Мікола Статкевіч заклікаў зладзіць «ланцуг памяці» пад будынкам КДБ у Менску а 19-й гадзіне 29 кастрычніка.
Палітык заклікаў браць удзельнікаў акцыі толькі сьвечкі і зьнічкі, выкарыстоўваць сьцягі ці плякаты на акцыі не плянуецца.
Статкевіч сказаў Свабодзе, што лічыць бессэнсоўным прасіць у Менгарвыканкаме дазвол на правядзеньне акцыі.
«Пакуль ёсьць тыя, хто лічыць сябе юрыдычнымі і афіцыйнымі спадкаемцамі катаў і ганарыцца імі, нават форму некаторыя носяць, нам трэба хадзіць ня толькі да магілаў», — сказаў Статкевіч.
Акцыю «ланцуг памяці» Статкевіч ладзіць з 2015 году. Летась адразу пасьля заканчэньня акцыі супрацоўнікі камунальнай службы прыбралі зьнічы з прыступак КДБ. Некаторых удзельнікаў акцыі аштрафавалі.
Дзе яшчэ ўшануюць памяць рэпрэсаваных?
28 кастрычніка — «Дзяды». Менскія ўлады дазволілі КХП БНФ правесьці шэсьце і мітынг у Курапатах.
29 кастрычніка — «Ноч расстраляных паэтаў». Зьміцер Дашкевіч арганізуе чытаньні твораў рэпрэсаваных літаратараў у Курапатах.
4 лістапада — Шэсьце ў Лошыцкім яры. КХП БНФ правядзе шэсьце да месца расстрэлаў 1937–1941 гадоў.
За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКВД беспадстаўна расстраляла больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.