Рэдактар фінансавага аддзелу Tut.by Дзьмітры Бобрык у сваім фэйсбуку напісаў, што падпісаў у Сьледчым камітэце дакумэнт «пра супрацоўніцтва». Журналіст сьцьвярджае, што ў цэнтральным апараце ведамства яму і яго блізкім пагражалі.
Паводле журналіста, у СК яго пратрымалі да «позьняга вечару» пасьля трохгадзіннага вобшуку ў кватэры. Пагражалі яго родным, а таксама выкрыць акалічнасьці асабістага жыцьця. Пасьля гэтага Бобрык і пагадзіўся на супрацоўніцтва, але зразумеў, што ня будзе гэтага рабіць. Пасьля таго, як «стала зразумела», што атрымаць інфармацыю не атрымаецца — журналіста перавялі ў статус падазраванага, а ціск на яго ўзмацніўся.
Дзьмітрыя Бобрыка затрымалі 7 жніўня падчас ператрусу ў рэдакцыі Tut.by. Вечарам таго ж дня журналіста адпусьцілі ў статусе падазраванага.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.