Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё яшчэ #боюсьсказать: чаму ў Расеі маўчаць пра сэксуальныя дамаганьні


ЗША і Эўропу захліснула хваля гісторый пра харасмэнт. Усьлед за акторкамі Галівуду і палітыкамі аб дамаганьнях сталі распавядаць звычайныя людзі. Многія ўпершыню наважыліся пайсьці ў суд.

У суседняй Расеі, дзе ўсяго толькі год таму сталі вядомыя тысячы гісторый хатняга гвалту, пра харасмэнт працягваюць маўчаць.

У адрозьненьне ад эўрапейскіх краін, выразнага вызначэньня дамаганьняў і спэцыяльнага артыкулу ў крымінальным кодэксе Расеі няма. Адпаведна, не вядзецца і статыстыка.

Калі чалавек пацярпеў ад дамаганьняў, ён можа заявіць пра гэта ў паліцыю. Калі гаворка не ідзе пра наўпроставае ўжываньне сілы або пагрозы гвалту, адзіны варыянт пакараць крыўдзіцеля — заявіць пра «прымус да дзеяньняў сэксуальнага характару».

У законе дакладна вызначана, што павінен зрабіць чалавек, каб стаць абвінавачаным па гэтым артыкуле: выкарыстоўваць шантаж ці залежнасьць ахвяры, ці ж пагражаць сапсаваць маёмасьць. Іншыя віды дамаганьняў або настойлівага перасьледу закон злачынствам ня лічыць.

Супрацоўнікі незалежнага праекта «РосПравосудие» уручную зьбіраюць даступныя тэксты прысудаў з 2006 году.

У большасьці спраў аб «прымусе» ахвяры зьвяртаюцца па дапамогу толькі пасьля таго, як іх усё-ткі прымусілі заняцца сэксам. Значна радзей скаргі паступаюць на стадыі смс-пагроз і іншых праяў дакучлівагай увагі.

Вось тры прыклады, сцэнары вельмі падобныя:

«Стаў шантажаваць яе тым, што <...> зломіць яе тэлефон Samsung Galaxy коштам 14 590 рублёў»;

«Пагражаў распаўсюдзіць <...> зьвесткі аб сэксуальнай арыентацыі»;

<...> забраў усе прадметы адзеньня, пашпарт, пасьведчаньне аб нараджэньні, атэстат аб адукацыі. Атрымаўшы чарговую адмову, зьнішчыў <рэчы> шляхам спаленьня і разразаньня нажом.

У першых двух выпадках удалося схіліць ахвяр да сэксу, у трэцім — не. Усе трое гвалтаўнікоў прызналі віну, але рэальны тэрмін не атрымаў ніводзін. Сталая практыка — прысудзіць падсуднага да штрафу 20-30 тысяч рублёў пры максымуме 120 тысяч. Мінімальны штраф законам не абумоўлены.

Часам крыўдзіцелі атрымліваюць умоўныя тэрміны, і вельмі рэдка — прысуд да рэальнага пазбаўленьня волі.

Артыкул «прымус» ня варта блытаць са «згвалтаваньнем» і «гвалтоўнымі дзеяньнямі сэксуальнага характару», пакараньне па іх значна больш сур’ёзнае. Ніжняя плянка — тры гады калёніі. Адрозьненьне «згвалтаваньня» ад «прымусу» відавочнае: ужываньне або пагроза ўжываньня сілы.

З адкрытых дадзеных на сайце Вярхоўнага суду Расеі відаць, што за 2016 год па першай, «дарослай» частцы 133 артыкулу асудзілі ўсяго 11 чалавек, пры гэтым толькі ў 5 зь іх «прымус да сэксу» быў асноўным артыкулам. У астатніх галоўнае злачынства было іншым. Па «дзіцячай» частцы асуджаных было амаль утрая больш: 33 чалавек. І тут наадварот, «прымус» у большасьці выпадкаў быў якраз галоўным злачынствам.

За першую палову 2017 года асуджаных было амаль столькі ж, колькі за ўвесь 2016 год: 9 чалавек па «дарослай» і 29 чалавек па «дзіцячай» частках. Дадзеных за другую палову году яшчэ няма, а значыць незразумела, ці стала спраў аб «прымусе» больш пасьля скандалу з Вайнштэйнам.

«У нас усё гэта адбываецца, але ціха». Кустава, Раманава, Саламаціна і Шастакова пра справу Вайнштэйна

Маўклівы інтарэс

Расейцы актыўна цікавіліся падзеямі ў Галівудзе і скандалам з Гарві Вайнштэйнам. Пра гэта сьведчыць гісторыя запытаў у «Яндэкс». Упершыню аб дамаганьнях вядомага прадусара стала вядома ў пачатку кастрычніка. Па выніках месяца лік запытаў «мяне дамагаюцца» у «Яндэксе» падскочыў на 6 тысяч, запытаў «дамаганьне» — да 30 тысяч, удвая ў параўнаньні зь верасьнем.

Расейскі тэлеканал НТВ назваў «харасмэнт» словам года. З гэтай нагоды супрацоўнікі каналу папрасілі людзей на вуліцы растлумачыць значэньне гэтага слова, і большасьць справілася. Сутнасьць адказаў: «харасмэнт» — гэта уварваньне ў асабістую прастору.

Але зваротаў па псыхалягічную дапамогу на фоне скандалу з дамаганьнямі больш ня стала — у адрозьненьне ад флэш-мобу #ЯНеБоюсьСказать летам 2016 году, распавядае дырэктар расейскага цэнтру дапамогі ахвярам гвалту «Сёстры» Надзея Заматаева.

Тады тысячы карыстальнікаў сацсетак, пераважна жанчыны, расказвалі пра выпадкі хатняга гвалту. Па дапамогу да псыхолягаў сталі зьвяртацца нашмат часьцей. Аднавіліся заціхлыя было спрэчкі аб неабходнасьці закону аб хатнім гвалце. Ўпаўнаважаная па правах чалавека ў Расеі Тацяна Маскалькова нават прапанавала стварыць гарачую лінію для ахвяраў хатняга гвалту — каб хоць неяк ацаніць маштабы зьявы.

Хоць рэакцыя мэдыя была неадназначнай, чаша вагаў відавочна зрушылася ў бок таго, што пра хатні гвалт маўчаць нельга і вінаваты ў ім гвалтаўнік, а ніяк не пацярпелы ад яго дзеяньняў член сямʼі, заключае дырэктар цэнтра «Сёстры».

А вось скандал з дамаганьнямі нічога падобнага не справакаваў. Зацікавіў, прыцягнуў увагу да гісторый з жыцьця зорак, але да шквалу зваротаў не прывёў.

Ніхто з расейскіх знакамітасьцяў таксама не расказаў пра дамаганьні такім чынам, каб пры гэтым гучала імя гвалтаўніка. Адзінае выключэньне — адкрыцьці савецкай гімнасткі Тацяны Гуцу. Паводле яе, у 1991 году 15-гадовую спартоўку згвалціў партнэр па зборнай Віталь Шчэрба. Гуцу назвала яго «монстрам, які трымаў яе ў турме страху доўгія гады». Гімнастка даўно жыве ў ЗША і нават гэтая гісторыя была напісана на ангельскай мове. Ніякай рэакцыі ад Віталя Шчэрбы не было. Ні адзін з чальцоў зборнай не пацьвердзіў словы Гуцу.

Па словах Заматаевай з цэнтру «Сёстры», абмеркаваньне скандалу з дамаганьнямі ў Расеі выклікала толькі чарговую хвалю асуджэньня тых, хто ад іх пацярпеў. Важную ролю тут адыграла рэакцыя СМІ: у іх дамінавала ідэя, што дамаганьні — гэта ўсяго толькі «гульня», «інтрыжка». Большасьць рэпартажаў рабілі акцэнт на публічнасьці тых жанчын, якія ад яго пацярпелі, абвінавачвалі іх у жаданьні славы любой цаной, распавядае дырэктар цэнтру «Сёстры».

«Сьледчыя органы ў Расеі паступаюць гэтак жа, калі шукаюць доказы аб затрыманым: заклікаюць пацярпелых ад таго ж чалавека зьвяртацца ў паліцыю з заявамі».

На папулярных расейскіх форумах леди.mail.ru і woman.ru большасьць меркаваньняў таксама зводзіцца да наступнага: не было згвалтаваньня — не было і дамаганьняў. Гэта значыць, «паклаў руку на каленку», «запужала і прымусіла заняцца сэксам» — не харасмэнт: гвалту жа не было. Калі гаворка заходзіць пра прызнаньні галівудзкіх зорак, удзельнікі форумаў аднадушныя: актрысы піярацца на абвінавачваньнях а магчыма і самі прапаноўвалі прадусэру сэкс у абмен на дапамогу ў карʼеры.

Гэтую ідэю падмацоўвае аргумэнт, што ахвяры, якія гадамі маўчалі, раптам усе разам загаварылі. Па словах Заматаевай, у гэтым няма нічога дзіўнага: «сьледчыя органы ў Расеі паступаюць гэтак жа, калі шукаюць доказы аб затрыманым: заклікаюць пацярпелых ад таго ж чалавека зьвяртацца ў паліцыю з заявамі», кажа яна.

Імкненьне абвінаваціць у гвалце ахвяру абурае некаторых расіянак настолькі, што маўчаць пра яго яны не зьбіраюцца. 24 студзеня ў рунэце пачаўся маштабны флэшмоб # этонеповодубить. За дзень зьявілася больш за тры тысячы публікацый у інстаграме, сотні пастоў вконтакте і твітэры. Прычым, у адрозненьне ад #янебоюсьсказать і #metoo гэта — не калька з аналягічнага замежнага флэш-мобу, а рух, які пачаўся ў расейскім інтэрнэце.

Дзяўчыны выкладвалі свае фатаграфіі ў ніжняй бялізьне і тлумачылі, што гэта — не падстава пазбавіць іх жыцьця. Абсурдны, на першы погляд, флэшмоб — адказ на гучную гісторыю: маскоўскі студэнт забіў дзяўчыну, а пасьля зьдзейсьніў самагубства. У перадсьмяротнай запісцы ён распавёў пра непадзеленыя пачуцьці, рэўнасьць і пра тое, што хацеў заняцца зь ёй сэксам — а дзяўчына адмаўляла. Але сам флэшмоб быў адказам тым, хто пісаў, што забітая «сама вінаватая», так як адкрыта апраналася і выкладвала фота з сэкс-цацкамі ў інстаграм.

Хлусьня і відэа

Праблема сэксуальных дамаганьняў асабліва балючая на Паўночным Каўказе, у прыватнасьці, у Дагестане, распавядае адвакат праекту «Прававая ініцыятыва» Салімат Кадырава, якая працуе ў гэтым рэгіёне. Пра харасмэнт у эўрапейскім разуменьні — калі справа не даходзіць да сэксу — тут бессэнсоўна нават казаць, дадае Кадырава.

Сутыкненьне традыцыйнай маралі і лібэральных павеваў тут, як гэта ня дзіўна, толькі ўскладняе сытуацыю. Адвакат апісвае папулярны ў Дагестане сцэнар: хлопец і дзяўчына ідуць на спатканьне па каханьні. Яны займаюцца сэксам, малады чалавек здымае гэта на відэа. А потым пачынаецца пекла.

Ён дасылае гэта відэа дзяўчыне і патрабуе працягнуць сэксуальныя адносіны — незалежна ад яе жаданьня. Часта ён яшчэ і вымагае грошы. У выпадку адмовы мужчына абяцае адправіць відэа сваякам ахвяры.

«У Дагестане гэта — самая жудасная пагроза. Сваякі сапраўды могуць забіць за такое», — тлумачыць Кадырава. Паводле яе ацэнкі, рызыкуюць зьвярнуцца са скаргай толькі 5-8% ахвяр.

У якасьці прыкладу Кадырава распавядае гісторыю сваёй 25-гадовай падабароннай Асіят Саідавай. На працягу паўгода яе гвалтавалі дзевяць мужчын, а яна баялася расказаць пра гэта.

Жанчына сьцьвярджала, што галоўным сярод іх быў калега яе мужа, паліцэйскі Магамэд Давуд. Ён нібыта ўзламаў старонку Асіят ў інстаграме і ад яе імя запрашаў аднавяскоўцаў заняцца зь ёй сэксам. «Ты будзеш рабіць тое, што я скажу, як я скажу і зь кім я скажу. Я твой гаспадар», — перадае зьвернутыя да Асіят словы Давудава яе адвакат.

«Ты будзеш рабіць тое, што я скажу, як я скажу і зь кім я скажу. Я твой гаспадар».

Мужчына запісаў першы акт на відэа і пагражаў разаслаць усім сялу, калі жанчына раскажа пра тое, што адбываецца, распавяла Асіят. Яна маўчала: баялася ганьбы, але больш за ўсё — гневу бацькі. Калі муж заўважаў у яе сінякі і задаваў пытаньні, яна апраўдвалася: звалілася на лесьвіцы, пасьлізнулася ў двары. Сябровак у яе не было, маці распавесьці не магла — баялася, што тая ў сэрцах накінецца на гвалтаўніка, і ён яе забʼе. Пры гэтым, па вэрсіі Давудава, усё было інакш: дзяўчына пакутавала на німфаманію і сама пісала мужчынам сумнеўныя паведамленьні і зазывала ў госьці.

Гісторыя скончылася нечакана: мужу Асіят па памылцы адправілі відэа, і ён адразу ж разьвёўся зь ёй. Асіят ў роспачы паспрабавала павесіцца. Зь пятлі яе выцягнула сваячка мужа, якая выпадкова зайшла ў госьці. Асіят зразумела, што губляць ёй няма чаго, і падала заяву ў сьледчы камітэт. Але тое, чаго яна баялася больш за ўсё, не адбылося: бацька падтрымаў і абараніў яе. Гэта зьдзівіла Асіят да глыбіні душы: яна зразумела, што магла расказаць усё з самага пачатку.

Маўчаць аб дамаганьнях прынята ня толькі на Паўночным Каўказе. Палова расейцаў упэўненая, што публічныя заявы пра гвалт руйнуюць традыцыйныя каштоўнасьці — «сямʼю, вернасьць, каханьне», — вынікае з сацыялягічнага апытаньня 2016 года. Яшчэ адна прычына маўчаньня — адсутнасьць звычкі вырашаць праблемы з паводзінамі з дапамогай закону, кажа Антонава з «Прававой ініцыятывы».

Аб хатнім гвалце паведамляюць, калі справа даходзіць да зьбіцьця, сінякоў і пераломаў. А ў дамаганьняў, калі яны не заканчваюцца фізычным гвалтам, часта няма такой «кропкі невяртаньня». Іншымі словамі, няма моманту, калі ясна: вось цяпер трэба ісьці і пісаць заяву. Пакуль усё зводзіцца да пагроз, няпрошаных дакрананьняў і сальных жартаў, ахвяры нават не дапускаюць, што гэта можна спыніць з дапамогай закона. Раз ужо закон ня можа растлумачыць, што такое дамаганьне, то людзі тым больш нч могуць гэта сфармуляваць на аснове інтуіцыі, заключае праваабаронца.

Працоўны момант

«Ці дамагаліся мяне? Вядома, так. Як і многіх прывабных жанчын, якія будуюць карʼеру ў» мужчынскім «сьвеце», — прызнаецца журналістка і намесьніца старшыні камітэту Дзярждумы па пытаньнях сямʼі, жанчын і дзяцей Аксана Пушкіна.

​Дэпутат успамінае, як выходзіла з такіх сытуацый: «пераконвала, што больш выгадна са мной сябраваць і супрацоўнічаць. Што ў іншым, дзелавым аспэкце, я ня менш прывабная. А пераконваць я ўмею, таму ўдавалася выходзіць сухой з вады». Але асадак усё ж такі заставаўся. «Я прыходзіла дадому, тэлефанавала маме са словамі: „Ты здаецца, няправільна мяне выхавала“. А потым зразумела, што як раз правільна », — кажа Пушкіна.

Праблема дамаганьняў на працы ў Расеі відавочна існуе. У 2014 годзе партал Superjob высьветліў, што 8% мужчын і 11% жанчын падвяргаліся дамаганьням на працоўным месцы.

«Вельмі часта ахвяры маўчаць, таму што баяцца пазбавіцца працы», — тлумачыць дырэктар «Цэнтру працоўных правоў» Алена Герасімава.

«У выпадку дамаганьняў на працы жанчына абцяжараная страхам страціць яе».

Калі жанчына заявіць аб хатнім гвалце, то яна рызыкуе сутыкнуцца з асуджэньнем родных, цкаваньнем у сацсетках, агрэсіяй з боку гвалтаўніка. Але на карʼеры і фінансавым дабрабыце гэта хутчэй за ўсё не адабʼецца, запэўнівае Герасімава.

Але зусім іншая — скаргі на дамаганьні на працы. Страта працы — гэта ня самае горшае. Пацярпелыя асьцерагаюцца, што ніхто не захоча наймаць «скандалістку», кажа Герасімава. Эканамічны крызіс і складанасьці пошуку працы толькі пагаршаюць і без таго сумную сытуацыю.

Калі б ня крызіс, скандал з Харві Вайнштэйнам мог бы справакаваць шматлікія аповеды аб дамаганьнях на працоўным месцы. Але з прычыны страху жанчын страціць апошнія грошы гэтага не адбылося. «У выпадку дамаганьняў на працы жанчына абцяжараная страхам страціць яе» — разважае Заматаева з цэнтру «Сёстры».

Вось і Аксана Пушкіна ня хоча вінаваціць нікога з былых калег у дамаганьнях: па яе словах, яна аддае перавагу змагацца з харасмэнтам праз заканатворчасьць. Цяпер яна — у ліку ініцыятараў закона «Аб роўнасьці» (поўная назва — «Аб дзяржаўных гарантыях роўных правоў і свабодаў і роўных магчымасьцяў мужчын і жанчын у РФ»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG