Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка скасаваў забарону на начны продаж алькаголю: «мінэральны прэзыдэнт»


Крама ў Горадні
Крама ў Горадні

Не бракуе гіпотэзаў, якія знаходзяць у рашэньні Лукашэнка карысьлівы інтарэс, маўляў, гэта зроблена ў інтарэсах алькагольнага лобі, дзеля захаваньня іхных даходаў. Можна, зразумела, бачыць у рашэньнях улады выключна карысьлівыя інтарэсы.

З такім жа посьпехам можна разважаць, што МУС, адстойваючы забарону на продаж алькаголю ў начны час, адстойвала інтарэсы начных бараў і рэстарацыяў, таксістаў і вытворцаў самагону. Бо калі ноччу ў чалавека, як той казаў, «трубы гараць», а ў крамах забароняць гандляваць сьпіртным, то куды ён пойдзе? У начны шынок, да таксістаў, да бабкі-самагоншчыцы. Дык забарона была дзеля іх зробленая?

Мяркую, што не. Мяркую, што ўсё ж і тыя, хто ўводзіў забарону, і той, хто яе скасаваў, зыходзілі са свайго ўяўленьня дзяржаўных, грамадзкіх інтарэсаў. Наколькі яны адэкватна іх уяўляюць, гэта іншае пытаньне.

Цень Гарбачова

Дык зь якога разуменьня зыходзіў Лукашэнка? Мы ўсе — нявольнікі свайго жыцьцёвага вопыту. І ён таксама. На ягоны век прыпала антыалькагольная кампанія Міхаіла Гарбачова. Тая кампанія не была поўным «сухім законам», але ўводзіла цэлы спэктар абмежавальных захадаў, якія балюча білі па звычках людзей.

Так, у выніку кампаніі спажываньне алькаголю ў тагачасным СССР скарацілася. Але гэта было не адзіным наступствам кампаніі. Ня меншымі, калі ня большымі, былі сацыяльна-палітычныя наступствы. Не, рэакцыяй не былі бунты (прынамсі ў Беларусі, у іншых рэгіёнах СССР былі і бунты). Але менавіта тады аўтарытэт Гарбачова абрынуўся. Яго пачалі нават не праклінаць, хоць і гэта было, зь яго пачалі злосна сьмяяцца. Народная мянушка «мінэральны сакратар» зьявілася менавіта тады. І безьліч іншых саркастычных і абразьлівых жартаў.

І аўтарамі гэтых жартаў былі ня толькі закончаныя алькаголікі. Аўтарытэт лідэра тады абваліўся і ў вачах людзей, якія ўжывалі сьпіртное памяркоўна. Бо ён замахнуўся калі не на сьвятое, то на важнае, на традыцыйнае, на сваё.

У пэўным сэнсе народная рэакцыя на антыалькагольную кампанію была чыньнікам краху камуністычнай сыстэмы. Не галоўным, безумоўна, але ў дыскрэдытацыі тагачаснага лідэра той сыстэмы далёка не апошнім. І Лукашэнка гэта памятае, гэта ягоны досьвед, ягоная маладосьць, ягонае жыцьцё.

Так, шмат у якіх краінах забарона на начны продаж алькаголю дзейнічае даўно і дае плён. Такая забарона ёсьць у Польшчы, з пачатку дзясятых — у Расеі, зь нядаўняга часу — ва Ўкраіне. Дзьве апошнія краіны постсавецкія, там таксама хапае людзей, якія памятаюць вынікі гарбачоўскай антыалькагольнай кампаніі.

Магчыма, у Лукашэнкі гэтая памяць больш вострая і балючая. Ну а досьвед нейкіх далёкіх швэдаў ці нарвэжцаў... У Швэцыі, можна меркаваць, кіраўніка ўраду, які забараняў начны продаж алькаголю, не называлі «мінэральным прэм’ерам». І ён праз пару гадоў не зьляцеў са сваёй пасады. І Лукашэнка там у той час ня жыў.

А ў Беларусі ён жыў усё жыцьцё, і «мінэральнага сакратара» памятае, і фінал ягонай карʼеры ў сьнежні 1991 году таксама бачыў на свае вочы. І ня хоча, каб яго называлі «мінэральным прэзыдэнтам», ня хоча, каб зь яго сьмяяліся.

Ці прывяла б да гэтага менавіта забарона на продаж алькаголю ў начны час, невядома. Увогуле, пры тым, што пʼюць беларусы шмат, ня факт, што так ужо шмат сьпіртнога купляецца менавіта ў начны час. У такіх пакупак, мяркую, галоўны матыў — калі ў добрай кампаніі і на добрай бяседзе «не хапіла», трэба «дагнаць». Бывае. Але ня так ужо і часта гэта здараецца нават у людзей, якія бутэльцы зусім не чужыя.

Статыстыка наступстваў забароны начнога продажу алькаголю існуе і ў Беларусі, і ў іншых краінах, але яна не пазбаўленая супярэчнасьцяў.

Супярэчлівая статыстыка начных забаронаў

У Менску ў 2015 годзе ўжо праводзіўся экспэрымэнт, калі ў летнія месяцы забаранялі продаж алькаголю з 22.00 да 9.00. Паводле інфармацыі сталічнай міліцыі, за ліпень-жнівень 2015 году у параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2014-га колькасьць забойстваў зьменшылася ўдвая, а цяжкіх цялесных пашкоджаньняў — утрая. Таксама паводле міліцыі «ў разы зьнізілася колькасьць грамадзян, якіх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за знаходжаньне ў нецьвярозым выглядзе ў грамадзкім месцы».

Аднак у агульнай статыстыцы па злачынствах у Менску гэтае зьніжэньне злачыннасьці ў разы па асобных відах неяк не пацьвярджаецца, у цэлым узровень злачыннасьці ў 2015 годзе зьнізіўся нязначна адносна 2014 году, у 2016 годзе ў параўнаньні з 2015 годам зьнізіўся значна больш істотна, хаця ў 2016 годзе ніякіх антыалькагольных экспэрымэнтаў не праводзілася. Так што зьніжэньне ў 2015 годзе магло быць проста часовым ваганьнем альбо яго выклікалі іншыя прычыны.

Станоўчы эфэкт забароны на продаж алькаголю ў начныя часы быў зафіксаваны і ва Ўкраіне, прынамсі паводле дадзеных па Жытоміры, Луцку, Камянцы-Падольску, дзе ўводзілася падобнае абмежаваньне, мела месца істотнае, у разы, скарачэньне колькасьці злачынстваў, учыненых у стане алькагольнага апʼяненьня. Аднак зьдзіўляе як маштаб скарачэньня, так і яго працягласьць. Паводле дадзеных па гэтых украінскіх гарадах, колькасьць пʼяных злачынстваў працягвала істотна скарачацца і праз 4 і нават праз 7 гадоў пасьля ўвядзеньня забароны на начны гандаль алькаголю. Магчыма, прычыны гэтага былі насамрэч іншыя.

Нарэшце, расейскія дасьледнікі вызначылі наўпроставыя вынікі падобнага экспэрымэнту, які праводзіўся ў шэрагу рэгіёнаў РФ на мяжы нулявых-дзясятых (зараз у Расеі дзейнічае фэдэральны закон аб забароне начнога продажу алькаголю). У прыгаданым дасьледаваньні даюцца прамыя лічбы скарачэньня спажываньня алькаголю ў выніку забароны прадаваць яго ноччу. Продажы алькаголю і сапраўды скараціліся, але папраўдзе зусім нязначна — прыкладна на 3%.

Шкада, што падобных лічбаў няма па Беларусі і па Ўкраіне. Традыцыі спажываньня алькаголю ў трох усходнеславянскіх краінах падобныя. Але калі дапусьціць, што ў Беларусі і Ўкраіне, як у Расеі, забарона на начны продаж алькаголю скарачае спажываньне на 3-5%, то гэта ніяк не сумяшчаецца са зьвесткамі пра скарачэньне «пʼянай» злачыннасьці ў разы.

Тым ня менш варта прызнаць, што пэўнае скарачэньне як спажываньня алькаголю, так і «пьянай» злачыннасьці, у выніку начной забароны на продаж алькаголю мае месца.

Але гэта не касуе аргумэнты што да сацыяльна-палітычных наступстваў забаронаў. Гарбачоўская антыалькагольная кампанія таксама мела ў тым ліку і станоўчы плён.

Продажы сьпіртовых напояў тады па краіне зьнізіліся больш як у 2,5 раза, пры гэтым рост спажываньня нелегальнага алькаголю не кампэнсаваў зьніжэньне афіцыйнага продажу. Савецкія людзі тады сталі піць менш. У выніку істотна зьнізілася злачыннасьць, сьмяротнасьць, прыкметна павысілася нараджальнасьць і працягласьць жыцьця. Аднак народ гэтыя даброты адкінуў. Адкінула ўсьлед за народам іх і новая ўлада.

«Мы вытрымаем»?

Падобныя дылемы ўласьцівыя не адно аўтарытарным дзяржавам: дэмакратычным хіба ня ў большай ступені. У 2015 годзе Ангела Мэркэль абвясьціла палітыку «адчыненых дзьвярэй» для мігрантаў, сказаўшы знакамітыя словы «Мы вытрымаем». Напэўна, лічыла, што немцы і сапраўды вытрымаюць, што гэта іхны маральны абавязак, што вынік урэшце будзе станоўчым.

Вынікам стаў рост раздражненьня, палітычны посьпех антыімігранцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны», зьніжэньне рэйтынгу партыі Мэркэль. І зьмена палітыкі. Не на адваротную, але ў бок істотна больш строгіх правілаў іміграцыі. Немцы, як высьветлілася, не захацелі «вытрымаць».

Лідэр адрэагавала на голас уласнага грамадзтва, магчыма, на яе погляд, голас цемрашальны, спароджаны забабонамі. Але голас свайго грамадзтва.

У выніку ўсталяваўся балянс паміж прынцыпамі лідэра, яе ўяўленьнямі аб тым, што добра для яе грамадзтва, і ўяўленьнямі пра гэта самога грамадзтва. А яны ў розных грамадзтваў розныя.

Вяртаючыся да «алькагольнай» тэмы, адзначу цікавую дэталь, якую паведаміў Дзьмітры Гурневіч у сваім дасьледаваньні, як яшчэ 100 гадоў таму ў скандынаўскіх краінах уводзілі абмежаваньні на продаж алькаголю. У парлямэнце Швэцыі, які прымаў адпаведныя законы, палова дэпутатаў была абстынэнтамі, людзьмі, якія не пілі наагул.

Як на мой погляд, дык паказьнік таго, што швэдзкае грамадзтва было да падобных зьменаў падрыхтаванае. Маё асабістае, у тым ліку і шчыльнае, знаёмства з многімі прадстаўнікамі беларускай палітычнай эліты, як праўладнай, так і апазыцыйнай, неяк не стварыла ў мяне ўражаньня, што палова зь іх наагул не ўжываюць сьпіртнога.

Якая эліта — такое і грамадзтва. Ці стаў бы Лукашэнка ў вачах народу ў выніку начной забароны алькагольнага гандлю «мінэральным прэзыдэнтам» — а ў яго няма жаданьня правяраць.

Зразумела, хацелася б, каб беларусы пілі менш, бо пʼюць і сапраўды шмат. Але хто гатовы плаціць за гэта па палітычных рахунках?

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG