Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурны «нобэль» 1962: гронкі сумневу


«Няма зусім відавочных кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію, і Нобэлеўскі камітэт апынуўся ў сапраўды незайздросным становішчы».

Гэтак на пасяджэньні Швэдзкай акадэміі літаратуры, якое сабралася прысудзіць Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры за 1962 год, заявіў адзін з акадэмікаў і сяброў Нобэлеўскага камітэту Генры Ольсан. Гэтае меркаваньне, як сьведчаць архівы Швэдзкай акадэміі літаратуры, добра перадавала тагачасны настрой усяго Нобэлеўскага камітэту.

Паэт Грэйвс і антысэміт Паўнд

Паводле традыцыі, Швэдзкая акадэмія літаратуры рассакрэчвае матэрыялы, зьвязаныя з прысуджэньнем літаратурнага «нобэля», толькі праз 50 гадоў пасьля свайго рашэньня. У 1962 годзе гэтую прэмію атрымаў амэрыканскі пісьменьнік Джон Стэйнбэк. На мінулым тыдні швэдзкая газэта Svenska Dagbladet апублікавала матэрыял, датычны якраз гэтага рашэньня Нобэлеўскага камітэту.

Агулам, у 1962 годзе было пададзена 66 кандыдатаў на атрыманьне найважнейшай літаратурнай прэміі на сьвеце. На апошнім пасяджэньні Нобэлеўскага камітэту, калі трэба было прымаць канкрэтнае рашэньне, гэты сьпіс быў абмежаваны да пяці прозьвішчаў: Джон Стэйнбэк, Робэрт Грэйвс, Жан Ануй, Карэн Бліксэн, Лорэнс Дарэл.

Як на маю прыватную думку, разгубленасьць Нобэлеўскага камітэту ў 1962 годзе была неапраўданая. Ну, прызнаюся без лупцоўкі, што Жана Ануя я не чытаў і ня ведаю, ці заслугоўвае ён, каб апынуцца ў шорт-лісьце «нобэля» за 1962 год, ці не. Але ўсе іншыя — гэта, па-мойму, «жалезабэтонныя» кандыдаты. Аднак кажу я гэтак з пэрспэктывы пазьнейшых 50 гадоў, у якіх згаданыя пісьменьнікі маглі набыць — і наогул набылі — іншы статус у сусьветнай культуры, чым мелі яго ў 1962 годзе.

Карэн Бліксэн памерла ў верасьні 1962 году, значыць, яна выпала з нобэлеўскага шорт-ліста, так бы мовіць, па волі лёсу. Але хто б ня даў ёй «нобэля» пасьля таго, як паглядзеў галівудзкую казку «Out of Africa» з Мэрыл Стрып і Робэртам Рэдфардам, зьнятую ў 1985 годзе Сыднэем Полакам на падставе прозы гэтай дацкай пісьменьніцы?

Над Стэйнбэкам сябры швэдзкага журы круцілі носам, бо ён для іх быў ужо «прамінулым» пісьменьнікам, то бок аўтарам, які сваё найлепшыя кніжкі — напрыклад, «Гронкі гневу» (1939) і «На ўсход ад раю» (1952) — выдаў даўно таму, так бы мовіць, у іншай эпосе, ды выпаў з сучаснага культурнага кантэксту. З чым, безумоўна, мне цяжка пагадзіцца, бо ў 1961 годзе Стэйнбэк апублікаваў свой выдатны «сур’ёзны» раман «Зіма нашай трывогі» («Winter of Our Discontent»), а ў 1962 — ня менш выдатны «ўсьмешлівы» раман «Падарожжы з Чарлі. У пошуках Амэрыкі» («Travels with Charley. In Search of America»). Асабліва «Падарожжы з Чарлі» выклікалі фурор у амэрыканскага чытача. Блізка 60-гадовы Стэйнбэк купіў сабе агромністы амэрыканскі грузавік і вырушыў са сваім пудзелем Чарлі ў падарожжа-адысэю па Амэрыцы — зь Нью-Ёрку ў Каліфорнію, а потым, праз поўдзень ЗША, назад дахаты. «Падарожжы з Чарлі» — гэта камічна-мэлянхалічны запіс гэтага падарожжа, нешта абсалютна ўнікальнае ў літаратуры паводле жанру і тону. Ну, але швэды, калі думалі пра «нобэля» 1962 году, маглі яшчэ не прачытаць гэтай кніжкі, а таму і круцілі носам над «прамінулым» пісьменьнікам.

Чаму швэды былі не задаволеныя Робэртам Грэйвсам? Рэч у тым, што швэдзкія акадэмікі, паводле Svenska Dagbladet, бачылі ў Грэйвсу выключна паэта. Ніхто ня браў пад увагу, што Грэйвс напісаў два выдатныя гістарычныя раманы з часоў старажытнага Рыму — «I, Claudius» і «Claudius the God» (абедзьве кнігі выйшлі даўнавата, бо ў 1934) — дзякуючы якім, а не сваім вершам, ён і застаўся ў памяці ўдзячных чытачоў. Гэта я кажу, натуральна, з гледзішча другой паловы ХХ стагодзьдзя, калі ўсе мы пабачылі знакаміты сэрыял пра кесара Клаўдыя, зроблены Бі-Бі-Сі на падставе кнігаў Грэйвса. Аднак у 1962 годзе жыў яшчэ Эзра Паўнд (1885-1972). Паводле згаданага Генры Ольсана, швэдзкія акадэмікі лічылі найлепшым ангельскамоўным паэтам якраз Паўнда, але даць яму прэміі не маглі — з увагі на ягонае супрацоўніцтва з нацыстамі падчас вайны і з увагі на ягоныя антысэміцкія погляды. Значыць, Паўнд ня меў шанцаў на «нобэля», а разам зь ім і Грэйвс, прынамсі пакуль Паўнд жыў. Грэйвс памёр у 1985 годзе, праз 13 гадоў пасьля Паўнда, але пра яго ўжо, відаць, у Стакгольме болей ня згадвалі як пра сур’ёзнага кандыдата на прэмію.

А Лорэнс Дарэл? Чатыры часткі ягонага opus magnum, «Александрыйскага квартэту», выйшлі ў 1957-1960 гг. Калі б швэдзкія акадэмікі іх прачыталі, ня выключана, што прэмію атрымаў бы якраз Дарэл. Але, паводле Dagens Nyheter, яны чамусьці ня бачылі Дарэла як аўтара «Александрыйскага квартэту», а бралі пад увагу ягоныя ранейшыя рэчы, якія ў параўнаньні з «Квартэтам» былі значна меншага калібру. Таму і Дарэл праляцеў у 1962-м.

Карацей, хоцькі-няхоцькі швэдзкія акадэмікі пагадзіліся на Стэйнбэка як на найбольш аптымальнае рашэньне ў сваім «незайздросным становішчы». Тагачасная швэдзкая прэса, як паведамляе Svenska Dagbladet, не пакінула сухой ніткі на гэтым рашэньні.

Нашы шанцы

Калі ўжо дадуць «нобэля» беларусу? І якія ў нас шансы, каб гэтую пажаданую прэмію атрымала беларуская літаратура?

Скажу брутальна: па-мойму, шансы ў нас менш чым мізэрныя.

Давайце глянем на гэтае пытаньне з палітычна-статыстычнага боку. У сьвеце — дзьве сотні дзяржаваў. А колькі дзяржаваў удастоілі «нобэлем» за літаратуру? Недзе пад 40 (сорак). Дакладней палічыць цяжкавата, бо некаторыя пісьменьнікі прыпісаныя да дзьвюх краінаў. Напрыклад, Марыё Варгас Льёса — да Пэру і Гішпаніі, а Герта Мюлер — да Нямеччыны і Румыніі. Сапраўды Румынія атрымала «нобэля», калі ў 2009 яго прысудзілі Герце Мюлер? Цяжка адназначна вырашыць.

Карацей, на сьвеце застаецца яшчэ з паўтары сотні краінаў, літаратарам у якіх ніхто «нобэля» не даваў, але яны, безумоўна, хацелі б яго атрымаць. Я не ўпэўнены, але, мабыць, моцна не памылюся, калі скажу, што прынамсі ў палове з гэтых абдзеленых швэдзкімі акадэмікамі краінаў наклады кніжак значна перасягаюць нашы гераічныя 300-500 штук. Калі браць пад увагу ролю літаратуры ў грамадзтве, перад намі чарга прынамсі з 70-80 краінаў, якім паводле парамэтру «грамадзкая значнасьць літаратуры» бліжэй да літаратурнага «нобэля», чым Беларусі. Калі нам «нобэль» і сьвеціць, дык не раней, чым напрыканцы гэтага стагодзьдзя. А калі ўзяць пад увагу, што час ад часу будуць яго даваць розным французам, палякам, амэрыканцам і гішпанцам з чылійцамі, дык не раней, чым у ХХІІ стагодзьдзі. Значыць, можна супакоіцца і не перажываць :)

Зразумела, гэткая мая канстатацыя зусім не пярэчыць таму, каб старшыні пісьменьніцкіх арганізацый у Беларусі штогод вылучалі сваіх кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію. Усе так робяць. Але варта нам цьвяроза ўсьведамляць, што пакуль «нобэля» за літаратуру не атрымалі нідэрляндцы, румыны, баўгары, славакі, літоўцы, латышы, эстонцы, славенцы, харваты ды басьнійцы з герцагавінцамі, дык і беларусам яго не пабачыць, нават калі нашымі вылучэнцамі штогод будуць Георгій Марчук з Уладзімерам Някляевым.

І яшчэ адна рэч, якая ў кантэксьце Нобэлеўскай прэміі за літаратуру выклікае ў Беларусі зацятыя спрэчкі — а што, калі яе дадуць расейскамоўнаму пісьменьніку зь Беларусі? Будзе гэта прэмія для беларускай літаратуры і для Беларусі, ці для расейскай літаратуры і Расеі? Чытачы маіх блогаў ведаюць мой адказ на гэта, а таму я ня буду тут паўтарацца. Прыгадаю толькі ўсім, што ў мінулым годзе, перад прысуджэньнем Нобэлеўскай прэміі за літаратуру кітайцу Мо Яню, адзіным аўтарам зь Беларусі, які згадваўся швэдзкімі літаратуразнаўцамі і крытыкамі ў кантэксьце гэтай прэміі, была Сьвятлана Алексіевіч. Вось так...

Каб потым не казалі, што Максімюк не папярэджваў і не прасіў крыху падумаць перад тым, як залічваць яго да нядобразычліўцаў беларускай літаратуры...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG