Дасьледчая група The Bellingcat і расейскае выданьне The Insider правялі супольнае расьследаваньне. Паводле іх, вынікі пацьвярджаюць, што Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў, падазраваныя Брытаніяй у атручэньні былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, сапраўды зьяўляюцца супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў.
Як адзначае The Insider, гэта пацьвярджаецца шэрагам дакумэнтаў, а таксама прамымі і ўскоснымі сьведчаньнямі. Сёньня выданьне апублікавала першую частку расьсьледаваньня і абяцае апублікаваць, поўную вэрсію ў пачатку наступнага тыдня.
«Зьвестак не даваць. Цалкам сакрэтна»
Калі паглядзець на дадзеныя Аляксандра Пятрова ў базе Фэдэральнай міграцыйнай службы (ФМС) Расеі, то ствараецца ўражаньне, што ён «нарадзіўся» у 2009 годзе. Гэта значыць паводле пашпарту ён нарадзіўся 13 ліпеня 1979 году ў горадзе Котлас, але ніякіх сьлядоў ягонай прысутнасьці ў сьвеце да 2009 году, калі яму быў выдадзены гэты пашпарт, няма.
У звычайных дасье ФМС на «простых сьмяротных» есьць запісы пра атрыманьне асобай іншых нацыянальных і замежных пашпартоў, факты рэгістрацый па розных адрасах. У дасье Пятрова нічога гэтага няма. Свой пашпарт у 2009 годзе ён атрымаў «узамен сапсаванага», і ў дасье паказаны нумар гэтага «сапсаванага» пашпарта, якога ніколі не існавала ў прыродзе.
А файл з біяграфіяй — пусты і акрамя штампа «зьвестак не даваць» стаіць подпіс — «С. С.» («совершенно секретно», цалкам сакрэтна).
Цікава, што па месцы жыхарства Аляксандра Пятрова раней пражываў іншы чалавек з прозьвішчам Пятроў, пашпартныя дадзеныя якога адрозьніваюцца.
Дзіўныя пашпарты
Паводле дадзеных аб рэгістрацыі пасажыраў на рэйс (The Bellingcat і The Insider пішуць, што маюць гэта дакумэнт) нумары замежных пашпартаў Башырава і Пятрова адрозьніваюцца ўсяго толькі адной лічбай (у Башырава пашпарт канчаецца на 1294, ў Пятрова на 1297). Прычым у базе ФМС, дзе ў «простых сьмяротных» замежныя пашпарты паказваюцца, у Бышырава і Пятрова гэтых замежных пашпартаў чамусьці няма.
З дадзеных рэгістрацыі вынікае, што абодва «турысты» набылі квіткі ў Брытанію 1 сакавіка, за дзень да вылету, што супярэчыць іх словам пра тое, што паездка плянавалася загадзя. Паводле журналістаў, пасьпешлівасьць можна патлумачыць тым, што раней у гэты дзень квіткі ў Лёндан купіла Юлія Скрыпаль.
Не менш цікавыя і расейскія пашпарты. Па-першае, яны выдадзены Ўпраўленьнем ФМС 770001 па горадзе Маскве — «простыя сьмяротныя» там пашпартоў не атрымліваюць. Пашпарты ў гэтым УФМС атрымліваюць альбо прывілеяваныя асобы за хабар (для іх гэта сынонім «блатных» нумароў аўтамабіля), альбо прадстаўнікі сілавых органаў. Так, напрыклад, пашпарт у гэтым УФМС атрымлівалі былы намесьнік старшыні кампаніі «Роснефть» Эдуард Худайнатаў, былы начальнік Галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС РФ Вячаслаў Трубнікаў і іншыя ўплывовыя асобы. Ёсьць сярод атрымальнікаў пашпартоў у гэтым УФМС і дзіўныя асобы з засакрэчанай біяграфіяй, не прысутныя ні ў якіх сацсетках. Паводле The Insider, гэта верагодна, такія ж «турысты», як і Пятроў з Башыравым.
Таксама цікава, што калі памяняць апошнюю лічбу ў пашпарце Пятрова альбо Башырава, то вы зноў жа выявіце людзей, якія адсутнічаюць у сацсетках і базах дадзеных, і маюць дзіўныя анкетамі, зь няпоўнымі адрасамі (напрыклад, без кватэры).