За гэты час цэны вырастуць прынамсі на палову.
Міністэрства адукацыі Беларусі паабяцала, што заробкі пэдагогаў к 2025 году павялічацца ўдвая. Як піша БелТА, такі прагноз агучыла начальніца аддзелу аплаты працы галоўнага ўпраўленьня эканомікі Міністэрства адукацыі Натальля Крывалапава.
Цяпер настаўнікі — адны з найбяднейшых работнікаў Беларусі па сярэдніх заробках. Так, у жніўні, паводле Белстату, пры сярэднім налічаным заробку па ўсёй краіне ў 987,5 рубля сярэднія заробкі ў адукацыі былі роўнымі 616,8 рубля (гэта да вынятку падаткаў і збораў). Меншыя заробкі ў цырульнікаў, бібліятэкараў і некаторых творчых работнікаў, а таксама ў сфэры сацыяльных паслуг.
Ды Крывалапава называе іншыя лічбы: паводле яе, у пэдагагічных работнікаў сярэднія заробкі за першыя восем месяцаў году склалі 714,2 рубля, у настаўнікаў — 759,4 рубля.
Паводле праграмы на «пятую пяцігодку», да канца 2020 году (або да канца 2019-га — абяцалі «пяцігодку за чатыры гады») у Беларусі заробкі работнікаў бюджэтнай сфэры трэба давесьці да 80% ад сярэдніх па краіне.
У адукацыі ж, калі верыць Белстату, атрымліваюць пакуль 62,5% ад сярэдняга заробку. Праўда, паведаміла чыноўніца, пэдагагічныя работнікі маюць цяпер 77% ад сярэдніх заробкаў, настаўнікі — 81,8%.
Падвышэньне тарыфных акладаў на 20% ад 1 верасьня, адзначыла Крывалапава, павялічыла сярэднія заробкі на 8,9% — на 42 рублі. Ад 1 кастрычніка стаўку першага разраду павысілі з 34 рублёў да 35,5 — і заробкі настаўнікаў вырасьлі на 4,4%, або 22,7 рубля.
Ды паводле той жа праграмы на «пятую пяцігодку», у найбліжэйшы час інфляцыя ня спыніцца, а толькі мае зьнізіцца да 5% гадавых. Калі яна сапраўды зьнізіцца і далей ня будзе значна перавышаць 5% (за 2017 год было 4,7% — і гэта рэкордна малая інфляцыя за ўсю гісторыю Беларусі), то к 2025 году (калі да заробкаў настаўнікаў дададуць 100% цяперашніх), цэны вырастуць амаль на 50% ад цяперашніх.
Але на «чацьвёртую пяцігодку» ўсе прагнозныя паказьнікі былі праваленыя. Прэм’ер (ужо былы) застаўся задаволены тымі вынікамі.