Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыцьцё перакулілі». Падазраваныя ў атручэньні Скрыпалёў расказалі пра паездку ў Брытанію. ВІДЭА


Кадр, апублікаваны брытанскай паліцыяй
Кадр, апублікаваны брытанскай паліцыяй

Тэлеканал RT паказаў у прамым эфіры фрагмэнт інтэрвію з двума мужчынамі, якія назваліся «Аляксандар Пятроў» і «Руслан Башыраў». Людзей з такімі імёнамі сьледзтва ў Вялікай Брытаніі раней абвінавацілі ў атручэньні ў Солсбэры Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Галоўны рэдактар RT Маргарыта Сыманьян, якая і ўзяла інтэрвію, раней напісала, што гэтыя людзі самі патэлефанавалі ёй — у той жа дзень, калі расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што ўладам вядома, хто такія Башыраў і Пятроў, і што яны не зьяўляюцца супрацоўнікамі спэцслужбаў, і ў іхных дзеяньнях не было крыміналу.

На пытаньне Сыманьян «Хто вы такія?» двое мужчын адказалі, што адзін зь іх — Пятроў, а другі — Башыраў.

Кадры, апублікаваныя брытанскай паліцыяй
Кадры, апублікаваныя брытанскай паліцыяй

На пытаньне, што яны рабілі ў Солсбэры, абодва адказалі, што езьдзілі туды як турысты паглядзець на катэдральны сабор.

Яны таксама заявілі, што пасьля абвінавачаньняў з боку Брытаніі іх жыцьцё «перакулілася» і ператварылася ў кашмар.

У адказ на інтэрвію Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі абвінаваціла Расею ў чарговай спробе «заблытаць пытаньне і схлусіць».

МЗС Вялікабрытаніі заяўляе, што двое падазраваных былі ідэнтыфікаваныя як афіцэры расейскіх спэцслужбаў, якія «ўжылі неверагодна таксычную хімічную зброю на вуліцах» Англіі.

У сваю чаргу дэпутат ад Солсбэры Джон Глен сказаў, што заявы падазраваных пра тое, што яны накіраваліся ў гэты горад, каб наведаць мясцовыя славутасьці, не заслугоўваюць даверу. Паводле яго, іх аповед не адпавядае выведнай інфармацыі, якую разьмяшчаюць брытанскія спэцслужбы. Заканадаўца іранічна адзначыў, што быў рады даведацца пра турыстычны інтарэс, аднак зьдзіўлены, што яны прыехалі ў Солсбэры «толькі на два дні і пры гэтым везьлі ў багажы "Навічок"».

У сакавіку ў брытанскім Солсбэры былі атручаны былы палкоўнік ГРУ Расеі Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія. Супраць іх ужылі савецкую баявую атруту «Навічок». Лёндан сьцьвярджае, што замах арганізаваў Крэмль, і ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося, асабіста на Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG