Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры поўныя працы дні Дональда Трампа ў ААН


Выступ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. 19 верас;ня 2017
Выступ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. 19 верас;ня 2017

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп правядзе на гэтым тыдні чатыры дні ў Нью-Ёрку, далучыўшыся да дыскусіяў на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН і сустракаючыся зь іншымі сусьветнымі лідэрамі. Тэмы яго абмеркаваньняў шырокія — ад Паўночнай Карэі да Ірану, ад гандлёвых войнаў да ядзернага нераспаўсюджаньня.

Дональд Трамп выступіць сёньня, 25 верасьня, перад лідэрамі больш чым 120 краінаў сьвету на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. На наступны дзень ён будзе старшыняваць на спэцыяльнай сэсіі Рады бясьпекі, прысьвечанай нераспаўсюджаньню ядзернай зброі.

Аглядальнікі будуць уважліва сачыць за яго выступамі — у прыватнасьці, за тым, што ён скажа пра Іран і Паўночную Карэю, якія ён востра крытыкаваў у сваёй прамове на сэсіі ГА ААН летась.

Рэзкія словы чакаюцца ад Трампа пра пагрозу, якую, як ён лічыць, Іран уяўляе для Ізраілю, Блізкага Ўсходу і сьвету.

Адначасова больш памяркоўная танальнасьць чакаецца ад яго ў дачыненьні да Паўночнай Карэі і яе лідэра Кім Чэн Ына. Летась Трамп публічна назваў яго «ракетным чалавечкам», які ажыцьцяўляе «самагубную місію адносна сябе і сваго рэжыму».

Трамп даўно настроены крытычна адносна ААН і даў зразумець, што можа выступіць з новай крытыкай. У сваім відэазвароце на мінулых выходных ён адзначыў, што ААН «не выкарыстоўвае» цалкам свой патэнцыял.

«Заўсёды мяне зьдзіўляла, што шмат што не вырашаецца» ў ААН «праз тое, што ўсе гэтыя краіны зьбіраюцца ў адным месцы, але ўсё роўна, як выглядае, справы не прасоўваюцца», — сказаў Трамп.

Гэтыя словы пераклікаюцца з крытыкай зь яго боку, зь якой Трамп выступіў у 2017 годзе. Тады ён адзначыў, што ААН «павінна рэфармавацца, калі хоча быць эфэктыўным партнэрам у супрацьстаяньні пагрозам сувэрэнітэту, бясьпекі і росквіту».

Але 24 верасьня Трамп сказаў, што лічыць, што патэнцыял ААН «рэалізуецца павольна, але дакладна».

Зьмена статус-кво

Насамрэч за апошнія 12 месяцаў з моманту яго апошняга выступу ў ААН Трамп пахіснуў статус-кво ў міжнароднай дыпляматыі. Ён вывеў ЗША зь ядзернага пагадненьня з Іранам, пачаў гандлёвую спрэчку з Кітаем і заходнімі саюзьнікамі ЗША, прывітаў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна на міжнароднай арэне. Ён таксама паставіў пад сумнеў прафэсіяналізм ўласных спэцслужбаў.

Як адзначыла агенцтва The Associated Press, перад цяперашняй прамовай «шэраг сусьветных лідэраў, нават тыя, якія зьяўляюцца найвялікшымі сябрамі Амэрыкі, захоўваюць падазрэньні адносна Трампа і яго зьнешнепалітычнай канцэпцыі „Амэрыка перш за ўсё“».

У сваёй прамове Трамп, як мяркуецца, можа пацьвердзіць запэўніваньні 2017 году, што зьнешняя палітыка ягонага ўраду будзе «заўсёды ставіць Амэрыку на першае месца».

Нікі Гейлі, сталая прадстаўніца ЗША ў ААН, сказала журналістам, што Трамп засяродзіць увагу «вельмі моцна на Злучаных Штатах», іх ролі і адносінах, якія ён хоча пабудаваць.

«Ён будзе гаварыць аб зьнешнепалітычных посьпехах ЗША за апошні год і тым, куды будзем рухацца далей. Ён хоча гаварыць аб абароне сувэрэнітэту ЗША, адначасова разьвіваючы адносіны зь дзяржавамі, якія падзяляюць гэтыя каштоўнасьці», — сказала Гейлі.

Дональд Трамп i Нікі Гейлі
Дональд Трамп i Нікі Гейлі

Тэмай пасяджэння Рады бясьпекі ААН 26 верасьня, на якой будзе старшыняваць Трамп, зьяўляецца нераспаўсюджаньне ядзернай, хімічнай і біялягічнай зброі.

