Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На судзе блогер сфатаграфаваў загадзя напісаны вырак. Працэс прыпынілі


Андрэй Павук
Андрэй Павук

Блогер Андрэй Павук зьвярнуўся ў суд са скаргай на раённых чыноўнікаў — яго не пускаюць на паседжаньні райвыканкаму і райсавету. На паседжаньні 14 жніўня Павук апублікаваў у фэйсбуку фота аркуша з тэкстам, падобным па зьмесьце да ўжо гатовага судовага рашэньня. Пасьля гэтага судзьдзя ўзяў самаадвод.

Навошта судзіцца?

Паводле заканадаўства, органы мясцовай улады ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць адкрыта і галосна. Андрэй Павук вырашыў скарыстацца сваім правам, каб ведаць аб прыняцьці рашэньняў, якія яго непасрэдна датычаць як грамадзяніна. Але ні на апаратныя нарады ў райвыканкаме, ні на сэсіі ў райсавеце яго не пусьцілі. Павук зьвярнуўся ў суд са скаргай на дзеяньні чыноўнікаў.

Суд загадзя надрукаваў рашэньне?

14 жніўня ў судовым паседжаньні быў перапынак. У гэты час Павук знайшоў на стале пракурора аркуш з тэкстам, падобным да загадзя напісанага выраку.

«Я ня ведаю, як рашэньне суду трапіла на стол да пракурора. Але напэўна гэта кажа пра тое, што рашэньні прымаюцца загадзя. Выходзіць, я дапамагаў Павуку рыхтаваць скаргу, прыехаў за 200 км — каб удзельнічаць у спэктаклі?», — сказаў юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка.

Андрэй Павук лічыць, што судзьдзя і пракурор «расслабіліся».

«Яны падумалі, мабыць — ат, якое глупства, сьмешны Павук, вунь з райвыканкамам вырашыў цягацца! І страцілі пільнасьць», — сказаў блогер.

Судзьдзя ўзяў самаадвод

15 жніўня па справе павінна было быць вынесена рашэньне. Але судзьдзя Ўладзімер Васілеўскі ўзяў самаадвод. Такі крок ён патлумачыў тым, што Павук 14 жніўня выклаў у інтэрнэт «інфармацыю аб наяўнасьці ў пракурора дакумэнта, які заяўнікам быў расцэнены як рашэньне па справе, што выклікала абмеркаваньне ў карыстальнікаў інтэрнэту».

«Паколькі дадзеная публікацыя можа выклікаць у староньняга назіральніка сумневы ў бесстароннасьці судзьдзі, у адпаведнасьці з Бангалорскімі прынцыпамі паводзін судзьдзяў і Грамадзянскім працэсуальным кодэксам судзьдзя заяўляе адвод», — сказаў Васілеўскі на працэсе.

Што пасьпелі сказаць чыноўнікі?

Акцябрскі раённы савет дэпутатаў у судзе прадстаўляла Марыя Пішчала. Яна патлумачыла: блогер не разумее тэрмін «адкрытае паседжаньне».

«Адкрытае — гэта ня значыць адчыніць дзьверы і запрасіць кожнага жадаючага. Усе пытаньні, якія разглядаюцца ў райсавеце, даводзяцца да насельніцтва праз раённую газэту», — падкрэсьліла прадстаўніца райсавету.

Пры гэтым Пішчала адзначыла, што грамадзянам можна прысутнічаць на паседжаньні выканкаму і сэсіі райсавету «з дазволу старшыні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG