Прадстаўнікі аргкамітэту менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» агучылі конкурсную праграму імпрэзы і расказалі, як уціскаюцца ў абмежаваны бюджэт.
Пазнаючы белы сьвет
Афіцыйны слоган юбілейнай, 25-й па ліку імпрэзы, — «Пазнаючы белы сьвет». Конкурсныя і рэтраспэктыўныя паказы пройдуць у шасьці сталічных кінатэатрах цягам тыдня, з 2 па 9 лістапада.
Конкурсная праграма абʼядноўвае пяць жанравых намінацый:
- Асноўны конкурс гульнявога кіно (12 фільмаў)
- Конкурс «Маладосьць на маршы» (11 фільмаў)
- «Лістападзік» — стужкі для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі (6 фільмаў)
- Асноўны конкурс дакумэнтальнага кіно (13 фільмаў)
- Конкурс нацыянальных кінашколаў (26 фільмаў, 13 кінашколаў)
Як вынікае з праграмы, за ўзнагароды фэстывалю пазмагаецца ўсяго пара беларускіх аўтараў.
У конкурсе нацыянальных кінашколаў прадстаўленая студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алена Буякова («Адзін дзень з жыцьця Алеся і Алесі»), у конкурсе дакумэнтальнага кіно возьме ўдзел Віктар Асьлюк з працай «Беларуская Атлянтыда». Дарэчы, пра героя ягонай стужкі, смаргонскага мастака Сяргея Бандарэнку, які на ўласным надзеле ўзводзіць зьменшаную копію Крэўскага замка, Свабода нядаўна расказвала.
Яшчэ адна гульнявая карціна фігуруе як «фільм-адкрыцьцё» на дзіцячым «Лістападзіку», але за прызы змагацца ня будзе. Гэта прыгодніцкая стужка «Правіла геймэра» рэжысэра Ігара Чацьверыкова.
У цені халоднай вайны
Паводле арганізатараў, разам з пазаконкурснымі сэансамі ў рамках «Лістапада» будзе паказана 167 карцін. Геаграфія — амаль паўсотні краінаў, упершыню далучацца творцы з Кеніі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
Як удакладніў дырэктар праграмаў гульнявога кіно Ігар Сукманаў, у статусе фільму-адкрыцьця сёлета выступае польская карціна «Халодная вайна» (Zimna wojna) Паўла Паўлікоўскага. Гэта гісторыя каханьня танцоркі і піяніста на фоне паваенных руінаў. Прэмʼера заплянаваная на 2 лістапада. Некалькі гадоў таму рэжысэр ужо атрымаў «Оскара» за сваю «Іду» ў намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове». Сёлета ягоная «Халодная вайна» таксама прэтэндуе на статуэтку Амэрыканскай кінаакадэміі ў той жа намінацыі — разам зь беларускім «Крышталем», украінскім «Данбасам», расейскім «Сабіборам» ды іншымі.
Наагул жа, як дадаў спадар Сукманаў, пры выбары кандыдатаў на конкурснае спаборніцтва стаўку зрабілі на праблематыку, характэрную для «тэрыторый агульных клопатаў». Менавіта таму ў праграме гульнявога кіно бальшыню склалі аўтары з постсавецкіх краінаў, а таксама былога сацлягера.
Ва ўмовах фінансавага дэфіцыту
Аляксандар Рыдван, начальнік аддзелу кінэматаграфіі Міністэрства культуры, расказваючы пра чарговы кінафэст, пахваліўся, што сёлета бюджэт «Лістапада» істотна павялічаны — і гэта, маўляў, пацьвярджае ягоную вагу ў культурным жыцьці ня толькі Беларусі, а ўсяго рэгіёну.
Зрэшты, як паправіла чыноўніка дырэктарка фэстывалю Анжаліка Крашэўская, гаворка толькі пра выдаткі ведамства, насамрэч жа грошай у распараджэньні арганізатараў нават менш, чым раней. Дый увогуле, па яе словах, даводзіцца ўціскацца ў вельмі абмежаваныя сумы: калі аналягічная імпрэза ў Вільні «каштуе» 700 тысяч эўра, Беларусь мусіць задавальняцца сумай удвая меншай.
Арганізатары перакананыя, што ў ідэале падобны кінафэстываль павінен быць незалежнай пляцоўкай, але ёсьць перашкода — немагчыма прыцягнуць сродкі.
«Мы ня маем магчымасьці атрымліваць гранты, фінансавую падтрымку — адрозна ад іншых краінаў, тут папросту няма пасярэднікаў паміж культурай і патэнцыйнымі мэцэнатамі, — наракае спадарыня Крашэўская. — Хоць гэта пытаньне дзяржаўнай палітыкі — спрыяць таму, каб пад такога кшталту імпрэзы зьяўляліся спонсары».
Тым ня меней тое, што пасьля трох гадоў выпрабавальнага тэрміну «Лістапад» нарэшце быў прызнаны Міжнароднай асацыяцыяй кінапрадусараў і атрымаў статус міжнароднага фэстывалю, — цалкам заслуга каманды энтузіястаў, найперш Ігара Сукманава, які ўзяў на сябе асноўны цяжар кантактаў з замежнымі калегамі і адбору кінаматэрыялу.
Спаборніцтва кінашколаў
Самым шматлікім у праграме 25-га кінафэстывалю «Лістапад» будзе конкурс кінадакумэнталістаў. Апроч згаданай беларускай рэжысэркі Алены Буяковай, якая прадстаўляе Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, заяўленыя 26 фільмаў яшчэ тузіну нацыянальных кінашколаў:
- Польская школа кіно, тэлебачаньня і тэатру ў Лодзі
- Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысэраў (Расея)
- Школа дакумэнтальнага кіно і тэатру Разьбежкінай & Угарава (Расея)
- Школа кіно і аўдыёвізуальных мастацтваў ECAM (Гішпанія)
- Мабільная кінашкола Docnomads (Вугоршчына, Партугалія, Кітай)
- Факультэт кіно і тэлебачаньня Акадэміі музычнага мастацтва FAMU (Чэхія)
- Прадусарская школа HELB (Бэльгія)
- Міжнародная кінашкола ў Кёльне IFS (Нямеччына, Ізраіль)
- Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт тэатру, кіно і тэлебачаньня (Украіна)
- Кіргіска-турэцкі ўнівэрсытэт «Манас» (Кіргізстан)
- Ерэванскі дзяржаўны інстытут тэатру і кіно (Армэнія)
- Дзяржаўны ўнівэрсытэт тэатру і кіно імя Шата Руставэлі (Грузія)
Наадварот, самай малалікай аказалася конкурсная праграма «Лістападзік» — усяго 6 прэтэндэнтаў. Апрача пазаконкурснай беларускай стужкі «Правілы геймэра», будуць паказаныя фільмы вытворчасьці Казахстану, Кеніі, Італіі, Сэрбіі, Эстоніі, Тайваня.
У намінацыі «Маладосьць на маршы», дзе спаборнічаюць рэжысэры-дэбютанты, пакажуць 11 фільмаў з Мэксыкі, Тайлянду, Бразыліі, Румыніі, Вугоршчыны, Ірану, Японіі, па два зь Індыі і Кітаю. Таксама заплянаваны спэцыяльны паказ двух фільмаў кітайскага рэжысэра Ху Бо, які заўчасна памёр у мінулым годзе: «Слон сядзіць спакойна» і «Чалавек у калодзежы».
Нарэшце, у самым прэстыжным конкурсе гульнявога кіно будуць удзельнічаць кінэматаграфісты з Гішпаніі, Украіны, Сэрбіі, Казахстану, Румыніі, Баўгарыі, Расеі, Віетнаму, Кіргізстану, Польшчы і два з Кітаю.
Падрабязьней пра конкурсныя праграмы і ўдзельнікаў — на афіцыйным сайце кінафэстывалю «Лістапад».