Памочнікі Трампа кажуць, што ён будзе пераконваць эўрапейскіх лідэраў, што яго рашэньне выйсьці зь ядзернага пагадненьня 2015 году з Іранам ужо прымусіла многія кампаніі разарваць сувязі з Іранам — нават яшчэ да таго, як у канцы лістапада ўступяць ў сілу штрафы за невыкананьне санкцый з боку ЗША.

Трамп таксама, як чакаецца, папярэдзіць сырыйскага прэзыдэнта Башара аль-Асада адносна выкарыстаньня хімічнай зброі супраць цывільнага насельніцтва ў правінцыі Ідліб і пра тое, што гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы.

Прадстаўнікі адміністрацыі Трампа нядаўна заявілі, што Францыя і Вялікабрытанія ўжо плянуюць вайсковы адказ, калі Асад зноў вернецца да выкарыстаньня хімічнай зброі ў Сырыі.

У кулюарах сэсіі Генэральнай асамблеі ААН Трамп правядзе сустрэчы з ізраільскім прэм’ерам Біньямінам Нэтаньяху, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Тэрэзай Мэй і паўднёвакарэйскім прэзыдэнтам Мун Чжэ Інам, які павінен перадаць асабістае пасланьне ад лідэра Паўночнай Карэі, зь якім Мун сустракаўся на мінулым тыдні.

Але дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо сказаў, што прадстаўнікі адміністрацыі Трампа «пільна сочаць» за тым, што робіць Паўночная Карэя.

«Усё яшчэ доўгі шлях ляжыць да таго моманту, калі старшыня Кім выканае свае абавязаньні, якія ён даў прэзыдэнту Трампу, і да выкананьня патрабаваньняў з боку сьвету, якія запісаныя ў рэзалюцыях Рады бясьпекі ААН, каб ён правёў поўную дэнуклеарызацыю», — сказаў Пампео 23 верасьня.

Пампэо таксама сказаў, што сустрэнецца з расейскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым у Нью-Ёрку на фоне занепакоенасьці Вашынгтону абвешчанымі Масквой пастаўкамі ракетных сыстэм супрацьпаветранай абароны С-300 Сырыі.

Пампэо паведаміў пра гэта ўсяго празь некалькі гадзін пасьля таго, як Расея абвясьціла, што зьбіраецца паставіць комплексы С-300 для паляпшэньня супрацьпаветранай абароны Сырыі і што такі крок зробіць немагчымым паўтарэньне інцыдэнту, калі на мінулым тыдні сырыйцы, спрабуючы адбіць ізраільскі авіяналёт, зьбілі расейскі вайсковы самалёт.

«Мы спрабуем знайсьці любое месца, дзе мы маглі б знайсьці агульную мову, дзе мы маглі б працаваць з расейцамі», — сказаў Пампэо адносна сваёй заплянаванай сустрэчы з Лаўровым, дадаўшы, што Вашынгтон зьверне ўвагу на «адказнасьць» Масквы за многія аспэкты, у якіх Расея працуе супраць ЗША.

Глябальная наркатычная эпідэмія

24 верасьня Трамп прамаўляў на форуме ААН, прысьвечаным глябальнай наркатычнай праблеме, якую прэзыдэнт ЗША лічыць пагрозай для здароўя людзей і бясьпекі.

129 краінаў падпісаліся пад праектам дакумэнту на адну старонку аўтарства ЗША адносна наркатычнай праблемы — гэта было перадумовай удзелу ў пасяджэньні 24 верасьня.

Гэтая не абавязковая да выкананьня заява заклікае краіны распрацаваць свае пляны дзеяньняў для памяншэньня попыту на незаконныя наркотыкі праз адукацыйныя і мэдычныя захады і ўзмацненьне міжнароднага супрацоўніцтва праваахоўных органаў і ведамстваў і сыстэмы аховы здароўя.

Дакумэнт таксама заклікае дзяржавы пакласьці канец незаконнаму абароту і пастаўкам наркотыкаў ды спыніць іх вытворчасьць.

«Незаконны абарот наркотыкаў зьвязаны з арганізаванай злачыннасьцю, ценявымі грашовымі патокамі, карупцыяй і тэрарызмам, — сказаў Трамп у кароткай прамове. — Важна для здароўя грамадзтва і нацыянальнай бясьпекі, каб мы змагаліся з наркатычнай залежнасьцю і паклалі канец ўсім відам кантрабанды і паставак наркотыкаў, якія зьяўляюцца крывяноснай сыстэмай шкодных міжнародных картэляў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG