Суд Кастрычніцкага раёну Менску аштрафаваў на 30 базавых велічынь (690 рублёў) менчука Ігара Клешчука за разьмяшчэньне ў інтэрнэце зьвестак пра акцыю «Ланцуг памяці», якая прайшла ў Менску 29 лістапада — у дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Прысуд быў вынесены 28 сьнежня.
Ігара Клешчука суд прызнаў вінаватым у «публічным закліку да правядзеньня пікетаваньня з парушэньнем вызначанага парадку», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Прычынай для адміністрацыйнага перасьледу стаў рэпост інфармацыі аб правядзеньні 29 кастрычніка каля будынку КДБ у Менску жалобнай акцыі «Ланцуг памяці», прысьвечанай 80-годзьдзю савецкіх рэпрэсій 1937 году.
Актывіст сваёй віны не прызнаў, прысуд будзе абскарджваць.
Свабодзе Ігар Кляшчук паведаміў, што 20 сьнежня ў яго дома правялі ператрус паводле падазрэньня ва ўжываньні і ў распаўсюдзе наркотыкаў праз Інтэрнэт. Забралі тэхніку. Пазьней падазрэньні ва ўжываньні і распаўсюдзе наркотыкаў з Кляшчука зьнялі і завялі адміністрацыйную справу за заклік да правядзеньня пікетаваньня з парушэньнем устаноўленага парадку паводле часткі 1 артыкула 23.34 КоАП.