Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БелаАЭС заявілі, што ўкамплектавалі кадрамі першы блёк станцыі


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Першы блёк Беларускай АЭС укамплектаваны супрацоўнікамі практычна цалкам, другі — на 50%. Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка вучэбна-трэнавальнага цэнтру Беларускай АЭС Аляксандар Ерын, піша БелТА.

«Першы энэргаблёк практычна цалкам укамплектаваны, застаюцца толькі рабочыя пасады — у асноўным гэта сьлесары, рамонтны пэрсанал, падрыхтоўка якіх займае ня больш за тры месяцы. Другі энэргаблёк часткова таксама ўкамплектаваны, думаю, на 50%. Апэратыўны пэрсанал на другі блёк будзе цалкам набраны у 2019 годзе, рамонтны пэрсанал будзе дадавацца», — расазаў Аляксандар Ерын.

Цяпер на Беларускай АЭС працуюць 1 353 чалавекі, зь іх каля 900 — апэратыўны пэрсанал.

На першым энэргаблёку падрыхтавана 8 зьменаў апэратыўнага пэрсаналу блёкавага пульта кіраваньня. Да канца кастрычніка яны здадуць заключныя іспыты ў адпрацоўцы дзеяньняў у зьмене, а пасьля рэгулярна будуць праходзіць заняткі для падтрымкі кваліфікацыі — 96 гадзін штогод, у тым ліку 60 гадзін для адпрацоўкі практычных дзеяньняў на поўнамаштабным трэнажоры.

Паводле Аляксандра Ерына, на БелАЭС не асьцерагаюцца адтоку кадраў на іншыя атамныя аб’екты.

«Мы не назіраем адтоку кадраў, — адзначыў ён. — Дастаткова высокія заробкі, даецца жыльлё, забясьпечваецца транспарт для дастаўкі на АЭС, ёсьць сацыяльны пакет».​

Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году.

Для Беларускай АЭС выбралі праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200.

Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энергаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.

Літва ня раз ставіла пад сумнеў выбар для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, якая ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні. Краіна ня верыць у надзейнасьць стрэс-тэстаў станцыі, пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюццавыкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG