Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Церашковіч: глябальныя катастрофы да Беларусі бліжэй, чым мы думаем


Павел Церашковіч.
Павел Церашковіч.

Беларускі гісторык, этноляг і культурны антраполяг Павел Церашковіч выступіў ў незвычайнай якасьці. У 2018 годзе навуковец выдаў кнігу нарысаў па эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі сучаснасьці «Глябальныя праблемы чалавецтва».

З Паўлам Церашковічам мы гутарым пра тое, наколькі глябальныя праблемы чалавецтва далёкія ад Беларусі.

Сацыяльная няроўнасьць — глябальная пагроза

— Ваша кніга прысьвечана глябальным выклікам, перад якімі ў наш час стаіць чалавецтва агулам і Беларусь у прыватнасьці. Вы падзялілі іх паводле сваёй уласнай герархіі і на першае месца паставілі праблему глябальнай сацыяльнай няроўнасьці. Чаму, на вашу думку, гэта найбольш важная праблема?

— Статыстыка, якая адлюстроўвае ступень сацыяльнай няроўнасьці папросту палохае. У беларусаў ёсьць такая добрая прыказка, што бог няроўна дзеліць, але вось сёньня складаецца такое ўражаньне, што ён проста апусьціў рукі і заплюшчыў вочы.

Ну вось паглядзіце самі: 71% насельніцтва плянэты мае ўсяго 3% багацьця. У той час як 8% самых заможных кантралююць 84% багацьця. Да гэтага можна дадаць, што самыя заможныя, умоўна кажучы даляравыя мільянэры, складаюць менш за 1% насельніцтва плянэты, дзесьці 0,7%. Але яны маюць амаль палову багацьця сьвету.

І вось гэтыя працэсы ўвесь час паглыбляюцца: заможныя становяцца яшчэ больш заможнымі, жабракі робяцца яшчэ большымі жабракамі. Я ў сваёй кнізе выкарыстоўваў такую мэтафару, што мы жывем на плянэце жабракоў.

Ну і я б да гэтага дадаў яшчэ такую статыстыку. Пры той канцэнтрацыі багацьця, якая існуе ў сьвеце, трэцяя частка людзей сталага ўзросту ня маюць пэнсіі. То бок аніякай сыстэмы сацыяльнай бясьпекі для іх не існуе.

78% беспрацоўных — дзьве траціны, нават болей! — ня маюць аніякай дапамогі. 72% інвалідаў у сьвеце ніякай сацыяльнай дапамогі не атрымліваюць. Такія памеры сацыяльнай няроўнасьці.

Мне здавалася, што гэта маё індывідуальнае адкрыцьцё, што сацыяльная няроўнасьць — гэта галоўная небясьпека. Але ўжо пасьля выданьня кнігі я сутыкаўся з цытатамі Барака Абамы і Крысьцін Лягард пра тое што менавіта сацыяльная няроўнасьць зьяўляецца галоўнай небясьпекай у сучасным сьвеце.

Сацыяльная няроўнасьць — пагроза дэмакратыі ва ўсім сьвеце

— Гэтыя працэсы і змрочныя прагнозы датычацца ўсіх краін сьвету? Нават такіх заможных, як Злучаныя Штаты Амэрыкі?

Гадоў шэсьць таму ў часопісе Foreign Affairs быў вельмі цікавы артыкул Фрэнсіса Фукуямы — задоўга да таго, як Трампа сталі абмяркоўваць у якасьці кандыдата на пасаду прэзыдэнта. Фукуяма пісаў, што ў ЗША ідуць вельмі пагрозьлівыя працэсы, ідзе размываньне сярэдняй клясы, а гэта выклікае за сабой пагрозу дэмакратыі.

І чаму гэта адбываецца — таму што, скажам так, ствараецца такая сацыяльная фрустрацыя, бо менавіта сярэдняя кляса ня можа рэалізаваць сябе. Папросту скарачаецца колькасьць тых працоўных месцаў, дзе можна добра зарабіць.

у ЗША ідуць вельмі пагрозьлівыя працэсы, ідзе размываньне сярэдняй клясы, а гэта выклікае за сабой пагрозу дэмакратыі

Фукуяма пра гэта і пісаў, што хуткія грошы робяцца або ў сфэры фінансавых спэкуляцый, або ў сфэры высокіх тэхналёгій. Але вось гэтыя высокія тэхналёгіі не ствараюць вялікай колькасьці працоўных месцаў. Хутчэй наадварот: яны масавую працоўную занятасьць зьнішчаюць.

І вось гэта выклікае вялікую занепакоенасьць у грамадзтве, а яна цягне за сабой тое, што да ўлады ў дэмакратычных краінах апошнім часам усё часьцей і часьцей прыходзяць правыя папулісты.

Ну вось дастаткова зьвярнуць увагу на вынікі парлямэнцкіх выбараў у Швэцыі. І хоць практычна ўсе гэтыя папулісты прыходзяць да ўлады пад сьцягам змаганьня з эміграцыяй, але не ў эміграцыі тут пытаньне. Бо мігранты — гэта проста такі раздражняльнік для масавай сьвядомасьці. Яны выконваюць прыкладна тую ж ролю, якую выконвалі ў нацысцкай ідэалёгіі габрэі ў 30-я гады.

Галоўнае тое, што ідзе распластаваньне грамадзтва, яно павялічваецца, і нават у самых заможных, дэмакратычных краінах. Нават у Канадзе бездань паміж самымі заможнымі і самымі беднымі ўвесь час павялічваецца.

Мы з вамі гісторыкі і добра ведаем, што адбываецца ў сьвеце, калі да ўлады прыходзяць правыя, ультраправыя. Гэта заўсёды ідэалёгія нянавісьці, і гэтая нянавісьць калі-небудзь выбухне.

Вось таму я лічу, што сацыяльная няроўнасьць — гэта праблема нумар адзін у сучасным сьвеце.

— А як на гэтым тле выглядае Беларусь?

— Беларусь, у дадзеным выпадку, выглядае больш-менш. У параўнаньні з Украінай, Расеяй — у нас усё ж узровень сацыяльнай няроўнасьці не такі, як у гэтых краінах.

Для Беларусі гэта вылік у сэнсе сыстэмы міжнародных адносін. Тое, што правыя прыходзяць да ўлады, дзесьці раней ці пазьней яно выйдзе і на сыстэму міжнародных адносін, што, безумоўна, нас закране.

Чым глябальнае пацяпленьне пагражае Беларусі

— На другім месцы, паводле вашай герархіі, стаіць праблема глябальнага пацяпленьня. Чаму?

— Глябальнае пацяпленьне таксама можа стаць праблемай № 1 у сьвеце — больш цяжкай для вырашэньня, чым праблема сацыяльнай няроўнасьці. Праблема ў тым, што глябальнае пацяпленьне паскараецца. Гэта відавочна. Літаральна бачна, што на плянэце становіцца ўсё цяплей і цяплей.

І вось апошнім часам ідзе інфармацыя, як вельмі хутка растае арктычны лёд у Паўночным Ледавітым акіяне. Згодна з прагнозамі, у сярэдзіне стагодзьдзя там увогуле яго не застанецца. І гэта сьведчыць пра тое, што сапраўды ў атмасфэры назапашана вялікая колькасьць цяпла.

Цяпер гэтае цяпло «займаецца», калі так можна сказаць, раставаньнем льдоў, а вось калі яны растануць, то яно папросту будзе накрываць нашу плянэту. А да чаго гэта вядзе? Да зьменаў клімату.

вельмі моцная засуха ў траўні і чэрвені — гэта абсалютна незвычайная рэч, якая прывяла да таго, што Беларусь згубіла прыкладна палову ўраджаю

Абсалютна відавочна, што і ў нашай краіне становіцца ўсё цяплей і цяплей. І ёсьць аптымісты, якія кажуць, што гэта нават і добра, што ў нас новыя сельскагаспадарчыя культуры будуць вырошчвацца і г. д.

Але такія радыкальныя кліматычныя зьмены заўсёды цягнуць за сабой небясьпечныя кліматычныя зьявы. Тое, што адбывалася гэтым летам — вельмі моцная засуха ў траўні і чэрвені — гэта абсалютна незвычайная рэч, якая прывяла да таго, што Беларусь згубіла прыкладна палову ўраджаю. Вось паказчык таго, як гэтыя зьмены адбываюцца, як яны ўплываюць.

Ну і яшчэ да гэтага трэба дадаць, гэта ўжо агульнавядома і прызнана нашымі географамі, што пацяпленьне ў Беларусі ідзе больш хуткімі тэмпамі, чым у паўночным паўшар’і. Прыкладна адсоткаў на 10-15 паскоранымі тэмпамі для пацяпленьня.

Гэта цягне за сабой праблему, якая ў нас, здаецца, яшчэ ня вельмі моцна асэнсаваная — гэта праблема дэфіцыту пітной вады. У маёй кніжцы ёсьць асобная глава, якая прысьвечаная гэтай праблеме, у першую чаргу, гэта праблема самых населеных рэгіёнаў сьвету — Кітаю, Індыі, Банглядэшу, Пакістану.

— У Беларусі ёсьць Палесьсе, якое вельмі багатае на водныя рэсурсы і якое называюць лёгкімі Эўропы. Няўжо і яму пагражае небясьпека?

— Я быў вельмі зьдзіўлены, калі шукаў мапу сусьветнага воднага дэфіцыту, і практычна на ўсіх мапах у зоне рызыкі пазначаная і наша краіна. І пазначаная ў першую чаргу рэгіён Палесься.

Як гэта працуе? Вядома, што на Палесьсі грунтовыя воды стаяць вельмі высока, ну і менавіта высокі ўзровень забалочанасьці рэгіёну. Але калі няма ападкаў, гэтыя высокія грунтовыя воды вельмі хутка высыхаюць.

Гэта цягне за сабой высыханьне лесу, сухое дрэва прыцягвае да сябе шкоднікаў, караедаў, зь якімі змагацца адзіны спосаб — гэта лес высякаць. А калі лес высякаць, то ўзровень вільгаці будзе яшчэ меншы. Гэта такая ланцуговая рэакцыя, якая нам вельмі-вельмі моцна пагражае.

— А што робіцца ў гэтым сэнсе ў суседзяў Беларусі, напрыклад, у такой геаграфічна вялікай і багатай краіне, як Расея?

— Сытуацыя ўсюды зьмяняецца вельмі хутка, зьяўляецца новая інфармацыя. Літаральна пару тыдняў таму Міністэрства прырода Расейскай Фэдэрацыі надрукавала справаздачу аб стане навакольнага асяродзьдзя. Гэтая справаздача, фундамэнтальная праца, там каля 900 старонак тэксту.

У Расеі наогул географы доўга сьцьвярджалі, што ніякага пацяпленьня няма — гэта першае. Ну і другое, яны катэгарычна былі супраць таго, каб вінаваціць чалавецтва ў парніковым эфэкце. Вось зараз Мінпрыроды Расеі прызнае і глябальнае пацяпленьне, і тое, што гэта вынік дзейнасьці чалавека.

вялікая праблема — раставаньне вечнай мерзлаты ў Сыбіры, гэта прыкладна палова тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Гэта небясьпечна тым, што можа адбыцца выдзяленьне вялікай колькасьці мэтану

Больш за тое, яны дадаюць, што ў іх глябальнае пацяпленьне ідзе яшчэ хутчэй, чым у нашай краіне. Яны пералічылі ўсе праблемы, якія ў сувязі з гэтым узьнікаюць — і зьнікненьне лясоў, і праблема пітной вады, і зьмена кліматычных патэрнаў, мадэлі клімату.

Кранула, што сярод праблем, пра якія яны кажуць, — праблема раставаньня мерзлаты ў Сыбіры, а шматгадовая мерзлата — гэта прыкладна да паловы тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Пра тое, што гэта небясьпечна, ужо пісалі даўно, магчыма выдзяленьне вялікай колькасьці мэтану.

Але вось зараз расейскія спэцыялісты пішуць, што ў гэтай зоне ёсьць вялікая колькасьць магільнікаў бактэрыялягічнай зброі, хімічнай, радыеактыўных адкідаў. Калі гэта ўсё будзе раставаць, усё гэта трапіць у атмасфэру — гэта можа выклікаць катастрофу. Таму гэта стане галоўнай праблема і перад Беларусьсю, і перад усім чалавецтвам.

Беларусі пагражае глябальнае беспрацоўе, але мы да гэтага не гатовыя

— На чарзе праблема занятасьці насельніцтва. Яе вы называеце трэцяй. Што будзе зь беларускім рынкам працы ў агляднай пэрспэктыве? Як наша краіна выглядае ў гэтым сэнсе на глябальным фоне і татальнай рабатызацыі?

— Некалькі год таму спачатку Нямеччына, а потым і Злучаныя Штаты запусьцілі праграму пад умоўнай назвай «Індустрыя 4.0», якая азначае новы віток у разьвіцьці ня толькі новых тэхналёгій, але і ўвогуле нашай цывілізацыі.

Гаворка фактычна ідзе пра стварэньне тэхналёгій, якія ня будуць патрабаваць удзелу чалавека ў прамысловасьці. І зараз гэтыя працэсы ўжо ідуць вельмі хутка, я вось некалькі лічбаў прывяду. Найбуйнейшая карпарацыя сьвету на сёньняшні дзень паводле абароту грошай — гэта карпарацыі Walmart, якая займаецца рытэйлам у дзясятках краін. У гэтай карпарацыі працуюць 2 мільёны 300 тысяч чалавек.

Карпарацыя Amazon, якая цяпер адна з самых дарагіх у сьвеце і таксама займаецца продажам, мае занятых усяго паўмільёна чалавек.

А калі мы паспрабуем параўнаць, то Apple, які саступае Walmart па гадавым абароце ў разы, але разам з тым зьяўляецца самай дарагой кампаніяй сьвету, мае занятых усяго 115 тысяч чалавек.

Гэта тыя прыклады, якія сьведчаць, што разьвіцьцё тэхналёгій ужо сёньня вядзе да скарачэньня попыту на працоўную сілу. І ў краінах Захаду ёсьць людзі, якія думаюць, што будзе з людзьмі, калі яны масава пачнуць губляць працоўныя месцы. Пакуль што прапрацоўваюцца два варыянты.

— Якія існуюць магчымыя варыянты пераадоленьня гэтай праблемы?

— Першы — скарачэньне працоўнага тыдня. Быў экспэрымэнт у Швэцыі, усё было вельмі добра, але падлічылі, што сёньня Швэцыя ня можа сабе дазволіць такой раскошы.

І другі варыянт — гэта так званы базавы даход, то бок гэта мінімальная сума грошай, мінімальная частка нацыянальнага багацьця, якую павінен атрымліваць кожны чалавек, незалежна ад таго, працуе ён ці не.

Таксама былі спробы ўвесьці гэта ў Швэйцарыі, рэфэрэндум не пацьвердзіў жаданьне швэйцарцаў у гэтым удзельнічаць. Ёсьць яшчэ экспэрымэнт у Фінляндыі, пакуль ён яшчэ ня скончаны. Вось у гэтых краінах гэтыя пытаньні абмяркоўваюць.

— А ў Беларусі?

— У нашай краіне такое пытаньне пакуль яшчэ не стаіць.

Але тут абсалютна зразумела, што шмат хто ў Беларусі будзе губляць працу незалежна ад таго, дзе паставяць гэтага робата, які будзе зьбіраць трактары. Ці гэта будзе на нашым трактарным заводзе ў Менску, ці дзесьці ў Нямеччыне ці Кітаі. Усё роўна значная частка людзей пазбавіцца сваіх працоўных месцаў.

Што зь імі рабіць — пакуль на гэта ніхто адказаць ня можа.

Ну і скарачэньне працоўнага тыдня, і базавы даход — гэта калі змогуць сабе дазволіць, то вельмі і вельмі заможныя краіны. Беларусь, на жаль, відавочна сабе такога дазволіць ня зможа. І самая вялікая праблема, што ў нас гэта пакуль што нават яшчэ не абмяркоўваецца.

Беларускі адказ на глябальны выклік

— Што можа зрабіць беларуская дзяржава і эліта? Які адказ павінен быць, хаця б ідэальна? Што трэба рабіць у такой сытуацыі?

— Па-першае, каб зразумець, што хвароба ёсьць, трэба паставіць дыягназ. Патрэбна, каб тыя людзі, якія маюць інфармацыю, маюць досьвед у глябальных праблемах, як мага болей пра гэта казалі. Асабліва тое, што тычыцца глябальнага пацяпленьня і яго ўплыву на наша існаваньне.

тое, чым займаецца Белгідрамет, абсалютна не адпавядае складанасьці праблемы, якая перад намі стаіць

Таму што гэтая праблема павінная быць прынятая на ўзроўні грамадзтва, на ўзроўні эліты.

Першае, што трэба рабіць — трэба выдаткоўваць тэрмінова сродкі на тое, каб рыхтаваць спэцыялістаў: кліматолягаў, мэтэаролягаў, таму што, на жаль, тое, чым займаецца Белгідрамет, абсалютна не адпавядае складанасьці праблемы, якая перад намі стаіць.

Тэрмінова патрэбныя спэцыялісты, якія кваліфікавана маглі б гэтым займацца.

Ці непазьбежная вайна для вырашэньня глябальных прабем эканомікі

— Ці магчыма прадухіліць ваеннае сутыкненьне, якое можа стаць выйсьцем для эканамічных праблем? Калі здарыцца вайна, то, як лічаць эканамісты, даўгі будуць сьпісаныя. Ці ёсьць у вас адчуваньне, што такое разьвіцьцё падзеяў можна прадухіліць? Або вайна непазьбежная?

— Пакуль што такога адчуваньня няма. Больш за тое, калі гэта параўноўваць з кліматычнай праблемай, то тое, што цяпер адбываецца ў сьвеце — разбалянсаваньне глябальнай кліматычнай мадэлі, усталяванай на працягу апошніх стагодзьдзяў, адбываецца і ў сыстэме міжнародных адносінаў. Так што тут у мяне асабліва аптымізму няма.

Трэба, каб людзі зразумелі, што небясьпека ёсьць, і небясьпека вельмі і вельмі сур'ёзная

Тое, што тычыцца індывідуальнага ўзроўню. Трэба, каб людзі зразумелі, што небясьпека ёсьць, і небясьпека вельмі і вельмі сур'ёзная. Што могуць зрабіць людзі? Засвойваць новыя практыкі, якія зьберагаюць прыроду. Гэта самы першы крок, які можа зрабіць кожны.

Я нічога не казаў пра забруджваньне прыроднага асяродзьдзя, у тым ліку плястыкам, гэта таксама праблема. Трэба ўдзельнічаць і скараціць ужываньне плястыку. Мы сваёй сям’ёй таксама прынялі рашэньне і робім усё магчымае, каб гэтага было як мага меней. Вось літаральна першы крок.

Ну і галоўнае, калі ёсьць сьвядомасьць, што гэтыя праблемы існуюць, пашыраць інфармацыю пра іх між тымі людзьмі, якія побач, якія могуць гэта зразумець. Калі будзе разуменьне, што хвароба існуе, то, магчыма, будуць знойдзеныя і варыянты яе лячэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG