Цягнік менскага мэтро спыніўся паміж станцыямі. Пасажыры казалі пра сутыкненьне двух цягнікоў. У Менскім мэтрапалітэне гэтую інфармацыю адпрэчылі і патлумачылі здарэньне «няспраўнасьцю цягніка». Колішні супрацоўнік мэтро лічыць, што адбылося менавіта сутыкненьне, і тлумачыць Tut.by, чаму.
Як магло быць?
Паводле экс-супрацоўніка мэтро, у перагоне паміж «Кастрычніцкай» і «Плошчай Леніна» у цягніка заклініла кнопка, якая адказвала за тармажэньне, спрацавалі тармазы — цягнік з пасажырамі спыніўся.
«Хутчэй за ўсё, машыніст не адразу папярэдзіў дыспэтчара, таму прыблізна ў гэты пэрыяд з „Кастрычніцкай“ адправіўся іншы электрацягнік», — распавёў мужчына.
Ён мяркуе, што ў гэты час у другім цягніку машыніст выключыў сыстэму аўтаматычнага рэгуляваньня хуткасьці (АРС).
«Гэтая сыстэма часта дае збой. Каб працягнуць рух, часам машыністы яе выключаюць. Пра гэта заўжды трэба казаць дыспэтчару. Тады ён уключае сьвятлафоры ў тунэлі», — патлумачыў былы супрацоўнік мэтро.
Ён дадаў, што перагон паміж «Кастрычніцкай» і «Плошчай Леніна» крывы. Машыніст рухомага складу тэрмінова затармазіў, калі пабачыў чырвоныя ліхтары спыненага цягніка. Другі цягнік сутыкнуўся на невялікай хуткасьці і ў выніку пашкодзіў счэпку свайго цягніка, люстэркі, пагнуў бампэры цягнікоў. Пасьля ўдару ці незалежна ад яго ў першага цягніка «выскачыла» кнопка тармажэньня, і машыніст працягнуў рух.
Чаму адмаўляе афіцыйную вэрсію?
Прэс-сакратар Менскага мэтро Андрэй Дроб 29 верасьня назваў Tut.by інфармацыю пра сутыкненьне цягнікоў чуткамі. За сутыкненьне цягнікоў пасажыры маглі прыняць удары і рыўкі падчас счэпкі асноўнага і дадатковага складаў.
Былы супрацоўнік мэтро кажа, што пры счэпцы-расчэпцы ня можа быць «моцнага ўдару» і падзеньня пасажыраў — працэс адбываецца на «невялікай хуткасьці».
Затрымка «цягнулася нядоўга», а каб «прасьці ўздоўж вагонаў, усё зрабіць і вярнуцца, неабходны час». Таму мужчына мяркуе, што машыніст цягніка, які спыніўся ў тунэлі, не выходзіў з кабіны. Для счэпкі і расчэпкі неабходныя 2 машыністы. У менскім мэтро гэтую інфармацыю назвалі «тэхнічнымі момантамі» і пакінулі без камэнтару.