Блогер з Акцябрскага Андрэй Павук быў затрыманы міліцыяй у жывым эфіры. Ён хацеў прысутнічаць на сэсіі райсавету дэпутатаў. Убачыць на ўласныя вочы, што робяць на сэсіі дэпутаты, не ўдалося. «Вам забаронена тут знаходзіцца», — заявіў міліцыянт і вывеў блогера.
Андрэй Павук упэўнены: дзеяньні міліцыі незаконныя. Паводле закону «Аб мясцовым самакіраваньні», сэсіі саветаў дэпутатаў праводзяцца адкрыта і галосна. На іх маюць права прысутнічаць як чыноўнікі, так і грамадзяне. Такая норма прапісана ў артыкуле 39.
Гэта ня першая спроба блогера трапіць на паседжаньні выканкаму і сэсіі райсавету. Чыноўнікі яго не дапускаюць на нарады. Спасылаюцца, што інфармацыю пра дзейнасьць «вэртыкалі» можна прачытаць у раённай газэце.
«Але я хачу мець поўную і аб’ектыўную інфармацыю пра дзейнасьць нашых уладаў. І маю на гэта права», — упарціцца блогер.
Забарону прысутнічаць на нарадах ён абскардзіў у судзе. Акцябрскі судзьдзя адмовіўся разглядаць справу — узяў самаадвод. Справу перадалі на разгляд у суд Мазырскага раёну. Інстанцыя адхіліла скаргу блогера на дзеяньні чыноўнікаў.
«Я сёньня пішу скаргу ў пракуратуру — на дзеяньні міліцыі. Лічу іх незаконнымі. Рашэньне суду яшчэ не правамоцнае, я яго абскарджваю. На сэсіі і нарады буду прарывацца, бо маю права як грамадзянін там прысутнічаць. Ды і ўрэшце — гэта шоў, відовішча, падпісчыкі майго каналу такое любяць і ставяць мне падабайкі», — пракамэнтаваў Свабодзе Андрэй Павук.
Ён паставіў за мэту зрабіць мясцовую ўладу больш адкрытай для людзей. Сёньня, лічыць блогер, улада закрытая. «На гэты пэрыяд, пакуль няма выбараў, людзі ёй не патрэбны», — зазначыў Павук.
Праваабаронца Леанід Судаленка называе сёньняшняе затрыманьне блогера «адвольным». На карысьць гэтага сьцьверджаньня сьведчыць той факт, што міліцыя не адважылася скласьці адміністрацыйны пратакол. Блогера проста апыталі ў аддзеле.
«Усё заканадаўства — і аб дзяржаўнай службе, і аб кіраваньні, самакіраваньні, і Канстытуцыя — аддаюць прыярытэт правам грамадзяніна, а не дзяржаве. Грамадзянін мае права на атрыманьне інфармацыі, як і прысутнічаць на нарадах і сэсіях мясцовых органаў улады. Чыноўнікі спасылаюцца на рэглямэнт райсавету. Але рэглямэнт ня можа супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству», — лічыць праваабаронца.