, унікальныя лекцыі, якіх нідзе больш няма — па гісторыі сучаснай беларускай паэзіі і музыцы ў кантэксьце сусьветнай.

Натуральна, гэта і магчымасьць для нас як для арганізатараў спалучыць гэтыя два сусьветы, якія практычна не перасякаюцца: беларуская сучасная музыка — тыя людзі, якія хочуць сьпяваць, іграць, расказваць пра сябе — і сучасная беларуская паэзія — творы, якія заўважаюцца і адзначаюцца на прэміях, але не даходзяць да аднагодкаў-музыкаў, што таксама займаюцца творчасьцю».

Арганізатар адзначае, што выканаўцы атрымліваюць ня толькі прызы, прапісаныя ў рэглямэнце (грошы, студыйны запіс, выступ зь вядомымі музыкамі, дапамога ў арганізацыі сольнага канцэрту), але і магчымасьць «засьвяціцца» на «Тузіне» і рэсурсах інфармацыйных партнэраў. Каб зразумець, што гэта дае, кажа Будкін, дастаткова паглядзець на сьпіс папярэдніх пераможцаў: Naviband, Paulinn, Віталь Варанко, Helious...

Чаму толькі на вершы паэтаў з прэміі «Дэбют»?

Сяргей Будкін разважае, што ад абмежаваньня выбару тэкстаў для песень толькі вершамі з прэміі «Дэбют» могуць быць нэгатыўныя камэнтары — маўляў, звужаюць выбар.

«Але практыка папярэдніх гадоў паказвае, што так мы дамо, наадварот, багацейшы выбар, чым той, што можа знайсьці з нуля чалавек, не абазнаны ў беларускай паэзіі», — кажа ён.

Ідэя ня ў тым, каб «папіярыць» прэмію, а ў тым, каб даць сьпевакам пачытаць самых цікавых паэтаў апошніх гадоў, дадае ён. Мінулыя разы, калі ў конкурсе прапаноўвалі сьпевакам шукаць вершы самастойна, творы сучасных маладых паэтаў «не знаходзіліся»: зьвярталіся ці да вершаў са школьнай праграмы, ці да вершаў «ня вельмі добрай якасьці», знойдзеных недзе ў інтэрнэце, ці да ўласных вершаў і твораў сяброў.

«Нават у парадку азнаямленьня гэта можа прынесьці нейкую карысьць, — адзначае Будкін. — А вершы там ёсьць на любы густ, ад простых да складаных, нават да тых, якія ўжо пяяліся самімі аўтарамі. Сярод пераможцаў прэміі „Дэбют“ ёсьць і музыкі — можна паслухаць, як яны гучаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG