Лік афіцыйных скаргаў на сэксуальныя дамаганьні на працы вырас у ЗША за апошні год больш як на 10 адсоткаў — гэта найбуйнейшы рост за апошняе дзесяцігодзьдзе. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, апублікаванай 4 кастрычніка Камісіяй па выкананьні раўнапраўя пры працаўладкаваньні (ЕЕОС), паведамляе «Голас Амэрыкі».
У ЕЕОС зьвязваюць павелічэньне колькасьці скаргаў з узьнікненьнем папулярнага руху #MeToo, удзельнікі якога асуджаюць сэксуальны гвалт і дамаганьні.
У справаздачы гаворыцца, што ў 2018 фіскальным годзе, які завяршыўся 30 верасьня, колькасьць скаргаў на сэксуальныя дамаганьні вырасла больш як на 12%. Усяго камісія атрымала за 12 месяцаў прыблізна 6,7 тысячы такіх заяў. Гэтыя зьвесткі пакуль лічацца папярэднімі, больш падрабязная і дакладная статыстыка будзе апублікаваная ЕЕОС у лютым наступнага году.
Колькасьць скаргаў на дамаганьні на працы, якія падаюцца ў ЕЕОС, няўхільна падала, пачынаючы з 2010 году, калі камісія атрымала амаль 8 тысяч скаргаў. На думку прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, памяншэньне колькасьці скаргаў было зьвязана з тым, што ахвяры дамаганьняў усё часьцей не паведамлялі ўладам пра тое, што здарылася. Пра гэта ж гаворыцца і ў дакладзе ЕЕОС па выніках 2016 году.
Для таго, каб падаць на працадаўцу ў суд за дамаганьні, пацярпелыя супрацоўнікі павінны падаць скаргу ў ЕЕОС. У выпадку, калі абвінавачаньні пацьвярджаюцца, працадаўца адказвае перад законам у адпаведнасьці з правіламі, якія забараняюць дыскрымінацыю на працоўным месцы па любых прыкметах.
Яшчэ пацярпелыя ад дамаганьняў работнікі могуць падаваць скаргі ў анты-дыскрымінацыйныя ведамствы на ўзроўні штатаў. Такім чынам, лічбы, названыя ў справаздачы ЕЕОС, не даюць поўнай карціны таго, што адбываецца.
За мінулы год камісія падала супраць працадаўцаў 41 судовы пазоў, уключаючы абвінавачваньні ў сэксуальных дамаганьнях. Гэта на 50% больш у параўнаньні з 2017 годам. У большасьці выпадкаў камісія дае пацярпелым права судзіцца ад свайго ўласнага імя, але часам ведамства падае ў суд і свае ўласныя пазовы.
Летась камісія дапамагла ахвярам сэксуальных злачынстваў атрымаць у якасьці грашовай кампэнсацыі амаль $ 70 млн (на $ 20 млн больш, чым пазалетась).
Рух #MeToo атрымаў распаўсюджаньне неўзабаве пасьля абвінавачваньняў у сэксуальных злачынствах, выстаўленых дзясяткамі жанчын у дачыненьні да вядомага галівудзкага прадусара Гарві Вайнштэйна ў кастрычніку 2017 году.