Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Беларускага праваслаўнага брацтва: Часам радыкальныя рашэньні прымушаюць вызначыцца


Мікола Матрунчык
Мікола Матрунчык

Мікола Матрунчык, старшыня Беларускага праваслаўнага брацтва ў гонар Сьвятых віленскіх пакутнікаў, якое дзейнічае пры Беларускім экзархаце, расказаў пра наступствы рашэньня Сыноду РПЦ для беларускіх вернікаў.

Брацтва вядзе асьветніцкую і выдавецкую дзейнасьць: удзельнічае ў перакладзе Сьвятога Пісаньня, выдае царкоўныя календары, гістарычную, даведачную літаратуру па-беларуску. З ініцыятывы брацтва і з удзелам брацкага хору ў Петрапаўлаўскім саборы Менску кожную суботу праходзіць богаслуженьне на беларускай мове, штосераду чытаецца акафіст у гонар сьвятых Антонія, Яна і Яўстаха.

15 кастрычніка Сынод Расейскай праваслаўнай царквы на сваім паседжаньні ў Менску абвясьціў пра разрыў эўхарыстычных зносін з Канстантынопальскім патрыярхатам. Празь дзень прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхату назвалі сьпіс месцаў, якія нельга наведваць вернікам, а сьвятароў нават могуць адлучыць ад Царквы. Беларуская праваслаўная царква як частка РПЦ далучылася да рашэньня Сыноду.

Патрыярх казаў пра «любоў да ворага», але зрабілі інакш

Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка 2018 году
Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка 2018 году

​Як такія крокі адаб’юцца на беларускіх верніках? Думкай на гэты конт са Свабодай падзяліўся Мікола Матрунчык.

— Спадар Мікола, асабіста для вас рашэньне Сыноду было чаканым ці ўсё ж пакідалі магчымасьць царкоўнага замірэньня?

— Безумоўна, гэта справа не аднаго дня, напружаньне ў міжцаркоўных стасунках ужо працяглае. Што тычыцца пытаньняў Украіны, усе мы за гэтым назіраем досыць даўно.

Але што да ўчорашняга рашэньня, яно магло быць розным. Асабіста я спадзяваўся, што ўсё ж будзе вырашацца ня з пункту гледжаньня канонаў, у якіх трэба яшчэ грунтоўна разабрацца, а з пазыцыі любові. Я сам, мае калегі, сябры не адкідалі варыянту, што, можа, Сьвяты Дух так падзейнічае на ўвесь Сынод, што пачнецца вырашэньне з мэтай прымірэньня людзей, народаў, цэркваў. Іншымі словамі, што будзе такі пасыл, што, як бы па-рознаму мы не глядзелі на падзеі ва Ўкраіне, трэба кіравацца галоўным прынцыпам — пераадольваць праблемы з павагай і не прымаць рашэньняў, якія яшчэ больш аддзяляюць.

Асабліва калі браць на ўвагу пропаведзь патрыярха Кірыла на асьвячэньні храма Ўсіх Сьвятых, дзе ён усю сваю казань прысьвяціў таму, што трэба ворагаў сваіх любіць, бо гэтаму вучыць Эвангельле. Тое было 14 кастрычніка, і здавалася, што на Сынодзе будзе лягічны працяг, рашэньне будзе прынятае, зыходзячы менавіта з гэтага. Адбылося інакш, на жаль.

— З вашага гледзішча, якім чынам гэта адаб’ецца на верніках у Беларусі? Тут няма цэркваў, якія падпарадкоўваюцца Канстантынопальскаму патрыярхату.

— Пытаньне вернікаў, міранаў, прыхаджанаў, «захаджанаў» мае рознае значэньне. Гэта вельмі шырокае паняцьце, наколькі чалавек сьвядома робіцца актыўным суб’ектам жыцьця прыходу, увогуле Беларускай царквы. Таму будзе неадназначная рэакцыя. У пэўных прыходах людзі, можа, нават і не заўважаць нічога: як хадзілі ў царкву, так і будуць хадзіць па сваіх патрэбах. А хто цікавіцца гэтымі падзеямі, безумоўна, пачне шукаць для сябе адказы, спрабаваць зразумець, як гэта паўзьдзейнічае на далейшае жыцьцё.

Калі казаць ад сябе, ад нашага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў, больш падставовым ва ўсёй гэтай сытуацыі зьяўляецца магчымасьць сьцьвярджаць сваю праўду справамі і не асабліва паддавацца настрою, што «ўсё прапала». Трэба працаваць для Беларусі, для Беларускай царквы. Бо калі штодня нешта рабіць, не кідаючыся ў роспач і адчай, заўжды будзе плён. А разам зь ім пазытыўныя, станоўчыя зьмены — як у грамадзтве, так і ў царкве. Мы ініцыюем шэраг новых ідэяў, каб яны ажыцьцяўляліся на карысьць агульнай справы.

Простыя вернікі не разумеюць, як сябе паводзіць

Вернікі падчас прыезду патрыярха Кірыла ў Менск, 13 кастрычніка 2018 году
Вернікі падчас прыезду патрыярха Кірыла ў Менск, 13 кастрычніка 2018 году

— Вам удалося наведаць храмы Канстантынопальскага патрыярхату зь пераліку забароненых РПЦ?

— Наведваў, вядома. Быў і ў храме Георгія Пераможца ў Канстантынопалі, дзе служыць найсьвяцейшы патрыярх, таксама ў замежных цэрквах. У гэтым сэнсе для мяне ўсё досыць незразумела. Скажам, у мяне ёсьць сябры, якія ходзяць да царквы ў Парыжы. Гэта вельмі грунтоўная частка багаслоўскай праваслаўнай думкі — людзі, якія сьвядома выбралі Канстантынопальскі патрыярхат. Цяпер я ня ведаю, як будуць складвацца адносіны паміж вернікамі ў тым жа Парыжы, калі адна частка апынецца адчужанай ад іншых сваіх аднаверцаў, суайчыньнікаў.

Натуральна, балючы момант. Хоць, вядома, не агулам. У нейкіх выпадках гэта больш адаб’ецца на патрэбе вызначацца, рабіць высновы і захады ў сувязі з гэтым разломам, расколам. А некага закране ў вельмі малой ступені. У любым выпадку падзея, якая адбылася ўчора, будзе патрабаваць рэфлексіі на розных узроўнях — багаслоўскім, практычным, эўхарыстычным і г.д.

— На ўваходзе ў царкву дакумэнты не правяраюць, гэта ўжо больш унутраны канфлікт — ісьці туды ці не ісьці. Пэрсанальна вам ці замінае нешта наведваць цэрквы, «забароненыя» Маскоўскім патрыярхатам?

— Мне азірацца няма патрэбы, як хадзіў, так буду і далей. Калі надарыцца зноў быць у мясцовасьці, дзе ёсьць храм Канстантынопальскага патрыярхату, нічога не замінае быць там на службе. Няма патрэбы, каб прычашчацца ці яшчэ нешта, але ня думаю, што ў сувязі з апошнімі рашэньнямі зьнікае неабходнасьць у нармальных чалавечых зносінах. Асабіста для мяне ня будзе ніякай перашкоды, каб мець сумоўе зь людзьмі, якія належаць да іншых цэркваў.

Паўтаруся, не да канца ўсё відавочна. Напрыклад, як быць, калі Польская аўтакефальная царква таксама не далучыцца да рашэньня РПЦ і будзе далей у эўхарыстычных зносінах з Канстантынопалем? У Польшчы мы яшчэ часьцей бываем, там нашы сябры, аднадумцы. Як у выпадку з паломніцтвам на сьвятую гару Грабарку, я там заўжды прычашчаўся. Будуць расцэненыя як парушэньне мае паводзіны, калі я наведаю царкву, якая не падтрымала рашэньне Сыноду? Відаць, усё будзе патрабаваць дадатковых тлумачэньняў. Бо пакуль не зусім зразумела, як на практыцы паводзіцца простым вернікам.

Нямала сьвятароў з крытычна-радыкальнымі поглядамі

Падчас прыезду Патрыярха Кірыла ў Менск, 13 кастрычніка 2018 году
Падчас прыезду Патрыярха Кірыла ў Менск, 13 кастрычніка 2018 году

— Рашэньне Сыноду прымалася ў Менску пры мінімальным удзеле беларускай царкоўнай грамады. Фактычна Беларускую праваслаўную царкву «падпісалі» пад тым, што ўхваліў Маскоўскі патрыярхат. Як мяркуеце, ёсьць тыя, хто ня згодны з такім келейным падыходам? Гісторыя «разжалаванага» Аляксандра Шрамко, які пакрытыкаваў патрыярха Кірыла, вядомая, а што астатнія?

— Як і ў любой супольнасьці, ёсьць вельмі розныя людзі. У тым ліку гэта тычыцца і царквы, тут сьвятары таксама са сваімі поглядамі — можа, яшчэ больш крытычна-радыкальнымі, чым у айца Аляксандра. Гэта натуральная зьява.

Засмучае, што саборнасьць ня ўлічвае міранаў як фактар жыцьця царквы. А хацелася б больш адкрытага супольнага абмеркаваньня пытаньняў, якія высьпяваюць у Царкве. Як зрабіць такі мэханізм? Сёньняшні час выстаўляе іншыя патрабаваньні. Ня толькі з уладай шукаць агульную мову ды са спонсарамі працаваць, а супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасьцю. Неабходны пошук міжканфэсійнага кантэксту. Новыя задачы парабуюць выхаду на прынцыпова іншы інтэлектуальны ўзровень, каб пераадольваць выклікі, якія ўсё часьцей узьнікаюць.

Але што хацеў бы падкрэсьліць. Часам такога кшталту зьмены, радыкальныя рашэньні, як ні дзіўна, ідуць на карысьць. У прыватнасьці, прымушаюць людзей вызначыцца. Спадзяюся, што ў царкве таксама шмат людзей, якім захочацца знайсьці адказ, усьвядоміць разуменьне таго, што адбылося. Не было б рашэньня, мабыць, і надалей працягвалася б нешта няўцямнае, незразумелае. А так кожны мае магчымасьць паразважаць, падумаць. Так што, можа, пойдзе якраз на карысьць, каб Бог нас пачуў...

Падчас прыезду Патрыярха Кірыла ў Менск
Падчас прыезду Патрыярха Кірыла ў Менск

Мікола Матрунчык нарадзіўся ў 1959 годзе ў Менску. Праваслаўны сьвецкі і культурна-грамадзкі дзеяч, магістар філязофіі, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху, гісторык, культуроляг, публіцыст.

Вучыўся на філязофскім факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, працаваў у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным навукова-асьветніцкім цэнтры імя Скарыны.

Адзін зь ініцыятараў і заснавальнікаў Беларускага праваслаўнага брацтва ў гонар Сьвятых віленскіх пакутнікаў. Бярэ ўдзел у выдавецкай, культурна-асьветніцкай і міжнароднай дзейнасьці брацтва. Па бласлаўленьні мітрапаліта Філарэта прадстаўляў Беларусь у Эўрапейскай міжцаркоўнай рабочай групе «Прымірэньне ў Эўропе — місія цэркваў Украіны, Беларусі, Польшчы і Нямеччыны». Супрацоўнічае зь беларускімі сьвецкімі і царкоўна-рэлігійнымі выданьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG