Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Археоляг: раскопкі ў Курапатах будуць на пляцоўцы 3 на 3 мэтры, да 2 мэтраў у глыбіню


Бульдозэры ў Курапатах, 15 кастрычніка
Бульдозэры ў Курапатах, 15 кастрычніка

У Курапатах 16 кастрычніка сабраліся прыхільнікі і праціўнікі дзяржаўнага мэмарыялу — днём раней там зьявіліся будаўнікі, якія раскапалі дарогу на «Галгофу».

Вадзім Кошман, загадчык аддзелу Сярэднявечча і Новага часу Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі расказаў, што ў Курапатах, каб устанавіць дзяржаўны мэмарыял, плянуюцца невялікія раскопкі.

Патрабаваньні археолягаў — у раскопах 3 на 3 мэтры, глыбінёй да 2 мэтраў праверыць, ці ня будзе пахаваньняў пад самім помнікам. Кошман адзначыў, што цяперашняя пляцоўка ня мае візуальна прыкметных упадзінаў, якія звычайна атаясамліваюцца з пахаваньнямі. Аднак гэта ня значыць, што там ня можа быць пахаваны чалавек.

Ён дадаў, што як археоляг адзначае ўнікальную магчымасьць правесьці археалягічныя работы Курапатах упершыню пасьля сьледчых дзеяньняў 1998 году. Раскопкі ён разглядае выключна як працэс навуковага пазнаньня, ня зьвязвае свае работы з устаноўкай знаку там, дзе грамадзкасьць ня хоча яго бачыць.

Аўтары знаку заяўлялі, што іхная работа ўпісваецца ў эстэтыку народнага мэмарыялу ў Курапатах — актывісты з гэтым ня згодныя. Праціўнікі ўстаноўкі мэмарыялу, які яны называюць «прычэпкай», менавіта на Галгофе прапануюць перанесьці яго на паўднёва-ўсходні ўваход. Аўтары праекту не пагадзіліся і не адмовіліся: пытаньне «не да аўтараў, а больш да замоўніка». ​Суаўтар праекту, прынятага дзяржавай без удзелу грамадзкасьці, Сяргей Аганаў заявіў пра адкрытасьць вырабу мэмарыяльнага знаку і адкрытасьць да дыялёгу аб канцэпцыі.

Супраціў як штуршок да афіцыйнага мэмарыялу ў Курапатах

У лютым 2017 году на вуліцы Мірашнічэнкі, якая мяжуе з ахоўнай зонай Курапатаў, паўстаў кругласутачны лягер супраць будаўніцтва тут офіснага цэнтру. Дзякуючы неабыякавым людзям урочышча ўдалося абараніць ад камэрцыялізацыі.

Неўзабаве курапацкая тэма знайшла працяг на дзяржаўным узроўні. У рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» прайшоў круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», а празь нейкі час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Курапатах створаць мэмарыяльны комплекс. Праўда, да «комплексу» справа не дайшла, летась у сакавіку Міністэрства культуры абвясьціла конкурс на «памятны знак».

Амаль год не было ніякіх зрухаў, хоць ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч абяцаў, што на ўсіх этапах будуць далучаныя прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Насуперак заявам, працэс адбору прэтэндэнтаў і вызначэньня лепшых работ прайшоў кулюарна.

У чэрвені 2018 году журы на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абнародавала тры эскізныя праекты, адабраныя ў фінал. Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасьці. У жніўні быў вызначаны пераможца — праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай, які ў народзе ўжо назвалі «прычэпкай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG