«Сувязі з машыністам не было, нічога не патлумачылі, не прасілі прабачэньня», — апавядае пра выпадак ў мэтро Паўліна Калтовіч.
«Пішыце нам афіцыйны запыт», — так адрэагавала прэсавая служба Менскага метрапалітэну на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць здарэньне з Паўлінай Калтовіч.
28 верасьня паміж станцыямі мэтро «Кастрычніцкая» і «Плошча Леніна» адбыўся інцыдэнт з двума цягнікамі мэтро. Менскі метрапалітэн коратка патлумачыў здарэньне «няспраўнасьцю цягніка». У сацыяльных сетках і камэнтарах пад публікацыямі ў СМІ людзі пісалі пра пах паленага, спыненьне цягніка ў тунэлі і моцны ўдар, у выніку якога пасажыры вагонаў пападалі. У некаторых мэдыя зьявілася неафіцыйная вэрсія пра сутыкненьне цягнікоў.
32-гадовая мянчанка Паўліна Калтовіч ехала ў апошнім вагоне няспраўнага цягніка. Яна кажа, што падчас здарэньня яна моцна ўдарылася галавой, трапіла ў шпіталь. Асабліва яе абурае, што пасажырам ніяк не патлумачылі, што здарылася, не папрасілі прабачэньня і не прапанавалі дапамогу.
«Хачу патрабаваць кампэнсацыі», — заяўляе Паўліна. Яна шукае іншых пасажыраў з двух цягнікоў, якія лічаць сябе пацярпелымі ў інцыдэнце.
«Я вельмі сьпяшалася, села на „Кастрычніцкай“ у апошні вагон у пятніцу, 28 верасьня, прыблізна ў 17.40–17.45. Недзе пасярэдзіне шляху да станцыі „Плошча Леніна“ адчула моцны пах паленага. Было страшнавата, але дыму ці нечага падобнага да пажару не было. Было вельмі горача, некаторыя людзі дыхалі праз шалікі. Я чытала пасьля камэнтары, што ўжо на Кастрычніцкай гэты пах паленага быў адчувальны».
Паўліна апавядае, што цягнік спыніўся ў тунэлі, не даехаўшы да станцыі «Плошча Леніна». Спрабаваў рушыць, але спыніўся канчаткова. Людзі, паводле Паўліны, паводзіліся вельмі спакойна, адно што спрабавалі скантактавацца з машыністам праз гучную сувязь. Аднак гэта было безвынікова. Стаялі калі 5 хвілін.
«Спачатку ў мяне ўзьнікла думка, што раптам у нас уедуць. Але я сама сябе ўгаварыла: вядома ж, папярэдзяць, што мы тут стаім», — кажа Паўліна.
«У 17.53 мне піша знаёмы, зь якім мы дамаўляліся сустрэцца. Я якраз падышла да бліжэйшага пункту сувязі з кіроўцам і адпісала, што патрапіла ў аварыю ў мэтро. І ў гэты самы момант у нас урэзаўся цягнік, — працягвае Паўліна. — Пры гэтым я трымалася левай рукой за поручань, стоячы тварам да ўваходу і пішучы правай у тэлефоне. Я ўдарылася галавой у зоне вуха, недзе 3 сантымэтры ад скроні. Удар быў моцны, я ажно прысела, пачала енчыць. Людзей тузанула каго куды».
Паўліна кажа, што іншых траўмаваных ня бачыла. «Амаль адразу пасьля ўдару машыніст уключыў гучную сувязь і сказаў літаральна наступнае: „Не хвалюйцеся, мы хутка паедзем“. Людзі сталі вельмі абурацца, што, маўляў, як так можна».
Калі цягнік даехаў да станцыі «Плошча Леніна», дзьверы проста адчыніліся і людзі выйшлі.
Ніводзін з супрацоўнікаў мэтрапалітэну ня спраўдзіў, у якім стане пасажыры, і не прапаноўваў ім дапамогу ці тлумачэньні.
«Я сфатаграфавала той цягнік, які, відаць па ўсім, у нас уехаў. У яго моцна пакрыўленыя люстэркі. У ім таксама ехалі людзі. І далей ён паехаў зь людзьмі. Спытала на станцыі ў супрацоўніцы ў форме, у каго я магу патрабаваць кампэнсацыі. Яна: „Пачакайце, пачакайце“. Я схадзіла на адзін канец, на другі. Мяне дасылалі ў розныя пункты. У мяне настолькі пухла галава, што я ня вельмі разумела, што рабіць. Мне пачалі выклікаць хуткую дапамогу. Я сказала, што магу сама ісьці. А мне сказалі: „Не, пашкоджаньні фіксуе толькі хуткая дапамога“.
Паўліна кажа, што каб трохі супакоіцца і не чакаць у гадзіну „пік“ хуткай дапамогі ў натоўпе людзей, яна зайшла ў месца для дагляду пасажыраў з боку чыгуначнага вакзалу.
„Супрацоўнік аховы пачаў крычаць, каб я адтуль выйшла. Грукнуў крэслам па стале. Усё гэта было так непрыемна“, — апавядае дзяўчына. — Хуткая дапамога прыехала амаль праз паўгадзіны. Раней я ўжо сутыкалася з дактарамі хуткай дапамогі, гэта быў добры досьвед, але тут не пашанцавала. Брыгада сапраўды па-хамску сябе паводзіла, яны казалі, што не разумеюць беларускай мовы, патрабавалі, каб я размаўляла па-расейску. І да ўсяго сказалі, што не фіксуюць пашкоджаньняў, а трэба ехаць у шпіталь. А навошта было чакаць іх паўгадзіны, калі можна было адразу ехаць у шпіталь?».
Паўліну прывезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі.
«Найперш мне прапанавалі здаць кроў з вэны на алькаголь. Я абурылася: навошта гэта? Урэшце доктар зьлітаваўся і сказаў, што можна падыхаць у трубачку. Яна паказала 0,00 ‰. Зрабілі тамаграфію і лёгкія тэсты. Сказалі, што ўсё нармальна, а калі будзе горш, то зьвярнуцца да нэўроляга».
«Нашмат пазьней я зразумела, што ня так добра пачувалася, як думала. Бо ня зь першага разу зразумела, дзе кабінэт тамаграфіі, а калі ўжо ішла туды, усё адно давялося перапытваць, хоць ён і быў блізка. Нават калі выйшла са шпіталя, то паехала ў іншы бок ад хаты, хаця нарадзілася і вырасла ў гэтым горадзе», — кажа яна.
На наступны дзень, насуперак прагнозу лекара, дзяўчына таксама кепска сябе адчувала, таксама і ў нядзелю.
«Мне млосна, баліць галава, крыху расплываюцца прадметы і ўвесь час хочацца прылегчы, — кажа яна. — Сёньня я разумею, што гэта ня проста ўдар, штосьці са мной ёсьць».
У афіцыйную вэрсію мэтрапалітэну пра тое, што людзі прынялі за сутыкненьне цягнікоў счапленьне вагонаў, Паўліна Калтовіч ня верыць.
«Гэта найгоршае. Самае балючае, што можа быць у такой сытуацыі, — тлумачыць яна. — Я разумею, што нават новая тэхніка можа пабіцца і самы найлепшы машыніст можа дапусьціць памылку. Але калі такую лухту пра гэта кажуць, то гэта жудасна. У іх быў час падумаць, перапрасіць. Але ніхто не прыносіў прабачэньняў. Удар такой сілы немагчымы пры счапленьні. І калі вы ведалі пра счапленьне, то чаму не папярэдзілі людзей, каб трымаліся, бо будзе ўдар? Мяне абурае, што такія рэчы адбываюцца, а пра іх ніхто ня хоча нічога сказаць».
Прадстаўнік прэсавай службы мэтрапалітэну Андрэй Дроб уважліва выслухаў ад журналістаў Радыё Свабода пра выпадак Паўліны Калтовіч. Ён нагадаў, што мэтрапалітэн прыносіў прабачэньні, і параіў пашукаць іх на tut.by і onliner.by. Сапраўды ў адной з публікацыяў пасажырам прынесеныя прабачэньні. Адказы на ўсе іншыя пытаньні ад мэтрапалітэну з нагоды гэтага інцыдэнту можна атрымаць толькі праз афіцыйны запыт, — паведаміў Радыё Свабода Андрэй Дроб.
У Таварыстве аховы правоў спажыўцоў Радыё Свабода паведамілі, што кожны пасажыр мэтро пасьля аплаты праезду застрахаваны паводле беларускага заканадаўства. Адпаведныя правы пасажыра рэгулююцца, у прыватнасьці, разьдзелам 12 Указу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад 25.08.2006 № 530 «Аб страхавой дзейнасьці».
«Дзяўчыне трэба зьвярнуцца з заявай у мэтрапалітэн», — параілі ў Таварыстве аховы правоў спажыўцоў.