Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дакумэнты ў нас расейскія». 5 адказаў ад Дзяржатамнагляду на пытаньні пра бясьпеку БелАЭС


Начальніца дэпартамэнту па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы МНС Беларусі (Дзяржатамнагляду) Вольга Лугаўская адказала на пытаньні Свабоды пра бясьпеку АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.

З дапамогай экспэрта Greenpeace у галіне атамнай энэргетыкі Яна Гавэркампа і Тацяны Новікавай з «Экадому» Свабода сфармулявала 5 пытаньняў да Дзяржатамнагляду Беларусі пра бясьпеку АЭС у Астраўцы.

5 пытаньняў да Дзяржатамнагляду ад эколягаў пра бясьпеку АЭС у Астраўцы

10 ліпеня карэспандэнтка Свабоды задала гэтыя пытаньні на прэсавай канфэрэнцыі Дзяржатамнагляду Беларусі.

Дзяржатамнагляд адзначае «пазытыўны эфэкт» ад стрэс-тэстаў

Беларусь у 2016 годзе добраахвотна правяла стрэс-тэсты АЭС, што будуецца пад Астраўцом і паводле пляну павінна быць уведзеная ў дзеяньне ў 2019 годзе (першы блёк).

Сёлета 17 экспэртаў з розных краін, а таксама прадстаўнікі Эўракамісіі і назіральнікі ад МАГАТЭ, Расеі і Ірану правялі партнэрскую праверку вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС. Яны знаходзіліся ў Беларусі з 12 па 16 сакавіка і з 12 па 14 чэрвеня.

Справаздача Групы эўрапейскіх рэгулятараў у сфэры ядзернай бясьпекі (ENSREG) была апублікаваная 4 ліпеня. У дакумэнце на 74 старонках адзначаецца, што група экспэртаў адрасавала беларускаму боку агулам каля 460 пісьмовых пытаньняў, на якія Дзяржатамнагляд адказаў групе перад яе сакавіцкім візытам у Беларусь.

Дзяржатамнагляд сьцьвярджае, што стрэс-тэсты Беларускай АЭС пасьпяхова прайшлі эўрапейскую экспэртызу. Але прызнае, што яны дасьледуюць ня ўсе рызыкі, зьвязаныя зь бясьпекай АЭС, а толькі землятрусы, паводкі, неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Не разглядаюцца тэрарыстычныя атакі, падзеньне самалёта ды іншыя рызыкі.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Свабода атрымала ад Дзяржатамнагляду адказы на найбольш вострыя пытаньні, якія тычацца бясьпекі БелАЭС, у тым ліку падрыхтаваныя з удзелам эколягаў.

1. Якія прэтэнзіі выстаўлялі замежныя экспэрты?

Вольга Лугаўская
Вольга Лугаўская

Начальніца Дэпартамэнту па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы МНС Беларусі (Дзяржатамнагляду) Вольга Лугаўская адказала, што прэтэнзій як такіх не было.

«Я б наагул не ўжывала ў кантэксьце стрэс-тэстаў і любой партнэрскай праверкі такое слова, як „прэтэнзіі“, бо гэта дадатковыя запасы бясьпекі на выпадак непрадбачаных, экстрэмальных, зь вельмі нізкай верагоднасьцю падзей. Напрыклад, сярод рэкамэндацый па рэагаваньні на экстрэмальныя ўмовы надвор’я ёсьць такая: „Дзяжатамнагляду трэба разгледзець вынікі верагоднаснага аналізу бясьпекі“. Ужо сёньня гэты дакумэнт зьяўляецца абавязковым.

Па іншых кірунках нам рэкамэндуюць выкарыстоўваць сымптомна арыентаваныя мэтодыкі. Гэты інструмэнт яшчэ распрацоўваецца, ёсьць прапановы правесьці дадатковую аналітычную працу.

Выканальныя ў прынцыпе ўсе прапановы. Іншыя рэч, наколькі і якім чынам гэтыя прапановы трэба рэалізоўваць», — сказала Лугаўская.

2. Ці вытрымае АЭС землятрус і паводку?

Вольга Лугаўская паведаміла, што цягам 30 гадоў на Нарачы працуе сэйсмастанцыя, а з пачатку праектаваньня і будаўніцтва АЭС былі ўсталяваныя дадатковыя сэйсмапункты.

«Максымальны разьліковы землятрус для нашай станцыі — 7 балаў па 12-бальнай шкале. Насамрэч праектаваньне вядзецца па адпаведных мапах, якія апісваюць розныя сэйсьмічныя ўчасткі зямной кары, і мы адносімся якраз да той катэгорыі, якая адпавядае 7 балам.

