Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская экспазыцыя зьявіцца ў найбуйнейшым у сьвеце кітайскім выставачным комплексе


5–10 лістапада Беларусь будзе прадстаўленая на выставе China International Import Expo ў Шанхаі, — паведаміў 4 кастрычніка журналістам начальнік упраўленьня Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Міністэрства замежных справаў Беларусі Сяргей Цярэнцеў.

Ён патлумачыў, што выстава мае дзьве адметнасьці. Па-першае, яна пройдзе ў найбуйнейшым у сьвеце выставачным комплексе агульнай плошчай каля 1,5 мільёна квадратных мэтраў. Па-другое, гэта выстава толькі імпартных тавараў і паслугаў.

«А паколькі ў гандлёвым балянсе Беларусі і Кітаю мы ў даволі значным мінусе, то гэтую выставу мы разглядаем як новую магчымасьць пашырыць прысутнасьць на кітайскім рынку», — падкрэсьліў чыноўнік.

Ён дадаў, што з увагі на важнасьць экспазыцыі ў Менску правялі два яе «прагоны». На іх запрасілі кітайскіх экспэртаў, якія падказалі, што трэба скарэктаваць.

Непасрэдна арганізуе беларускую экспазыцыю Нацыянальны цэнтар маркетынгу. Ягоны дырэктар амбасадар Валер Садоха сказаў, што памер беларускага павільёну 136 квадратных мэтраў, а агульная экспазыцыйная плошча беларускіх стэндаў складзе 778 квадратных мэтраў. На іх прэзэнтуюцца болей за 80 прадпрыемстваў.

«Нават калі мы зоймем меней за 1% кітайскага рынку, то і гэта будзе посьпех, зважаючы на яго каласальныя памеры», — падкрэсьліў спадар Садоха.

Арэнда аднаго квадратнага мэтру на China International Import Expo каштуе ад 200 да 350 эўраў.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў да 2020 году павялічыць беларускі экспарт у Кітай да 1,5 мільярда даляраў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за першыя сем месяцаў сёлета Беларусь прадала ў Кітай тавараў на 241 мільён даляраў. За гэты час беларускі дэфіцыт у агульным балянсе гандлю таварамі склаў ажно 1 мільярд 488 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG