Акрамя фігурантаў «справы БелТА» — галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай і міжнароднай аглядальніцы Тацяны Каравянковай — у Сьледчы камітэт выклікалі іншых супрацоўнікаў агецтва ў якасьці сьведкаў.
21 верасьня на допыце пабываў рэдактар БелаПАН Андрэй Серада. 7 жніўня яго цэлы дзень трымалі ў Сьледчым камітэце, але ён не лічыўся затрыманым, цяпер праходзіць у справе ў якасьці сьведкі.
24 верасьня як сьведкаў для паказаньняў выклікалі журналістаў Аляксея Аляксандрава і Сяргея Каралевіча.
«Сьледчыя паводзіліся карэктна, пытаньні задавалі дастаткова агульныя. Больш сказаць нічога не магу», — пацьвердзіў Свабодзе інфармацыю пра допыт Сяргей Каралевіч.
На 27 верасьня ў Сьледчы камітэт выкліканыя рэдактар Дзьмітры Наважылаў і тэхнічны супрацоўнік агенцтва Раман Салікаў — таксама «даваць паказаньні ў якасьці сьведкаў», — паведаміў Свабодзе Наважылаў.
На чарговы допыт у якасьці падазраванай на 27 верасьня выкліканая Тацяна Каравянкова, а на 28 верасьня — Ірына Леўшына.
7 жніўня Сьледчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю, што «паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, які ўчынены зь іншай асабістай зацікаўленасьці і пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды)», — паведамляла прэс-служба СК.
7–9 жніўня ў рэдакцыях незалежных СМІ і ў кватэрах некаторых журналістаў і рэдактараў прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, рэдактары ТАА «ТутБай Мэдыя» Галіна Ўласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Павел Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайту газэты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі содняў у ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Перад вызваленьнем зь іх узялі падпіску пра неразгалошваньне. 27 жніўня большасьці падазраваных быў забаронены выезд за мяжу.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.