27 верасьня 2017 году менскія ўлады зарэгістравалі юрыдычны адрас першага беларускамоўнага ўнівэрсытэту, які ў сакавіку 2018 году атрымаў імя Ніла Гілевіча. Цяпер унівэрсытэт разьмяшчаецца ў Партызанскім раёне сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32.
24 верасьня пачаліся заняткі на Падрыхтоўчых курсах. Свабода папрасіла выканаўцу абавязкаў рэктара ўнівэрсытэту Алега Трусава расказаць пра цяперашні стан і найбліжэйшыя пляны новай ВНУ.
Падрыхтоўчы курсы пачалі працу
— На якім этапе цяпер знаходзіцца працэс арганізацыі ўнівэрсытэту?
— У панядзелак 24 верасьня афіцыйна пачалі працу Падрыхтоўчыя курсы ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча. Па панядзелках у нас будуць адбывацца так званыя майстар-клясы, а самі заняткі на курсах будуць праходзіць па выхадных днях.
Першую майстар-клясу правёў наш вядомы пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
На падрыхтоўчых курсах будуць займацца слухачы трох катэгорый. Першая катэгорыя — старэйшыя школьнікі. Другая — студэнты, якія хочуць атрымаць дадатковую адукацыю. Трэцяя — усе астатнія людзі ўсіх узростаў, у тым ліку сярэдняга і сталага веку.
На курсах прапануюцца розныя прадметы. Для дзяцей і студэнтаў прапануюцца па-беларуску хімія, фізыка, матэматыка і некалькі замежных моваў, сярод якіх ангельская, нямецкая, польская. Таксама гэта родная беларуская мова і гісторыя Беларусі.
Калі ж мова ідзе пра людзей сталага веку, дык гэта два прадметы — беларуская мова і гісторыя Беларусі, іх найбольш просяць. Ёсьць шмат людзей, якія хочуць вывучаць польскую мову.
Такім чынам цяпер ідзе працэс набору навучэнцаў, людзі пішуць заявы. Аплата невялікаяя, за 72 гадзіны заняткаў усяго 200 рублёў.
Курсы будуць трохмесячныя і шасьцімесячныя. Асаблівасьць такая, што на заняткі па выхадных будуць прыходзіць слухачы курсаў, а на майстар-клясы па панядзелках могуць прыходзіць усе ахвочыя розных узростаў. На сустрэчы з Арловым былі людзі цэлымі сем’ямі.
Наступная майстар-кляса будзе ў панядзелак 1 кастрычніка. Прыйдзе Андрэй Дынько і раскажа пра новы часопіс «Наша Гісторыя», які вельмі папулярны. Наступнаю прыйдзе Сьвятлана Калінкіна, якая раскажа пра беларускую мову ў сродках масавай інфармацыі. Таксама ў плянах Андрусь Такінданг, які раскажа пра беларускую мову ў нашай музычнай прасторы і два паэты — Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін, рэдактар часопісу «Верасень».
— Калі пачнецца праца ўласна курсаў?
— Першыя сапраўдныя заняткі на Падрыхтоўчых курсах пачнуцца зь дзіцячай групай у нядзелю 30 верасьня. Так што заняткі будуць па суботах, нядзелях і шырокія майстар-клясы па панядзелках.
Я лічу, што справа нацыянальнага беларускамоўнага ўнівэрсытэту ідзе вельмі добра. Год назад мы атрымалі юрыдычны адрас, а шэсьць месяцаў назад былі зарэгістраваныя як установа адукацыі. Усё гэта было вельмі ня проста. Трэба было знайсьці грошы і на арэнду памяшканьня.
Створана свая навуковая бібліятэка
— Для кожнай установы адукацыі вельмі важнаю зьяўляецца сваю навуковая бібліятэка. Ці мае ўжо сваю бібліятэку ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча?
— Так, мае. Мы знайшлі спонсараў, закупілі падручнікі, дапаможнікі, слоўнікі ў Польшчы, цяпер закупляем у Беларусі. Таксама вельмі добра, што многія людзі проста ахвяруюць нам свае бібліятэкі. Таксама пераводзяць і нясуць ахвяраваньні.
Я з поўным правам магу сказаць, што ідэя нацыянальнага ўнівэрсытэту падхоплена і падтрыманая беларусамі.
Хто супраціўляецца дзейнасьці ўнівэрсытэту імя Гілевіча
— Ці ёсьць нейкі супраціў вашай дзейнасьці?
— На жаль, ёсьць. Супраць нас выступае шмат нядобразычліўцаў. З аднаго боку, гэта прыхільнікі «русского мира», якія вядуць з намі шырокую вайну ў СМІ, пачынаючы ад «СБ» і канчаючы раённымі газэтамі.
І яшчэ ёсьць групоўка ЭГУ, бо яны бачаць у нас канкурэнта і вядуць супраць нас шалёную агітацыю на самых розных плятформах у інтэрнэце ўжо пад выглядам дэмакратаў. Я маю на ўвазе выказвваньні прадстаўнікоў ЭГУ на некалькіх канфэрэнцыя або, напрыклад, публікацыі Багдана Сакалова на budzma.org і іншых плятформах, на якія я і Алена Анісім мусілі даваць адказы. Але мы ўдзячныя і тым, і другім. Дзякуючы ім усе ведаюць, што ёсьць такі ўнівэрсытэт імя Гілевіча.
Ёсьць 100 выкладчыкаў
— Адзін з супрацоўнікаў вашага ўнівэрсытэту паведаміў, што да вас зьвярнулася вельмі шмат выкладчыкаў і навукоўцаў з просьбай прыняць іх на працу ў беларускамоўны ўнівэрсытэт. Як цяпер выглядае база выкладчыкаў новай ВНУ?
— Ужо падалі заявы каля 100 чалавек, большасьць зь якіх маюць навуковыя ступені дактароў і кандыдатаў навук.
Цяпер працэс прыёму выглядае наступным чынам. Чалавек піша рэзюмэ. Мы заносім яго ў наш банк дадзеных, і калі атрымаем ліцэнзію, то некаторых адразу будзем запрашаць для выкладаньня.
А іншыя цяпер будуць выкладаць на курсах. Так што за час, які застаўся да выданьня ліцэнзіі, мы зможам ацаніць узровень многіх кандыдатаў.
Тым, хто ўжо выкладае, мы плацім невялікія заробкі.
Так што выкладчыцкі патэнцыял створаны. Гэта ня толькі людзі зь Беларусі, але і тыя, хто цяпер жыве ў Польшчы, Літве, Нямеччыне і іншых краінах.
Набор студэнтаў плянуецца зь верасьня 2019 году
— Калі вы мяркуеце атрымаць ліцэнзію на навучаньне студэнтаў?
— Цяпер, паводле статуту, мы можам рабіць любыя
дзеяньні апрача навучаньня студэнтаў. Таму мы і пачалі з падрыхтоўчых курсаў. А атрыманьне ліцэнзіі на падрыхтоўку дыплямаваных спэцыялістаў — гэта вельмі складаны і доўгі працэс.
Трэба здаць навучальныя праграмы па кожным прадмеце, падаць сьпісы выкладчыкаў, паказаць, што мы забясьпечаныя літаратурай, што ў нас ёсьць памяшканьні для навучаньня студэнтаў і так далей. Гэтым цяпер займаецца цэлая група намесьнікаў рэктара ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча, асабліва прарэктар Павел Церашковіч, які адказны за ліцэнзіі.
Мы думаем падаць дакумэнты на атрыманьне ліцэнзіі ў канцы году. Тэрмін маем да 15 сакавіка наступнага году, калі мы былі афіцыйна зарэгістраваныя.
І вось калі да 15 сакавіка мы атрымаем пэўную колькасьць ліцэнзій на пэўную колькасьць спэцыяльнасьцяў, то зь верасьня 2019 году зможам афіцыйна набраць студэнтаў і магістрантаў на дзённае аддзяленьне. Мы хочам адразу пачаць падрыхтоўку магістраў, якія потым пачнуць выкладаць у нашым унівэрсытэце.
Выканаўца рэктара атрымлівае 100 рублёў у месяц
— Які фінансавы стан унівэрсытэту на цяперашні момант?
— Мы маем грошы, атрыманыя як ахвяраваньні, на сваю мінімальную дзейнасьць да канца году. Ахвяраваньні ідуць кожны дзень, вось і сёньня я атрымаў пэўную суму.
Калі ж мы атрымаем ліцэнзію, то зможам падаваць заяўкі на вялікія гранты, як мясцовыя, так і замежныя. Бо пакуль няма ліцэнзіі, разважаць пра вялікае фінансаваньне нельга.
І заробкі мы паклалі сабе мінімальныя, сымбалічныя. Самы вялікі ў мяне — 100 рублёў. Пакуль ўнівэрсытэт працуе, фактычна, на грамадзкіх пачатках, але нейкі заробак мы мусім плаціць паводле закону. Таму мы плацім мінімальныя заробкі.
Сёньня большыя сродкі мы выдаткоўваем на арэнду, на камунальныя паслугі, на бібліятэку, безь якой таксама ліцэнзію атрымаць немагчыма. Таму на кнігі былі патрачаныя вялікія грошы. Так што праца пасьпяхова разгортваецца па розных кірунках.
Першая мэта — магістэрская праграма
— Ці плянуеце вы прымаць абароны дысэртацый?
— Вядома, плянуем. У статуце гэта ўсё ёсьць. Як у любога ўнівэрсытэту. Спачатку мы плянуем абарону магістэрскіх дысэртацый, а ў пэрспэктыве — кандыдацкіх і доктарскіх.
Пакуль што мэта — пачаць навучаньне студэнтаў і магістраў. Паводле беларускіх законаў, званьне магістра дае права выкладаць у любым унівэрсытэце. Таму мы хочам спачатку пачаць пажрыхтоўку магістраў.