Паўночнаатлянтычны саюз лічыць, што расейскія вайсковыя вучэньні «Ўсход 2018» — гэта адпрацоўка ўдзелу ў шырокамаштабным канфлікце. Пра гэта 28 жніўня заявіў выканаўца абавязкаў афіцыйнага прадстаўніка NATO Дылан Ўайт, перадае Бі-Бі-Сі.
Ён паказаў, што плянаваныя манэўры ўпісваюцца ў карціну «больш напорыстай Расеі», якая, паводле яго, нарошчвае абаронны бюджэт, ударны патэнцыял і вайсковую прысутнасьць у рэгіёнах Балтыйскага, Чорнага і Міжземнага мораў. Ўайт зьвярнуў увагу, што вучэньні адбудуцца на фоне гатовасьці Масквы «выкарыстоўваць ваенную сілу супраць сваіх суседзяў — Украіны і Грузіі».
Чыноўнік адзначыў, што Расея загадзя праінфармавала Альянс аб правядзеньні вучэньняў «Усход 2018» і запрасіла на гэтае мерапрыемства назіральнікаў ад NATO. Саюзьнікі разглядаюць гэтую прапанову, растлумачыў Ўайт. Ён падкрэсьліў, што гэткія вучэньні мусяць быць «празрыстымі і прадказальнымі».
Паводле задумы Міністэрства абароны Расеі, заплянаваныя на сярэдзіну верасьня вучэньні «Ўсход 2018» будуць найбуйнейшымі ад 1981 году. У іх будуць задзейнічаныя каля 300 тысячаў вайскоўцаў, уключаючы паветрана-дэсантныя войскі, а таксама больш за тысячу самалётаў і верталётаў. Вучэньні «Захад-81», зь якімі расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу параўнаў цяперашнія манэўры, праходзілі ў тым ліку каля мяжы з Польшчай. Тады Захад успрыняў іх як дэманстрацыю сілы і гатовасьці Савецкага Саюзу да буйной наступальнай апэрацыі.