Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура: Нядбайнасьць міліцыі спрыяла двайному забойству ў Бабруйску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністар унутраных справаў Шуневіч раней казаў, што «асноўныя моманты злачынства ў паводзінах ахвяраў».

На сайце Генэральнай пракуратуры Беларусі апублікаванае паведамленьне «Аб важнасьці прафіляктычнай працы» па выніках праверкі ў бабруйскай міліцыі пасьля двайнога забойства жанчын.

20 ліпеня каля 7.00 у апэратыўна-дзяжурную службу УУС Бабруйскага гарвыканкама пазваніла невядомая дзяўчына, якая прасіла пра дапамогу. Яна сказала, што разам зь сяброўкай закрылася ў ванным пакоі кватэры па вуліцы Лынькова, куды спрабуе трапіць невядомы. Дакладны адрас дзяўчына не назвала, а з нумарам кватэры памылілася. Міліцыя сьцьвярджае, што праверыла ўсе дамы і забаўляльныя на вуліцы, ды спазьнілася: дзяўчын знайшлі ўжо мёртвымі.

Паводле пракуратуры, абвінавачаны ў забойстве раней ня раз чыніў наўмысныя злачынствы, ад 16 верасьня 2017 году стаяў на прафіляктычным уліку. Але міліцыянты, выявіла пракуратура, «не выконвалі пэрыядычнасьць прафіляктычных мерапрыемстваў» і наведвалі абвінавачанага «толькі фармальна», не праверылі зьвесткі аб пражываньні яго ня дома, не запаўнялі і не выстаўлялі на яго інфармацыйна-пошукавую карту.

У выніку з канца лютага да дня злачынства 20 ліпеня мужчына «быў па-за полем зроку крымінальна-выканаўчай інспэкцыі», а адсутнасьць кантролю «спрыяла ўчыненьню ім правапарушэньняў і асабліва цяжага злачынства».

Пракуратура вынесла на адрас УУС Магілёўскага аблвыканама папярэджаньне з патрабаваньнем прыбраць парушэньні і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Службовых асобаў УУС Бабруйскага гарвыканкаму прыцягнулі да «дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасьці» (колькі чалавек і да якой адказнасьці, не ўдакладняецца).

Ігар Шуневіч, архіўнае фота
Ігар Шуневіч, архіўнае фота

У канцы ліпеня міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў, што ня можа камэнтаваць абставіны злачынства, бо ацэнку мусіць даць сьледзтва, а пасьля пракамэнтаваў злачынства так:

«Па сваёй сутнасьці гэта бытавое злачынства, на жаль, зь цяжкімі наступствамі. Прычынай здарэньня быў чалавечы фактар. Ёсьць такая навука віктымалёгія — аб паводзінах ахвяры. Вось у гэтай частцы якраз і асноўныя моманты злачынства.

Таксама ня буду даваць сёньня ацэнку апэратыўнасьці рэагаваньня. На першы погляд, мы зрабілі ўсё правільна: выбылі адпаведна часавым нормам, досыць актыўна ажыцьцяўлялі пошук месца здарэньня, — разважаў Шуневіч. — Але вы ведаеце, у сілу чаго не змаглі трапіць туды своечасова. Разам з тым, мяркую, нам варта яшчэ раз задумацца, перагледзець прафэсіяналізм выбываючых сьледча-аператыўных групаў і магчымасьць больш эфэктыўна прадухіляць падобныя правапарушэньні».

Але ён таксама адзначыў, што мае «пытаньні» і да міліцыянтаў — маўляў, будзе праводзіцца службовае расьсьледаваньне адносна кантролю асобаў, якія раней учынялі злачынствы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG