27 верасьня Сьледчы камітэт выклікаў на допыт журналістаў tut.by, БелаПАНа ды іншых. Дапытвалі ня толькі фігурантаў так званай «справы БелТА», але і іншых супрацоўнікаў кампаній — у якасьці сьведак.
27 верасьня на чарговым допыце ў Сьледчым камітэце пабываў карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі. Журналісту вярнулі амаль усю канфіскаваную ў яго падчас ператрусу аргтэхніку: нэтбук, вонкавы кампутарны дыск, дыктафон.
«У сьледчых засталіся мой працоўны ноўтбук і некалькі пляншэтаў дачкі. Ноўтбук — гэта рэчавы доказ да вырашэньня пытаньня ў судзе ці нейкім іншым спосабам», — мяркуе Быкоўскі.
На ягоную думку, справа будзе пераходзіць у стадыю выстаўленьня абвінавачваньняў. Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжвае, што абвінавачваньне павінна быць выстаўлена цягам двух месяцаў, аднак тэрміны могуць пераносіцца.
Падрабязнасьцяў сёньняшняга допыту Паўлюк Быкоўскі не раскрывае, бо ў яго падпіска аб невыдаваньні.
Журналістцы БелаПАН Тацяне Каравянковай вярнулі частку канфіскаваных рэчаў: мабільныя тэлефоны, назапашвальнік і флэшкі, напісала журналістка ў сваім фэйсбуку. Цягам бліжэйшых тыдняў ёй абяцалі прад’явіць абвінавачваньне.
27 верасьня на допыты таксама выклікалі міжнародную аглядальніцу агенцтва БелаПАН Тацяну Каравянкову (яна падазраваная ў справе), Дзьмітрыя Наважылава, Рамана Салікава — у якасьці сьведак. На 28 верасьня прызначаны допыт яшчэ адной падазраванай — галоўнай рэдактаркі БелаПАНа Ірыны Леўшынай.
27 верасьня сьледчыя дапыталі таксама некаторых супрацоўнікаў парталу Тut.by, яны таксама зьвязаныя падпіскай аб невыдаваньні.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.