Абноўлена: Паводле БелТА, афіцыйная частка перамоваў завяршылася, ды Пуцін і Лукашэнка працягнулі перамовы ў фармаце працоўнага абеду. Як сьцьвярджае Gazeta.ru, афіцыйныя перамовы цягнуліся тры гадзіны, але афіцыйных заяваў па іх выніках не плянуецца. А РИА Новости піша, што Пуцін і Лукашэнка акрамя перамоваў таксама пакаталіся ў электракарах па рэзыдэнцыі, паелі шэрбэт з талерачак з міні-кавуноў.
Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на вырашэньне да канца 2018 году ўсіх спрэчных пытаньняў, якія стаяць на беларуска-расейскім парадку дня. Пра гэта ён заявіў у Сочы на пачатку перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, піша БелТА.
Перамовы пачаліся каля 15-й, са спазьненьнем амаль на дзьве гадзіны — адпачатку яны былі заплянаваныя на 13-ю. Перад гэтым сустракаліся прэм’ер-міністры Дзьмітрый Мядзьведзеў і Сяргей Румас.
«Мне кіраўнік нашага ўраду дакладваў пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Расеі: вельмі цікавыя ёсьць выхады на рашэньне многіх момантаў, — адзначыў Аляксандар Лукашэнка. — І калі мы будзем рухацца ў гэтым кірунку, я ўпэўнены, што да канца году практычна ўсе пытаньні разьвяжам. Хоць некаторыя зь іх і складаныя, паколькі завязаныя на вялікія фінансавыя плыні. Тым ня менш, іх трэба вырашаць — і ў сельскай гаспадарцы, і ў нафтагазавай сфэры».
Уладзімір Пуцін адзначыў, што падчас жнівеньскай сустрэчы ў Сочы яны дамовіліся з Аляксандрам Лукашэнкам пра сустрэчу ў больш шырокім складзе — тым больш, што ў беларускім урадзе адбыліся істотныя зьмены.
«Нам трэба зьверыць гадзіньнікі па некаторых пытаньнях, асобныя зь іх „даўрэгуляваць“, — сказаў Пуцін. — Зусім нядаўна ўзьнікала шмат спрэчак па шэрагу кірункаў. Скажам, у галіне сельскай гаспадарцы, па энэргетычных пытаньнях нам трэба некаторыя кропкі над „і“ расставіць. Таму дамовіліся, што сустрэнемся ў шырокім складзе».
У перамовах з расейскага боку таксама бяруць удзел прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў, віцэ-прэм’еры Аляксей Гардзееў і Дзьмітрый Козак, міністар фінансаў Антон Сілуанаў, а таксама амбасадар Расеі ў Беларусі, спэцпрадстаўнік прэзыдэнта па разьвіцьці гандлёва-эканамічных сувязяў Міхаіл Бабіч.
Ад Беларусі задзейнічаныя прэм’ер-міністар Сяргей Румас, намесьнікі кіраўніка ўраду Ігар Ляшэнка, Ігар Петрышэнка, Міхаіл Русы, міністар замежных спраў Уладзімер Макей.
Расея застаецца асноўным гандлёвым партнэрам Беларусі. Па выніках 2017 году таваразварот перавысіў 32 мільярды даляраў і ў параўнаньні з папярэднім годам павялічыўся на 23%.