Максымальная магнітуда ў раёне станцыі ацэньваецца ў 4,5 бала. Гаворка ідзе пра два даволі блізка разьмешчаныя разломы. Адзін зь іх Ашмянскі, зьвязаны зь землятрусам 1908 году»,— сказала Лугаўская.

Пра абарону ад мэтэарытаў прадстаўнікі Дзяржатамнагляду нічога не сказалі, такая магчымасьць не разглядаецца.

«Што да падтапленьня, паводкі, у нас канфігурацыя разьмяшчэньня атамнай станцыі такая, што мы маем 50 мэтраў запасу пад’ёму вады. Ацэньваліся і нізкія, і высокія тэмпэратуры: мінус 50 градусаў зімой і плюс 50 летам», — запэўніла кіраўніца Дзяржатамнагляду.

3. Ці разглядалася магчымасьць тэрактаў і падзеньня самалёта?

Лугаўская сказала, што стрэс-тэсты дасьледуюць ня ўсе рызыкі, зьвязаныя з АЭС, а толькі 5 пытаньняў: землятрусы, паводкі, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, вонкавыя прычыны (калі зьнікне энэргазабесьпячэньне ці адвод цяпла).

«Не разглядаюцца тэрарыстычныя атакі, падзеньне самалёта ды іншыя рызыкі. Што тычыцца тэрактаў, гэта не было прадметам вывучэньня. Гаворка ідзе толькі пра прыродныя ўзьдзеяньні», — кажа Вольга Лугаўская.

4. Ці выдзяляюцца дадатковыя сродкі на бясьпеку БелАЭС?

Пытаньні выдзяленьня дадатковых сродкаў не разглядаюцца, сказала кіраўніца Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская.

«У дадзеным выпадку наша асноўная задача — ацаніць бясьпеку на адпаведнасьць тым патрабаваньням, якія мы вызначаем у краіне. Існуюць розныя спосабы іх рэалізацыі. І тут задача — знайсьці самы аптымальны, можа, і самы танны спосаб, той, які забясьпечыць іх выкананьне. Усе патрабаваньні бясьпекі закладзеныя ў нашых нарматыўных дакумэнтах, і мы адказваем за тое, што яны будуць выконвацца. Так што казаць пра тое, што неабходна яшчэ штосьці дадаваць, няма сэнсу. Тым больш, мы будуем новую станцыю. У тым ліку і эўрапейскія экспэрты абазначылі шэраг перавагаў, навацый праекту, які даказваюць, што гэта праект сучасны. Таму пытаньне ня ў грошах, а ў няўхільным выкананьні патрабаваньняў бясьпекі»,— сказала Лугаўская.

5. Як адрозьніваюцца патрабаваньні бясьпекі ў Беларусі і Фінляндыі, дзе будоўлю АЭС спынілі?

Атамную станцыю «Ханхіківі» ў Фінляндыі, як і Беларускую АЭС, узводзіць падразьдзяленьне «Росатома» — кампанія «Атомстройэкспорт». Фінскае ўпраўленьне радыяцыйнай і ядзернай бясьпекі не дало станоўчага заключэньня аб расейскім праекце, выказала шмат заўваг, патрабуе ўдасканаленьня дакумэнтацыі. І будоўля была замарожаная ўжо 2 гады. Чаму беларусаў цалкам задавальняе той самы праект?

Вольга Лугаўская, адказваючы на гэтае пытаньне, пацьвердзіла, што ў Фінляндыі і Беларусі выкарыстоўваецца адзін і той жа праект: АЭС-2006 — гэта тыпавы расейскі праект атамнай станцыі.

«Шэраг асноўных дакумэнтаў у галіне бясьпекі ў нас расейскія. Патрабаваньні бясьпекі і падыходы да іх рэалізацыі сфармуляваныя ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. У нас такі шлях. А Фінляндыя — краіна, у якой зусім іншая прававая база, зусім іншыя дакумэнты.

Хачу падкрэсьліць, што сам праект, падыходы і канцэпцыя бясьпекі аднолькавыя, спосабы рэалізацыі — розныя. Я не сказала б адназначна, што ў Фінляндыі лепш, а ў Беларусі горш, і тут мы ўсё прымаем. Патрабаваньні бясьпекі паўсюль аднолькава жорсткія. Ну, у іх ёсьць свае падыходы», — сказала Вольга Лугаўская.

Беларуская АЭС: спыніць нельга палепшыць. Дзе паставіць коску?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG