Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу 24 кастрычніка прыбыў у Менск на перамовы зь беларускім міністрам абароны Андрэем Раўковым. Яны зацьвердзілі задуму супольных вучэньняў «Шчыт Саюзу», якія маюць прайсьці ў Расеі ў 2019 годзе.
Як перадае ТАСС словы Сяргея Шайгу, вучэньні будуць мець «выключна абарончы характар» і перадусім маюць «прадэманстраваць нашую агульную рашучасьць і здольнасьць адстойваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць дзьвюх дзяржаваў».
Андрэй Раўкоў жа заявіў, што Беларусь і Расея «прытрымліваюцца адных ацэнак выклікаў і пагрозаў рэгіянальнай бясьпецы».
Назва і ідэя ня новыя. Але ці будзе новая «Вяйшнорыя»?
Калі і дзе менавіта пройдуць вучэньні «Шчыт Саюзу — 2019», пакуль не паведамляецца, таксама як пакуль не раскрываюцца маштабы вучэньняў. Вядома толькі, што на тэрыторыі Расеі.
Вучэньні пад такой назвай ужо праходзілі некалькі разоў.
Першы раз «Шчыт Саюзу» праводзілі ў 2006 годзе ў Берасьцейскай вобласьці Беларусі з удзелам 8800 чалавек (зь якіх 1800 былі расейскімі вайскоўцамі). У 2009-м вучэньні былі ў Беларусі і Расеі пад рознымі назвамі — «Шчытом Саюзу» называлі расейскую частку, а беларуская звалася «Захад-2009» (у беларускай частцы ўдзельнічалі 12,5 тысячы чалавек, зь якіх палова была расейцамі).
Наступны «Шчыт Саюзу» адбыўся ў 2011 годзе — бяз «Захаду» і толькі ў Расеі (7 тысяч чалавек з Расеі, 5 тысяч зь Беларусі). Вучэньні пад назвай «Шчыт Саюзу» паўтарыліся ў Расеі ў 2015 годзе (8 тысяч чалавек, зь якіх беларусаў было каля 1300).
Вучэньні «Захад» праходзілі ў Беларусі і Расеі таксама ў 2013-м (12 тысяч расейцаў і 10 тысяч беларусаў) і 2017 гадах (13 тысяч чалавек, зь якіх каля 10 тысяч — беларусы).
Апошнія вучэньні выклікалі занепакоенасьць суседзяў Беларусі (акрамя Расеі, зь якой яны праходзілі): іх разглядалі і як адпрацоўку апэрацыі супраць краінаў NATO, і як пагрозу беларускай незалежнасьці. Адным з самых частых пытаньняў было тое, ці выведуць расейцы свае войскі зь Беларусі пасьля вучэньняў.
Беларускі генштаб на тых вучэньнях абвясьціў умоўным ворагам — «Вяйшнорыяй» — паўночна-заходнюю частку Беларусі.
Вучэньні не наступальныя, але на «Форт Трамп» як-небудзь адкажуць
Шайгу параўноўваў заплянаваны «Шчыт Саюзу» з вучэньнямі NATO «Адзіны трызубец – 2018», якія маюць пачацца 25 кастрычніка ў Нарвэгіі, Швэцыі і Фінляндыі — маўляў, у адрозьненьне ад гэтых вучэньняў, беларуска-расейскія «не прадугледжваюць нейкіх наступальных дзеяньняў». Беларускія і расейскія назіральнікі тым часам прынялі запрашэньні назіраць за вучэньнямі NATO.
Таксама расейскі міністар абароны згадаў пляны Польшчы разьмясьціць вайсковую базу ЗША ў раёне Быдгашча і Торуні (палякі ўжо прапанавалі назваць базу «Форт Трамп») і выдаткаваць на яе да 2 млрд даляраў. Ён назваў такія пляны «контарпрадуктыўнымі»: маўляў, яны «не спрыяюць захаваньню стабільнасьці і ўзмацненьню рэгіянальнай бясьпекі».
«У гэтых умовах мы вымушаныя рабіць захады ў адказ і павінны быць гатовыя нэўтралізаваць магчымыя вайсковыя пагрозы на ўсіх кірунках», — заявіў Шайгу, не ўдакладніўшы, якія захады маюць прымацца.
У Менску ён таксама заяўляў, што краіны NATO засяродзіліся на вайсковай мабільнасьці ў Эўропе, што «ўзмацняе напружанасьць», і абвінаваціў краіны Захаду ў «расхістваньні абстаноўкі» на Блізкім Усходзе, што «дазволіла стварыць у Сырыі сапраўднае апірышча тэрарызму». Ды адзначыў, што Расеі нібыта «ўдалося пераламіць сытуацыю» з тэрарыстамі ў Сырыі — і сырыйскім досьведам Расея «гатовая падзяліцца» зь Беларусьсю.