Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтары праекту дзяржаўнага мэмарыялу прыйшлі ў Курапаты і растлумачылі сваю пазыцыю. ВІДЭА


Эскіз дзяржаўнага мэмарыялу ў Курапатах, архіўнае фота
Эскіз дзяржаўнага мэмарыялу ў Курапатах, архіўнае фота

У Курапатах 16 кастрычніка сабраліся прыхільнікі і праціўнікі дзяржаўнага мэмарыялу — днём раней там зьявіліся будаўнікі, якія раскапалі дарогу на Галгофу.

Аўтары праекту не пагадзіліся на прапанову паставіць памятны знак на ўваходзе ў мэмарыял з паўднёва-заходняга боку, але і не адмовіліся: бо пытаньне «не да аўтараў, а больш да замоўніка».

Суаўтар праекту, прынятага дзяржавай без удзелу грамадзкасьці, Сяргей Аганаў заявіў пра адкрытасьць вырабу мэмарыяльнага знаку і адкрытасьць да дыялёгу аб канцэпцыі.

«Рашэньне было невыпадковым, — расказаў Аганаў пра канцэпцыю памятнага знаку. — Натуральна, калі мы хадзілі ў Курапатах, нас натхніла ўся гэтая сытуацыя. І ўся эстэтыка памятнага знаку падпарадкаваная гэтай сытуацыі, гэтым крыжам, якія тут стаяць, і ўсяму гэтаму навакольлю.

У нас галоўная была задача, каб у любым выпадку ён быў інтэграваны і спалучаўся з усім народным мэмарыялам. Нават калі было прапанавана, каб памятны знак быў разьмешчаны на месцы закладнога каменя, на якім было напісана, што „на гэтым месцы будзе мэмарыяльны знак», мы пазначалі ў сваёй аўтарскай канцэпцыі, што ўсе элемэнты, якія, як Алесь сказаў, тут знаходзяцца (крыжы і гэтак далей, любыя рэчы), яны мусяць заставацца.

Бо ён інтэгруецца выключна вельмі далікатна ў гэтае асяродзьдзе. Для яго ня трэба ні чысьціць прастору, нічога».

Вольга Нячай дадала: у стылістыцы хацелі «адысьці ў стылістыцы ад нейкай канфэсійнай сытуацыі», бо ў Курапатах ляжаць і праваслаўныя, і каталікі, і юдэі, і атэісты. У канструкцыі хацелі адлюстраваць капліцу, кажа яна. Сьпісаў забітых у Курапатах няма — менавіта таму на «нагах» канструкцыі будуць напісаныя абстрактныя «маці», «сын» ды іншыя надпісы.

Паводле Нячай, аўтары знаку бачаць народны мэмарыял у Курапатах «складзеным» і спадзяюцца, што з мастацкага погляду іхны знак толькі дапоўніць мэмарыял, а не ўступіць у процістаяньне.

Мастак Аляксей Марачкін у адказ адзначыў, што чуе аўтараў і адчувае іхную шчырасьць. Але ў абмеркаваньні праекту не зазначылі, што калі знак ставіцца як «усеагульны», то павінен быў быць іншы падыход да самой працэдуры абмеркаваньня. Менавіта «ўсеагульны» знак можна было б разглядаць пасьля адкрыцьця архіваў з імёнамі забітых, мяркуе ён.

Старшыня журы, рэктар Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна ўстаў на абарону аўтараў праекту: заявіў, што між прысутнымі ў Курапатах «прыроды канфлікту няма», з боку аўтараў няма «жаданьня процістаяньня». Ён таксама прасіў «падтрымліваць творчую энэргію» аўтараў, якія «выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю».

Павал Севярынец запярэчыў: людзі не гатовыя прыняць менавіта такі знак на гэтым месцы, а «калі пачынаеце адразу капаць тут, гэта адразу канфлікт, і знак будзе знакам раздору, а ня знакам яднаньня».

Супраціў як штуршок да афіцыйнага мэмарыялу ў Курапатах

У лютым 2017 году на вуліцы Мірашнічэнкі, якая мяжуе з ахоўнай зонай Курапатаў, паўстаў кругласутачны лягер супраць будаўніцтва тут офіснага цэнтру. Дзякуючы неабыякавым людзям урочышча ўдалося абараніць ад камэрцыялізацыі.

Неўзабаве курапацкая тэма знайшла працяг на дзяржаўным узроўні. У рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» прайшоў круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», а празь нейкі час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Курапатах створаць мэмарыяльны комплекс. Праўда, да «комплексу» справа не дайшла, летась у сакавіку Міністэрства культуры абвясьціла конкурс на «памятны знак».

Амаль год не было ніякіх зрухаў, хоць ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч абяцаў, што на ўсіх этапах будуць далучаныя прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Насуперак заявам, працэс адбору прэтэндэнтаў і вызначэньня лепшых работ прайшоў кулюарна.

У чэрвені 2018 году журы на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абнародавала тры эскізныя праекты, адабраныя ў фінал. Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасьці. У жніўні быўвызначаны пераможца — праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай, які ў народзе ўжо назвалі «прышчэпкай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG