Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб не было новых канфліктаў і боек». Грамадзкая дырэкцыя Курапатаў згодная на афіцыйны помнік, але ў іншым месцы


Эскіз праекту, які перамог у афіцыйным конкурсе на мэмарыяльны знак у Курапатах
Эскіз праекту, які перамог у афіцыйным конкурсе на мэмарыяльны знак у Курапатах

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах Алесь Чахольскі прапанаваў кампрамісны варыянт разьмяшчэньня мэмарыяльнага знаку «памяці і прымірэньня», які ўлады зьбіраюцца паставіць на пагорку ў цэнтры Курапатаў.

«Каб не было новых канфліктаў і боек, каб годна захаваць памяць аб ахвярах рэпрэсіяў».

Алесь Чахольскі
Алесь Чахольскі

Раней актывісты КХП БНФ ды іншых грамадзкіх арганізацыяў, якія ужо шмат гадоў апякуюцца Курапатамі, выказваліся супраць усталяваньня афіцыйнага мэмарыяльнага знаку.

«Наконт умяшаньня дзяржавы ў Курапаты наша пазыцыя не зьямнілася — няма чаго туды лезьці, там ужо стаіць мэмарыял, створаны народам, — патлумачыў Алесь Чахольскі. — Але што да ўсталяваньня памятнага знаку мы гатовыя на кампраміс і згодныя, каб ён быў пастаўлены на падножжы гары. Паўтаруся: не на ўзвышшы, празваным „Галгофай“, а на падножжы, на ўваходзе ў мэмарыял з боку Менску. На наш погляд, ён там будзе дарэчы і не парушыць ансамбль мэмарыялу, які ўжо склаўся».

Від з курапацкай гары на ўваход у мэмарыял, дзе актывісты прапануюць усталяваць афіцыйны помнік
Від з курапацкай гары на ўваход у мэмарыял, дзе актывісты прапануюць усталяваць афіцыйны помнік

Паводле Чахольскага, ідэю гэтага кампрамісу падтрымліваюць як сябры грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу, так і пікетоўцы рэстарацыі «Поедем поедим». Кампрамісны варыянт усталяваньня мэмарыяльнага знаку ўхваліў у размове з карэспандэнтам Свабоды намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі.

Пра гэтую прапанову, кажа Чахольскі, ведаюць і аўтары афіцыйнага мэмарыяльнага знаку.

Актывісты гатовыя ўзяць удзел у добраўпарадкаваньні ўваходу ў Курапаты, дзе прапануюць усталяваць афіцыйны мэмарыяльны знак, у прыватнасьці — забрукаваць дарогу.

«Ужо сабраныя грошы, зьбіраюцца камяні», — сказаў Алесь Чахольскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG