Каму ў Беларусі яшчэ варта даць Нобэлеўскую прэмію? Што зьмяніла прэмія Алексіевіч? Што ўвогуле можа прэмія? Нобэлеўскі тыдзень і ня толькі абмяркоўваюць Аляксандар Лукашук, Юры Дракахруст, Аляксандра Дынько і Ян Максімюк.
Прапануем фрагмэнт дыскусіі.
Аляксандар Лукашук: На ваш погляд, што ў Беларусі ці для Беларусі апошнія тры гады азначае гэтая прэмія? Ці вы сутыкаліся самі зь нейкім нобэлеўскім аспэктам таго, што вы зь Беларусі? Што азначае гэта прэмія для вас?
Ян Максімюк: Задоўга да таго, як Сьвятлана Алексіевіч атрымала гэтую прэмію, я выступаў з публічнымі меркаваньнем, даволі непапулярным у той час, што прэмія для расейскамоўнага беларускага пісьменьніка — гэта таксама будзе прэмія для беларускай літаратуры. Гэта было задоўга да таго, як гэтую прэмію Алексіевіч атрымала. Людзі абураліся, называлі мяне па-рознаму, казалі, што я прыхільнік русыфікацыі Беларусі, рускага міру.
Я ўсё ж лічыў, што ніякай трагедыі не адбудзецца, калі расейскамоўны пісьменьнік зь Беларусі атрымае гэтую прэмію, і што гэтая прэмія, магчыма, дасьць нагоду для пераасэнсаваньня беларускай культурнай прасторы і што такое беларуская літаратура наогул.
Аляксандар Лукашук: Калі паглядзець на тры гады, якія прайшлі пасьля прэміі Алексіевіч, ці ваш падыход меў рацыю?
Ян Максімюк: Так, гэтыя тры гады шмат каму далі матэрыял для роздуму. Ня ўсе з гэтым пагаджаюцца, ёсьць людзі, якія кажуць, што Алексіевіч — гэта расейская культура, калі не расейская, дык гэта яшчэ савецкая, але не сучасная беларуская культура, але я сваёй думкі не зьмяніў.
Аляксандар Лукашук: Аляксандра, ці вы сутыкаліся зь нейкім аспэктам, што вы зь Беларусі, з краіны, дзе ёсьць ляўрэатка, у тым ліку ваша знаёмая? Для вас, што азначалі гэтыя тры гады, ці ёсьць у іх нобэлеўскі аспэкт?
Аляксандра Дынько: Безумоўна, ёсьць. Тое, калі і ў які момант Беларусь займела нобэлеўскага ляўрэата, было для нас проста крытычна важным, бо вакол нас пачаў рушыцца ўвесь сьветапарадак з гэтымі пераўтварэньнямі ва Ўкраіне, зьмянілася палітычная роля Расеі, якая на нас непасрэдна ўплывае. У сьвеце сталі адбывацца важныя падзем, Брэксіт, мігранцкі крызіс, і тут гэтая Нобэлеўская прэмія дала беларусам нейкі грунт. Яна дала беларусам пачуцьцё самапавагі.
Я пра сябе таксама кажу, ня так глябальна пра ўсіх беларусаў. Яна дала магчымасьць паглядзець на чалавека побач і падумаць, што ён чагосьці варты, чагосьці можа, і калі ты ходзіш па адным вуліцах з нобэлеўскім ляўрэатам, гэта да чагосьці абавязвае. І мы займелі вельмі магутны, моцны голас на баку сьвятла, аўтарытэтнае меркаваньне, якога нам раней вельмі не хапала, да якога прыслухоўваюцца цяпер, да якога зьвяртаюцца ў кожнай нават самай дробнай падзеі, і да якога яшчэ будуць і будуць зьвяртацца.
Юры Дракахруст: Па-першае, гэта моцна знак ідэнтычнасьці. Калі размаўляеш з замежнікамі, а, вы зь Беларусі, у вас Алексіевіч, нобэлеўская прэмія. Яшчэ адна метка Беларусі. Да апошняга часу гэта быў Лукашэнка і ўсё.
Аляксандар Лукашук: А спорт такую функцыю не выконваў? Перамогі...
Юры Дракахруст: Такіх вялікіх перамогаў не было ў тых відах спорту, якія самыя-самыя. Для многіх перамога Алексіевіч як спартовая перамога. Людзі кажуць праз коску: у нас Алексіевіч, мы Вайбэр прыдумалі. Мы вызначыліся ў сьвеце чымсьці, што прызнае ўвесь сьвет. Гэта вельмі важны момант. І другое, многія людзі, якія да прэміі казалі, што Алексіевіч — не беларуская пісьменьніца, зараз зьмянілі погляды. Посьпех уражвае. Гэта яшчэ адна зьмена, якая адбылася.