Палкоўнік Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі (больш вядомага пад папярэдняй назвай ГРУ) Анатоль Чапіга, якога Вялікая Брытанія падазрае ў атручваньні сям’і Скрыпалёў, узначальваў апэрацыю вывазу ў Расею экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.
Пра гэта піша расейскі журналіст Сяргей Канеў, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні The Insider і Bellingcat і вымушаны быў тэрмінова пакінуць Расею на мінулым тыдні.
«У лютым 2014-га супрацоўнік ГРУ Чапіга ўдзельнічаў у эвакуацыі былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў складзе Сілаў спэцыяльных апэрацый (ССА) Мінабароны РФ, атрымаўшы за гэта званьне Героя Расеі.
Разам зь ім у Крамлі ўзнагароды ўручылі былому асабістаму ахоўніку Пуціна Аляксею Дзюміну, які пасьля стаў губэрнатарам Тульскай вобласьці, а таксама групе «музыкаў» з «Кансэрваторыі» з вуліцы Народнага апалчэньня, якая ў далейшым склала касьцяк ПВК «Вагнэр», — піша журналіст у расьсьледаваньні, распаўсюджаным 1 кастрычніка сайтам «МБХ Медиа», зьвязаным з расейскім бізнэсоўцам, беглым Міхаілам Хадаркоўскім.
Журналіст Канеў анансаваў украінскаму інтэрнэт-выданьню «Громадське», што днямі апублікуе дэталёвае расьсьледаваньне па фактах удзелу Чапігі (ці «Руслана Башырава» — пад гэтым імем расеец быў паказаны ў тэлеінтэрвію ў Расеі) у спэцапэрацыі па эвакуацыі Януковіча з Украіны.
Паводле апублікаванага 1 кастрычніка расьсьледаваньня, Чапіга-«Башыраў» быў запрошаны ў ГРУ ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Як гаворыцца ў тэксьце, характарыстыка на Анатоля Чапігу была выдатнай: тройчы пабываў у Чачні, мае ўзнагароды, быў маральна ўстойлівым, добрым сем’янінам.
У Крамлі не знайшлі зьвестак аб узнагароджаньні званьнем «Героя Расеі» палкоўніка Анатоля Чапігі, які падазраецца ў замаху ў Вялікай Брытаніі, сказаў 28 верасьня прадстаўнік прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.
26 верасьня сьледчыя міжнароднай групы Bellingcat і расейскага выданьня The Insider апублікавалі ўжо трэцюю частку іх расьсьледаваньня на падставе знойдзеных у адкрытым доступе і атрыманых ад неназваных крыніц матэрыялаў аб двух расейцах, якія падазраюцца ў спробе атручваньня Скрыпалёў.
Гэтыя людзі, якія мелі пашпарты на імёны «Аляксандар Пятроў» і «Руслан Башыраў», на расейскім прапагандысцкім тэлеканале RT назвалі сябе турыстамі. Але, паводле сьледчых, яны зьвязаныя з расейскім Міністэрствам абароны, а дакладней, з былым ГРУ (цяпер — Галоўным упраўленьнем Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі).
Па новых дадзеных сьледчых, імя сама меней аднаго зь іх аказалася выдуманым: «прадавец спартовага харчаваньня Руслан Башыраў» аказаўся палкоўнікам ГРУ Анатолем Чапігам. МЗС Расеі назваў апублікаваныя сьледчымі новыя зьвесткі «новым укідам».
Масква традыцыйна адмаўляе ўсе зьвесткі, якія кампрамэтуюць яе. У прыватнасьці, ужо некалькі разоў расейскія вайскоўцы, затрыманыя ў ходзе баявых дзеяньняў на Данбасе, паводле Масквы аказваліся вызваленымі з шэрагаў Узброеных сілў Расеі як раз перад затрыманьнем.